Дата нараджэння:
27.09.1903 Бабруйск, г., Магілёўская вобласць
Дата смерці:
04.12.1942 Віцебск, г.
Кароткая даведка:
удзельніца грамадзянскай вайны 1918–1920 гг., дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, публіцыст, адна з арганізатараў і кіраўнікоў падполля ў Віцебску ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1960), узнагароджана ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР
Імёны на іншых мовах:
Хоружая Вера Захаровна (руская); Хорунжая Вера Захаровна (руская);
4407 сімвалаў
Даведка
Нарадзілася Вера Захараўна Харужая 7 верасня 1903 г. у Бабруйску. Праз некаторы час сям’я перасялілася ў Мазыр, дзе дзяўчынка атрымала адукацыю ў гімназіі і ў школе II ступені, якую скончыла ў 1919 г. Першы час працавала настаўніцай. У 1920 г. удзельнічала ў антыпольскім партызанскім руху, працавала загадчыцай палітпрасветаддзела Мазырскага, затым Бабруйскага павятовых камітэтаў камсамола. Была членам рэдкалегіі газеты “Малады араты”, супрацоўнікам часопіса “Полымя”, газеты “Чырвоная змена”. У 1923 г. скончыла Цэнтральную савецка-партыйную школу ў Мінску.
У 1924–1932 гг. В. Харужая, з’яўляючыся сакратаром падпольнага ЦК КСМ Заходняй Беларусі і членам ЦККСМ Польшчы, актыўна выступала ў нелегальным друку, на мітынгах, пісала тэксты лістовак і заклікаў. Яна арганізавала выданне падпольнай газеты “Малады камуніст”. У суровых умовах самавольства паліцыі В. Харужая стварала рэвалюцыйныя маладзёжныя аб’яднанні, аб’ездзіла шмат гарадоў і мястэчак Заходняй Беларусі, была ў Брэсце, Гродне, Беластоку, Слоніме, Кобрыне і іншых гарадах. 15 верасня 1925 г. арыштаваная, пасля допытаў і катаванняў прысуджаная судовымі працэсамі ў Брэсце і Беластоку на 8 гадоў зняволення. Сем доўгіх гадоў падпольшчыца знаходзілася ў Беластоцкай, а затым у цэнтральнай жаночай турме “Фардон” на Памор’і. З-за кратаў вяла перапіску з роднымі і паплечнікамі па барацьбе. У 1930-я гг. частка яе лістоў была сабрана ў кнігу “Лісты на волю” і выдадзена на беларускай, рускай, польскай мовах.
У 1932 г. у выніку абмену палітвязнямі Вера Харужая вярнулася ў Мінск, працавала ў выканкаме Камінтэрна рэферэнтам, потым рэдактарам. Для выдавецтва ЦК КПЗБ пісала заклікі, артыкулы, брашуры. У сакавіку 1935 г. В. Харужая была накіравана ЦК ВКП(б) у Алма-Ату для ўдзелу ў будаўніцтве Балхашскага горна-металургічнага камбіната. Да кастрычніка 1939 г. працавала там інструктарам гаркама і загадчыцай дома партыйнай асветы. 10 жніўня 1937 г. з-за паклёпніцкіх звестак арыштавана органамі НКУС. Пасля двух гадоў зняволення была цалкам апраўдана і вызвалена 15 жніўня 1939 г.
Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны В. Харужая працавала ў райкаме ў Целяханах, пазней – у Пінскім абкаме. З пачатку вайны – яна ў партызанскім атрадзе В.З. Каржа, з вясны 1942 г. – у апараце ЦК КП (б)Б у Маскве. У верасні 1942 г. В. Харужая са спецыяльным заданнем на чале групы падпольшчыкаў была накіравана ў акупіраваны Віцебск, дзе стварыла цэнтр для кіраўніцтва дзеючымі на той момант у горадзе 56 падпольнымі групамі.
Лёс Веры Захараўны ў падполлі трагічны. Яна пяць тыдняў дзейнічала ў тыле ворага. Яе група правяла шмат дыверсій на чыгунцы, заводах, збірала разведданыя для камандавання савецкіх войскаў, рыхтавала дыверсіі на аэрадроме, чыгуначным вакзале, арганізавала выбух у кінатэатры для фашыстаў. ГФП-703 (Віцебская група тайнай палявой паліцыі) доўга шукала няўлоўных падпольшчыкаў. 13 лістапада 1942 г. з-за здрады В. Харужую разам з іншымі ўдзельнікамі падпольнай групы схапілі на явачнай кватэры сям’і Вараб’ёвых. На допытах арыштаваных па-зверску пыталі. Вера Харужая паводзіла сябе мужна і гераічна. Яна загінула ў гестапаўскіх засценках у снежні 1942 г. На думку даследчыкаў, разам з іншымі арыштаванымі падпольшчыцамі была расстраляная на тэрыторыі канцлагера «5-ы полк» – былога 5-га чыгуначнага палка.
Імя Веры Захараўны Харужай назаўжды застанецца сярод слаўных імёнаў Айчыны. Усё яе жыццё – подзвіг, прыклад сапраўднай мужнасці і годнасці. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 17 мая 1960 “за актыўны ўдзел у рэвалюцыйнай дзейнасці і праяўлены гераізм у барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў” ёй прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Акрамя Залатой Зоркі Героя Савецкага Саюза яна ўзнагароджана ордэнамі Леніна і Чырвонага Сцяга. У памяць аб адважнай падпольшчыцы ў Віцебску адна з вуліц і сярэдняя школа № 19 названыя яе імем, у двары сярэдняй школы № 31 усталяваны бюст. У шэрагу іншых беларускіх гарадоў і ў горадзе Балхаша яе імя носяць вуліцы і плошчы, устаноўлены помнікі і мемарыяльныя дошкі. Жыццю і подзвігам В. Харужай прысвечаны дакументальны фільм “Письма в бессмертие” і мастацкі “Письма к живым”, 2-я сімфонія кампазітара Кіма Цесакова, экспанаты музея сярэдняй школы № 73 у Мінску. У яе гонар у 1964 г. была выпушчана паштовая марка. Веры Харужай прысвечана шмат кніг. Вядомыя паэты Беларусі Я. Купала, М. Чарот, М. Лужанін і іншыя склалі пра яе нямала цудоўных радкоў.