Кароткая даведка:
скульптар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1974), Дзяржаўнай прэміі СССР (1977), кавалер ордэна Ф. Скарыны
Імёны на іншых мовах:
Zaspitsky Andrei Mikhailavitch (не вызначана); Заспицкий Андрей Михайлович (руская);
3025 сімвалаў
Даведка
Сярод класікаў беларускага выяўленчага мастацтва пачэснае месца займае скульптар Андрэй Міхайлавіч Заспіцкі. Шматлікія помнікі, бюсты, барэльефы, мемарыяльныя дошкі, створаныя майстрам, сталі сапраўдным упрыгожаннем будынкаў і паркаў у розных кутках нашай краіны.
Нарадзіўся А. Заспіцкі ў г. Мазовец (Польшча) у сям'i мастака-лiтографа i настаўнiцы музыкi. Дзіцячыя гады прайшлі ў Варшаве, дзе яго здольнасці да творчасці былі заўважаны і атрымалі развіццё на курсах лепкі і малявання. У пачатку Другой сусветнай вайны разам з бацькамі пераехаў у Мінск. Наведваў заняткі ў Доме народнай творчасці, вучыўся ў мастацкай школе пры Інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна ў Ленінградзе (1940–1941). Выкананыя маладым майстрам партрэт Ф. Дзяржынскага, кампазіцыі «Бежанцы» і «Трывога на караблі» былі прадстаўлены ў 1940 г. на выстаўцы І Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве, дзе атрымалі публічнае прызнанне. У гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў эвакуацыі, потым служыў у войску. Пасля дэмабілізацыі вучыўся і працаваў у майстэрні скульптара А. Глебава ў Мінску (1948–1956), пачаў актыўна ўдзельнічаць у мастацкіх выстаўках, стаў членам Беларускага саюза мастакоў.
Дыяпазон творчасці А. Заспіцкага даволі шырокі. Сярод тэм, што захаплялі мастака, – Вялікая Айчынная вайна, мірнае будаўніцтва і стваральная праца. Яго героі – мужныя, самаадданыя, часам бунтарскія асобы. Майстар стварыў шэраг невялікіх сцэн ваенных будняў – «Партызан-падрыўнік» і «Партызан адпачывае» (1957), «Пасядзім на развітанне» (1958), «Сяброўства» (1964), «Партызанскія сцежкі» (1968). Вытворчай тэматыцы прысвяціў скульптуры «Ленінскае слова», «Вышыннікі», «Інжынер» (1950-я гг.), «Будаўніца» (1960), «Калгасніца» (1962), «Гімнасткі» (1971). Па-майстэрску перадаўшы эпоху, характар творчасці і духоўны свет герояў, у гіпсе і метале выканаў станковыя і манументальныя партрэты вядомых дзеячаў мастацтва: Цёткі (А. Пашкевіч), Ф. Шапэна, М. Багдановіча, А. Глебава, В. Цвіркі, У. Мулявіна, Е. Лось, Я. Зайцава. Разам са скульптарамі А. Анікейчыкам, Л. Гумілеўскім, І. Міско, М. Рыжанковым, А. Фінскім працаваў над буйнымі праектамі. Сярод найбольш вядомых сумесных прац – помнікі К. Цыялкоўскаму (1965), Я. Купалу (1972), М. Горкаму (1981), А. Міцкевічу (2003) у Мінску, Ф. Скарыну ў Полацку (1973), манумент у гонар Маці-патрыёткі ў Жодзіне (1975), мемарыял у гонар вызвалення Маладзечна (1989), мемарыяльны знак у памяць ахвяр фашызму ў Стоўбцах (1992) і інш. Некаторыя творы скульптара захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску і фондзе Беларускага саюза мастакоў. Адзін з калідораў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўпрыгожвае рэльеф «Гусляр», створаны мастаком у 2006 г.
Майстэрства скульптара высока ацэнена дзяржавай. У 1977 г. А. Заспіцкі ўдастоены звання заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. Ён з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР (1974) і Дзяржаўнай прэміі СССР (1977), узнагароджаны ордэнам Ф. Скарыны (2010).