Дата нараджэння:
19.09.1914 Чарнарэчка, в., Дрыбінскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерці:
16.06.1974
Кароткая даведка:
вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1974)
Імёны на іншых мовах:
Коновалов Евмений Григорьевич (руская);
3950 сімвалаў
Даведка
Яўмен Рыгоравіч Канавалаў нарадзіўся ў в. Чарнарэчка Чавускага павета Магілёўскай губерні (цяпер Дрыбінскі раён Магілёўскай вобласці) у сям’і рабочага. Вучыўся ў тэхнікуме ў Ленінградзе. У 1936 г. скончыў Ленінградскі механіка-матэматычны інстытут. З 1936 па 1953 г. працаваў на машынабудаўнічых прадпрыемствах Ленінграда і Краснаярска на пасадах інжынера-тэхнолага, начальніка тэхнічнага бюро, начальніка цэха. Займаўся пытаннямі машынабудавання, такімі як хуткасная апрацоўка глыбокіх адтулін, зубанаразанне метадам працягвання і інш. У 1950 г. Яўмену Рыгоравічу была прысвоена вучоная ступень кандыдата навук. З 1953 па 1956 г. вучыўся ў дактарантуры. У 1955 г. ён стаў загадчыкам лабараторыі рэзання Фізіка-тэхнічнага інстытута Акадэміі навук БССР. У 1962 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Теоретические основы новых способов металлообработки». Працаваў загадчыкам кафедры канструявання і тэхналогій вытворчасці радыёапаратуры Мінскага радыётэхнічнага інстытута. У 1963 г. яму прысвоена вучонае званне прафесара. У 1964 г. узначаліў лабараторыю трываласці. У 1966 г. ён быў выбраны членам-карэспандэнтам АН БССР, у 1969 г. ‒ акадэмікам АН БССР, у 1972 г. ‒ акадэмікам-сакратаром Аддзялення фізіка-матэматычных навук АН БССР. У 1969‒1970 гг. працаваў намеснікам акадэміка-сакратара Аддзялення фізіка-тэхнічных навук АН БССР. У 1970‒1974 гг. быў выконваючым абавязкі, затым акадэмікам-сакратаром Аддзялення фізіка-тэхнічных навук АН БССР.
Яўмен Рыгоравіч ‒ аўтар больш за 350 навуковых прац, прысвечаных новым спосабам апрацоўкі металаў, стварэнню металаапрацоўчага абсталявання і інструменту, трываласці металаў і сплаваў у ўльтрагукавым полі. Сярод іх ‒ «Ротационное дорнирование» (1959), «Обработка плоских поверхностей шариковыми головками» (1960), «Основы новых способов металлообработки» (1961), «Основы электроферромагнитной обработки» (1974), «Ротационная обработка поверхностей с автоматической подачей» (1976) і інш. Вучоны развіў тэорыю формаўтварэння, на аснове якой прапанаваў адзіную класіфікацыю розных тэхналагічных працэсаў механічнай апрацоўкі матэрыялаў. Пад кіраўніцтвам Я. Р. Канавалава былі закладзены навуковыя асновы шэрага новых метадаў механічнай апрацоўкі металаў, з выкарыстаннем для формаўтварэння механічнай, акустычнай, электрычнай і магнітнай энергіі. Дзякуючы вучонаму праводзіліся тэарэтычныя і эксперыментальныя работы, звязаныя з вывучэннем уплыву розных палёў на фізіка-механічныя ўласцівасці матэрыялаў; распрацаваны метады і апаратура для даследавання трываласці матэрыялаў ва ўльтрагукавых і магнітных палях. Ён прапанаваў новы від інструмента для апрацоўкі цыліндраў, плоскасцей і вонкавых паверхняў, вядомага як ратацыйныя дорны. Яўменам Рыгоравічам упершыню была выяўлена магчымасць замены трэння слізгання ў кантактных зонах інструмента на трэнне качэння, што паслужыла асновай для распрацоўкі ратацыйнага рэзання. На падставе прапанаванай хвалевай тэорыі трэння вучоны прапанаваў новы метад апрацоўкі матэрыялаў, якія цяжка дэфармуюцца, і сплаваў пры нізкіх тэмпературах у вакууме з накладаннем ультрагукавога поля.
Метады, распрацаваныя вучоным, знайшлі прымяненне на шэрагу вытворчых прадпрыемстваў краіны. Яўмен Рыгоравіч устанавіў эфект пранікнення вадкасці ў зону кантакту рэжучага кліна інструмента з вырабам пад дзеяннем вібрацый сістэмы станок‒прыстасаванне‒інструмент‒дэталь (СПІД). Дзякуючы дадзенаму адкрыццю даследчык зрабіў высновы аб інтэнсіфікацыі руху вадкасці па капіляры пры ўздзеянні на сценкі апошняга ўльтрагукавых ваганняў. Яўмену Рыгоравічу належыць першае афіцыйна зарэгістраванае ў Беларусі адкрыццё ультрагукавога капілярнага эфекту (1961). Усяго вучоны мае 128 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы. Пад яго кіраўніцтвам выкананы і абаронены 64 доктарскія і кандыдацкія дысертацыі.
У 1972 г. Яўмену Рыгоравічу прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі БССР. У 1974 г. ён узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР.