Дата нараджэння: 20.06.1899 Заполле, вёска, Глускі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерці: 27.05.1977 Мінск, г.
Кароткая даведка: акцёр, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1946), ганаровы грамадзянін Віцебска, узнагароджаны двума ордэнамі "Знак Пашаны", ордэнам Працоўнага Чырвонага сцяга
Варыянты імя: Сяргейчык Цімох
Імёны на іншых мовах: Сергейчик Тимофей Николаевич (руская);
Цімафей Мікалаевіч Сяргейчык – старэйшы і адзін з найбольш вядомых акцёраў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа. За доўгае сцэнічнае жыццё ён сыграў шмат розных роляў – галоўных і эпізадычных, драматычных і камедыйных. Многія з іх вызначаліся яркім выканальніцкім майстэрствам, абсалютнай верагоднасцю, дакладнасцю і натхнёнасцю.
Нарадзіўся Ц. Сяргейчык у в. Заполле Бабруйскага павета Гарадкоўскай воласці Мінскай губерні (цяпер Глускі раён Магілёўскай вобласці) у сялянскай сям’і. Пасля заканчэння двухкласнага вучылішча паступіў у Полацкую настаўніцкую cемінарыю. У канцы 1918 г. Ц. Сяргейчык перавёўся ў Бабруйскую семінарыю, у якой захапіўся маляваннем, тэатрам і музыкай. У 1919 г. ён добраахвотнікам пайшоў у Чырвоную армію. Служыў у продатрадзе і прымаў актыўны ўдзел у гуртках мастацкай самадзейнасці: ставіў і сам афармляў спектаклі, з захапленнем выконваў розныя ролі. У 1922 г. дэмабілізаваўся і пачаў працаваць загадчыкам клуба на шкляным заводзе «Камінтэрн». Праз год паступіў у Беларускую драматычную студыю ў Маскве. Там выкладалі вядомыя артысты і рэжысёры – В. Смышляеў, Б. Афонін, С. Гіяцынтава і інш. Першай роллю, якую Ц. Сяргейчык выканаў у студыі, быў Каваль у народнай трагедыі «Цар Максімілян». У час вучобы ён іграў пераважна характарных герояў – афінскага майстра Пігву ў камедыі «Сон у летнюю ноч» У. Шэкспіра, Блакса ў п’есе «Эрас і Псіхея» Е. Жулаўскага і інш. Студыйныя пастаноўкі вызначаліся яркай тэатральнасцю, вытанчаным мастацкім і пластычным вырашэннем, сімволіка-алегарычнай мовай. Яны навучылі акцёра ствараць вобраз і пераўвасабляцца, раскрываць характар героя, валодаць тэхнікай выканання, адчуваць партнёра.
У 1926 г. з выпускнікоў Беларускай драматычнай студыі ў Віцебску быў арганізаваны Другі беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-2). На яго сцэне Ц. Сяргейчык іграў на працягу амаль пяцідзесяці гадоў. У стварэнні многіх вобразаў акцёру дапамагаў уласны жыццёвы вопыт. Гэта праявілася ўжо ў першай ролі Войта ў спектаклі «У мінулы час» І. Бэна. Працуючы над ёй, артыст успамінаў расказы свайго дзеда пра паноў, цівуноў і войтаў. У спектаклі «Першая Конная» паводле У. Вішнеўскага Ц. Сяргейчык выканаў адразу некалькі эпізадычных роляў і для кожнай знаходзіў адметныя рысы. Роля капітана Бярсенева ў драме «Разлом» Б. Лаўранёва стала этапнай у творчасці акцёра, прынесла яму поспех і прызнанне.
