Кароткая даведка:
урач, грамадскі дзеяч, арганізатар шпітальнага абслугоўвання ў Мінскай губерні, заснавальнік першага ў Беларусі вучылішча для сляпых дзяцей і школы ўрачэбнай і гігіенічнай гімнастыкі, кавалер ордэнаў Св. Станіслава ІІ і ІІІ ст., Св. Ганны ІІІ ст., Св. Уладзіміра ІV ст.
Імёны на іншых мовах:
Зданович Иван Устинович (руская); Зданович Иван Юстинович (руская);
3767 сімвалаў
Даведка
Значную ролю ў развіцці сістэмы аховы здароўя ў Мінску ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. адыграў выдатны ўрач, падзвіжнік медыцыны і грамадскі дзеяч Іван Усцінавіч Здановіч.
Нарадзіўся ён у Мінску ў сям’і выкладчыка фізікі і матэматыкі Мінскай духоўнай семінарыі. Пасля заканчэння Мінскай класічнай гімназіі паступіў на медыцынскі факультэт Кіеўскага Імператарскага ўніверсітэта Святога Уладзіміра. У час стажыроўкі ў Францыі і Германіі вывучаў тэхніку масажу і аздараўленчую гімнастыку. У 1890 г. вярнуўся на радзіму, пачаў працаваць выязным сельскім урачом па Барысаўскім і Мінскім паветах Мінскай губерні. У далейшым абслугоўваў гарадскія багадзельні і прытулкі, служыў гарадавым урачом, адкрыў прыватную ўрачэбную практыку. У 1904 г. І.У. Здановіч быў прызначаны галоўным урачом Мінскай губернскай земскай бальніцы. За гады кіраўніцтва ўстановай шмат зрабіў для ўдасканальвання яе працы: дабіўся ад гарадскіх улад усталявання дэзынфекцыйнай камеры і рэнтгенаўскага апарата, арганізаваў бактэрыялагічную лабараторыю, замяніў абсталяванне аперацыйных пакояў і медыцынскія інструменты, набыў прылады для электралячэння, распрацаваў фільтр для ачысткі пітной вады і інш. Адначасова аказваў бясплатную медыцынскую дапамогу ў інтэрнаце Рускага жаночага гуртка, жаночым манастыры, дзіцячым прытулку Мінскага дабрачыннага таварыства і іншых гарадскіх установах.
Разам з непасрэднымі ўрачэбнымі заняткамі І.У. Здановіч шмат рабіў для распаўсюджвання медыцынскіх ведаў: выкладаў гігіену ў Марыінскай жаночай гімназіі, чытаў лекцыі на курсах сясцёр міласэрнасці, арганізаваў пры бальніцы Прыказа грамадскай апекі курсы лячэбнага масажу, заснаваў школу ўрачэбнай і гігіенічнай гімнастыкі, у якасці сапраўднага члена Таварыства мінскіх урачоў рэгулярна выступаў з паведамленнямі на яго пасяджэннях і інш. Вельмі актыўна займаўся дабрачыннай і грамадскай дзейнасцю. Сярод найбольш значных яго дасягненняў: стварэнне і поўнае абсталяванне гарадскога радзільнага прытулку з магчымасцю лячэння жаночых захворванняў (1895), адкрыццё народнай чайной, заснаванне і шматгадовае кіраўніцтва вучылішчам для сляпых, дзе невідушчыя хлопчыкі атрымлівалі адукацыю і навучаліся рамёствам (1897). У 1907 г. І.У. Здановіч садзейнічаў будаўніцтву пры вучылішчы сляпых царквы ў гонар абраза «Усіх, хто смуткуе, Радасць», падрыхтаваў эскізы і сам зрабіў разьбяныя ўпрыгожанні для аздобы царкоўнага інтэр’ера. Ва ўласнай сядзібе пад Мінскам арганізаваў невялікую лячэбную ўстанову для хворых на страўнікава-кішачныя захворванні з выкарыстаннем мясцовай мінеральнай вады. Для зручнасці пацыентаў дабіўся дазволу на спыненне цягнікоў каля лекавай крыніцы і спецыяльна для гэтага пабудаваў у 1909 г. чыгуначны прыпынак «Платформа Здановіча». Выконваў грамадскія абавязкі: з’яўляўся земскім дэпутатам, членам гарадской думы, тэатральнай камісіі і выдавецкага савета газеты «Минская Речь», супрацоўнічаў з часопісам «Самообразование», быў афіцыйным прадстаўніком ад Мінскай губерні на пасяджэннях Савета па справах мясцовага законапраекта ў Санкт-Пецярбургу.
За сваю шматгранную прафесійную і грамадскую дзейнасць І.У. Здановіч удастоены чына стацкага саветніка і асабістай падзякі імператрыцы Марыі Фёдараўны, узнагароджаны ордэнамі Святога Станіслава ІІ і ІІІ ступеняў, Святой Ганны ІІІ ступені, Святога Уладзіміра ІV ступені. З цягам часу вакол яго загараднай сядзібы на беразе Свіслачы вырас пасёлак (цяпер аграгарадок і аднайменная чыгуначная станцыя Ждановічы), а курорт, арганізаваны ўрачом, быў пераўтвораны ў санаторый «Крыніца». У цяперашні час імя ўрача прысвоена школе № 188 г. Мінска для дзяцей з парушэннем зроку, там жа ўсталявана мемарыяльная дошка ў яго гонар. У фондах Музея гісторыі медыцыны Беларусі захоўваюцца дакументы і асабістыя рэчы І.У. Здановіча.