Даленга-Хадакоўскі Зарыян (сапраўднае імя Чарноцкі Адам Якаўлевіч)
Дата нараджэння:
1784 Лагойскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
17.11.1825 Расія
Кароткая даведка:
славяназнавец, адзін з пачынальнікаў беларускай, рускай, польскай і ўкраінскай археалогіі, старажытнай гісторыі, фалькларыстыкі, этнаграфіі і дыялекталогіі
Псеўданімы:
Dołęga-Chodakowski Zorian; Даленга-Хадакоўскі Зарыян; Доленга-Ходаковский Зориан Яковлевич; Долуга-Ходаковский Зоріян
Варыянты імя:
Далэнга-Хадакоўскі Зарыян Якаўлевіч
Імёны на іншых мовах:
Czarnocki Adam (польская); Доленга-Ходаковський Зоріан (украінская); Черноцкий Адам Яковлевич (руская);
3879 сімвалаў
Даведка
Вядомы вучоны-славяназнавец З. Даленга-Хадакоўскі (сапраўднае імя Адам Чарноцкі) з’яўляецца адным з пачынальнікаў грунтоўных даследаванняў у галіне старажытнай гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыкі і дыялекталогіі.
Нарадзіўся ён у маёнтку Падгайна Мінскага павета (цяпер Лагойскі раён Мінскай вобласці) у збяднелай шляхецкай сям’і. Пасля ранняй смерці маці выхоўваўся ў сям’і сваяка К. Чарноцкага. Добрая хатняя падрыхтоўка дапамагла яму ў 1797 г. паступіць адразу на другі курс Слуцкага павятовага вучылішча. У час вучобы юнак захапіўся гісторыяй і геаграфіяй, склаў карту маёнткаў Савічы і Мажэйкаўшчына, якія належалі Чарноцкім, пералічыў прозвішчы іх уладальнікаў за 1581–1800 гг., зрабіў каментарыі. Пасля заканчэння вучылішча працаваў хатнім настаўнікам, упраўляючым маёнтка, самастойна вывучаў прававыя навукі. У час службы ў графа Ю. Несялоўскага атрымаў магчымасць карыстацца яго багатай бібліятэкай і архівам. Пазнаёміўся з кнігамі па старажытнай гісторыі, захапіўся папулярнымі ў тыя часы працамі французскіх асветнікаў Вальтэра, Ж-Ж. Русо, П. Гольбаха і іх ідэямі аб палітычнай свабодзе і грамадзянскім раўнапраўі. У 1809 г. за свае антыўрадавыя перакананні быў арыштаваны, пазбаўлены шляхецкага звання і прыгавораны да пажыццёвай службы ў салдатах. У 1811 г. імітаваў уласную смерць і некаторы час знаходзіўся ў складзе французскай арміі.
Пасля заканчэння вайны 1812 г. А. Чарноцкі быў вымушаны выехаць у Галіцыю. Як Зарыян Даленга-Хадакоўскі падарожнічаў па Украіне, Польшчы, паўночнай Расіі, знаёміўся з прыватнымі бібліятэкамі, збіраў народныя песні, легенды, абрады і павер’і, раскопваў курганы, сопкі, гарадзішчы, рабіў іх замеры і апісанне. Сабраныя матэрыялы ў 1818 г. ён абагуліў у працы «Пра славяншчыну да хрысціянства», у якой у агульных рысах выклаў сістэму сваіх поглядаў пра паходжанне славян, апісаў старажытнаславянскі побыт, культуру і народную творчасць, абгрунтаваў праграму комплексных даследаванняў славянскіх і суседніх народаў. Гэта работа атрымала высокую ацэнку ў навуковых колах і паклала пачатак грунтоўнай распрацоўцы славянскай фалькларыстыкі, археалогіі, этнаграфіі, дыялекталогіі і тапанімікі. У гэтым жа годзе З. Даленга-Хадакоўскі першым у Расійскай імперыі атрымаў у Віленскім універсітэце дазвол на правядзенне археалагічных і іншых даследаванняў па ўсёй краіне. Ён стаў членам-карэспандэнтам Варшаўскага таварыства сяброў навук, членам Санкт-Пецярбургскага вольнага таварыства аматараў расійскай славеснасці, Маскоўскага таварыства гісторыі і старажытнасцей расійскіх. За кошт Міністэрства асветы З. Даленга-Хадакоўскі ажыццявіў комплексныя пошукі па берагах Нявы і Лады, раскапаў курганы і могільнікі каля Ноўгарада і Цвяры, даследаваў гарадзішчы ў Полацку, Віцебску, Тураве, Брэсце, Гомелі, Магілёве, замчышчы і курганы ў ваколіцах Бабруйска і Ваўкавыска. Вучоны сабраў звесткі больш чым пра тысячу археалагічных аб’ектаў і 7 тыс. урочышчаў, склаў карты і рэестр агульнаславянскіх тапонімаў, замаляваў помнікі археалогіі і знойдзеныя артэфакты. У час сваіх экспедыцый запісваў фальклор. Яго калекцыя з некалькіх тысяч старадаўніх народных песень лічыцца найбагацейшай энцыклапедыяй усходнеславянскай народнай паэзіі таго часу. Апошнія гады жыцця вучоны правёў у сяле Пятроўскае Цвярской губерні, дзе працаваў упраўляючым маёнтка.
Даследчыцкая і збіральніцкая дзейнасць З. Даленгі-Хадакоўскага значна паўплывала на далейшае развіццё шэрага дысцыплін, а шматлікія кірункі вывучэння славянства, прапанаваныя ім, застаюцца актуальнымі і ў цяперашні час. Большасць напрацовак вучонага засталася ў рукапісах. Сярод яго апублікаваных прац – «Разыскания касательно русской истории» (1819), «Проект ученого путешествия по России для объяснения древней славянской истории» (1820), «Пути сообщения в древней России» (1823), «Жальники» (1824), «Историческая система Ходаковского» (1838).