Галіна (дзявочае прозвішча Грудзінская, па мужу Александроўская) Вольга Уладзіміраўна
Дата нараджэння:
23.03.1899 Жалудок, г. п., Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерці:
04.12.1980 Мінск, г.
Кароткая даведка:
актрыса, педагог, народная артыстка Беларусі
Псеўданімы:
Галина Ольга Владимировна; Галіна Вольга Уладзіміраўна
Дзявочае імя:
Грудзінская Вольга Уладзіміраўна
Варыянты імя:
Александроўская Вольга Уладзіміраўна
Імёны на іншых мовах:
Александрович Ольга Владимировна (руская); Грудинская Ольга Владимировна (руская);
4250 сімвалаў
Даведка
Яркай старонкай у гісторыі тэатральнага мастацтва Беларусі з’яўляецца творчасць Вольгі Уладзіміраўны Галіны (сапраўднае прозвішча Грудзінская, па мужу Александроўская). Яна атрымала славу артысткі вялікай сцэнічнай культуры, выключна тонкага густу.
Нарадзілася В. Грудзінская ў мястэчку Жалудок Лідскага павета Віленскай губерні (цяпер гарадскі пасёлак Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці) у сям’і настаўніка. У 1906 г. бацькі пераехалі ў Вільню. У 1914 г. сям’я эвакуіравалася ў Тулу. Там Вольга вучылася спачатку ў гімназіі, затым паступіла ў тэатральную студыю. Адначасова працавала ў статыстычным упраўленні. Акцёрскую дзейнасць пачала ў 1917 г. у аматарскіх калектывах Тулы. На сцэне аматарскага тэатра яна сыграла адну з сваіх першых роляў (Вера ў п’есе «Свавольнік» І. Крылова). Пэўны поспех маладой актрысе прынеслі вобразы Мелі («Мараль пані Дульскай» Г. Запольскай) і Наталлі («Васа Жалязнова» М. Горкага). У 1919 г. яна пераехала ў г. Ахтырка і ўступіла ў акцёрскую трупу Народнага дома, дзе ў асноўным выконвала ролі прывабных, наіўных дзяўчын. Асабліва запамінальнай стала Воля з п’есы Л. Андрэева «Дні нашага жыцця». У 1921–1922 гг. выступала ў трупе палітаддзела 45-й стралковай дывізіі. Пасля таго, як трупу расфарміравалі, была настаўніцай у сельскай школе. У 1923 г. пачала працаваць у Беларускім дзяржаўным тэатры, паспяхова выканала ролю Ганны ў спектаклі Е. Міровіча «Машэка». З гэтага часу яна стала выкарыстоўваць псеўданім Галіна. У 1923–1929 гг. стварыла шэраг значных драматычных вобразаў ‒ Соф’я («Запяюць верацёны» Е. Міровіча), Дарымена, Анжэліка («Мешчанін у дваранах» і «Жорж Дандэн» Ж.-Б. Мальера), Яворская («Мост» Я. Рамановіча), Інга («Інга» А. Глебава) і інш. Актрыса дасканала перадавала ўнутраны стан сваіх гераінь, з кожным новым спектаклем фарміравала творчую індывідуальнасць. Створаныя ёй вобразы вызначаліся інтэлектуальнасцю, багаццем і шматграннасцю сцэнічных характарыстык. У пастаноўках «Над Нёманам» М. Грамыкі і «Міжбур’е» Д. Курдзіна актрыса сыграла простых жанчын з народа.
Найбольш паспяхова В. Галіна выступала ў ролях класічнага рэпертуару, якія засведчылі творчую сталасць актрысы. Сярод іх ‒ Эльга («Эльга» Г. Гаўптмана), Купавіна («Ваўкі і авечкі» А. Астроўскага), Соф’я Каламійцава («Апошнія» М. Горкага), Ранеўская, Аркадзіна («Вішнёвы сад» і «Чайка» А. Чэхава), сіньёра Капулеці («Рамэа і Джульета» У. Шэкспіра), Тэадора («Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэгі) і інш. Актрыса дасканала перадавала на сцэне вобраз жанчыны-маці, яе мужнасць, гераізм, самаахвярнасць. Асаблівай чалавечнасцю, духоўнасцю вылучаліся ролі Мар’і Тарасаўны («Платон Крэчат» А. Карнейчука), Марыі Львоўны Паляжаевай («Неспакойная старасць» Л. Рахманава), Марыі Мікалаеўны («Рускія людзі» К. Сіманава), Ганны Андрэеўны і Ніны Пятроўны («Таварыш Андрэй» і «Палешукі» Я. Рамановіча), Алены Мікалаеўны Кашавой («Маладая гвардыя» А. Фадзеева), Марыі Аляксандраўны Ульянавай («Сям’я» І. Папова). Тонкім гумарам, сатырычнасцю вызначаліся характарныя ролі, якія былі сыграны В. Галінай у апошнія гады творчай дзейнасці: Барабашова («Праўда добра, а шчасце лепш» А. Астроўскага), Цалаваньева («Зыкавы» М. Горкага), пані Дэндальская («Дамы і гусары» А. Фрэдры), Пампеева («Гібель Пампеева» М. Вірты). Апошняй яе роляй была Ганна Дзмітрыеўна Карэніна ў спектаклі «Жывы труп» Л. Талстога. Гэта работа стала сапраўдным трыумфам артысткі, вяршыняй яе творчага майстэрства. У 1962 г. В. Галіна завяршыла сцэнічную кар’еру. Пазней у Слонімскім народным тэатры яна сыграла Соф’ю Каламійцаву ў пастаноўцы па п’есе М. Горкага «Апошнія».
Актрыса праявіла сябе як таленавіты педагог. Яна выкладала ў адкрытых пры Купалаўскім тэатры студыях (1936‒1938, 1945‒1948, 1956‒1958), Беларускім дзяржаўным тэатральным інстытуце (1948‒1955, 1960‒1963), аказвала дапамогу калгасным драматычным тэатрам, была кансультантам Барысаўскага і Цімкавіцкага народных тэатраў. Вольга Галіна з’яўляецца аўтарам артыкулаў па розных пытаннях тэатральнага мастацтва, рэцэнзій на спектаклі, успамінаў і інш.
За вялікія творчыя дасягненні В. Галіна ўдастоена ганаровага звання народнай артысткі БССР (1946). Яна была ўзнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» (1940) і ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1948, 1955).