Найбольш ярка раскрыўся акцёрскі талент Ц. Сяргейчыка ў п’есах беларускіх драматургаў. У 1936 г. у спектаклі «Вечар беларускіх вадэвіляў» ён выканаў ролю Сцяпана Крыніцкага. Акцёр падкрэсліў адмоўныя рысы персанажа: яго дэспатызм, непрыманне новага. У ролі Лявона Зябліка (п’еса «Раскіданае гняздо» Я. Купалы) паказаў глыбокі трагізм становішча селяніна дарэвалюцыйнага часу. З асаблівым поспехам выконваў Ц. Сяргейчык ролю шкаляра Самахвальскага ў спектаклі «Несцерка» В. Вольскага. Псіхалагічна дакладна іграў ён людзей з народа: дзеда Мікіту, Саўку Мільгуна («Вайна вайне», «У пушчах Палесся» Я. Коласа), Мікалая Міхалковіча («Ірынка» К. Чорнага), Баруту («Людзі і д’яблы» К. Крапівы), Бокуця («Пагібель воўка» Э. Самуйлёнка), Азорыча («Над Бярозай-ракой» П. Глебкі) і інш.
Высокім майстэрствам адзначаны работы Ц. Сяргейчыка ў рускім класічным рэпертуары: Восіп («Рэвізор» М. Гогаля), Васьмібратаў, Кучумаў, Градабоеў, («Лес», «Шалёныя грошы», «Гарачае сэрца» А. Астроўскага), Дасцігаеў, Якаў Бардзін, Лука («Ягор Булычоў і іншыя», «Ворагі», «На дне» М. Горкага), Мурамскі («Вяселле Крачынскага» А. Сухаво-Кабыліна), Кулыгін («Тры сястры» А. Чэхава) і інш. Сярод пастановак, у якіх іграў Ц. Сяргейчык, асобнае месца займалі п’есы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. У спектаклі «Нашэсце» Л. Лявонава акцёр бліскуча выканаў ролю доктара Таланава; станоўча ўспрымалі гледачы яго Васіна («Рускія людзі» К. Сіманава), дзеда Астапа і Коласа («Партызаны ў стэпах Украіны» і «Фронт» А. Карнейчука). Запамінальнымі сталі вобразы, створаныя Ц. Сяргейчыкам у п’есах замежных аўтараў. Сярод іх – Мілер («Каварства і каханне» Ф. Шылера), Феліцыян («Мараль пані Дульскай» Г. Запольскай), палкоўнік Бушэ («Гаіці» У. Дзюбуа), Штэфан Петрыч («Любоў на світанні» Я. Галана) і інш.
За сваё творчае жыццё Ц. Сяргейчык сыграў больш за 200 роляў. Акрамя акцёрскай працы займаўся рэжысурай. Самастойна паставіў 17 спектакляў. Сярод іх – «Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча (1928), «Дзеці Ванюшына» С. Найдзёнава (1938), «Ірынка» К. Чорнага (1941) і «Блудны сын» Э. Ранета (1958). На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў Ц. Сяргейчык з’яўляўся мастацкім кіраўніком драматычных студый, якія былі адкрыты пры тэатры, дзе выкладаў сцэнічнае майстэрства. Ён падрыхтаваў шмат выдатных акцёраў. Сярод іх – З. Канапелька, М. Яроменка, Г. Арлова, В. Петрачкова, Г. Каралькова і інш.
У 1966 г. выйшла кніга Ц. Сяргейчыка «Нататкі акцёра», у якой ён успамінаў сваё дзяцінства і юнацтва, дзяліўся сцэнічным вопытам. Апошнія гады жыцця Цімафей Мікалаевіч правёў у Мінску. Пісаў артыкулы пра вядомых артыстаў, працаваў над аўтабіяграфічнай навелай «На заходзе сонца», якая засталася незавершанай. Памёр 27 мая 1977 г., пахаваны на Паўночных могілках.
За вялікі ўклад у беларускае сцэнічнае мастацтва Ц. Сяргейчыку ў 1944 г. было прысвоена званне народнага артыста БССР. У 1946 г. акцёр стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР за стварэнне вобраза шкаляра Самахвальскага. Ён з’яўляецца ганаровым грамадзянінам Віцебска.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.