Кароткая даведка:
вучоны ў галіне неўрапаталогіі, фізіятэрапіі і курарталогіі, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1974), узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга
Імёны на іншых мовах:
Марков Даниил Александрович (руская);
3641 сімвал
Даведка
Даніла Аляксандравіч Маркаў, вучоны ў галіне неўрапаталогіі, фізіятэрапіі і курарталогіі, нарадзіўся 13 студзеня 1895 г. у сяле Расказава Тамбоўскай губерні (Расія). Адукацыю атрымаў у Тамбоўскай гімназіі (1914). У 1919 г. скончыў медыцынскі факультэт Саратаўскага ўніверсітэта. Потым у 1919–1926 гг. працаваў на тым жа факультэце асістэнтам клінікі нервовых хвароб.
З 1926 г. дзейнасць Д.А. Маркава звязана з Беларуссю. Ён быў асістэнтам кафедры нервовых хвароб медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ) з 1926 па 1930 г. У 1930 г. выбраны на пасаду дацэнта кафедры нервовых хвароб БДУ. У 1930–1941 гг. з’яўляўся дырэктарам Дзяржаўнага інстытута фізіятэрапіі, артапедыі і неўралогіі, адначасова дацэнтам кафедры нервовых хвароб Беларускага медыцынскага інстытута (1930–1931). Быў загадчыкам кафедры фізіятэрапіі і нервовых хвароб гэтага ж інстытута ў 1931–1934 гг. і 1937–1941 гг. У 1936 г. абараніў доктарскую дысертацыю. У 1939 г. выбраны членам-карэспандэнтам АН БССР, у 1940 г. – сапраўдным членам АН БССР.
У час Вялікай Айчыннай вайны быў урачом у першай Мінскай бальніцы. У 1943 г. арыштаваны пры спробе эвакуіравацца, вывезены ў Германію, вызвалены савецкімі войскамі.
У ліпені 1945 г. вярнуўся ў Беларусь. У 1946–1948 гг. працаваў дырэктарам Беларускага навукова-даследчага інстытута фізіятэрапіі і неўралогіі, затым стаў яго навуковым кіраўніком (1948–1954).
У 1947–1973 гг. быў загадчыкам кафедры нервовых хвароб Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў, адначасова з’яўляўся галоўным неўрапатолагам Міністэрства аховы здароўя БССР. Узначальваў лабараторыю паталагічнай фізіялогіі нервовай сістэмы Інстытута фізіялогіі АН БССР (1954–1976).
Асноўная тэма навуковых інтарэсаў – дэміалінізаваныя захворванні нервовай сістэмы. У першыя гады навуковай дзейнасці займаўся вывучэннем хронаксіметрыі. Для даследаванняў Д.А. Маркаў стварыў і ўзначаліў праблемную лабараторыю з выкарыстаннем электроннай і люмінесцэнтнай мікраскапіі, электронна-вылічальных метадаў.
Даніла Аляксандравіч – аўтар больш за 250 навуковых прац (манаграфій, энцыклапедычных артыкулаў, раздзелаў у шматтомным кіраўніцтве па неўрапаталогіі і інш.). Сярод іх – «Клиническая хронаксиметрия» (1935), «Хронаксиметрия в клинике (некоторые актуальные вопросы)» (1956), «Основы патогенетической терапии заболеваний нервной системы» (1964), «Общая терапия и профилактика заболеваний нервной системы» (1967), «Основы восстановительной терапии (медицинской реадаптации и реабилитации) заболеваний нервной системы» (1973) і інш. Пад рэдакцыяй Д.А. Маркава апублікавана 16 навуковых зборнікаў. Працы прысвечаны ў асноўным ранняй функцыянальнай дыягностыцы, тонкай сіміётыцы і патагенетычнай тэрапіі нервовых хвароб, дыягностыцы і лячэнню эпілепсіі, экстрапірамідальных захворванняў, рассеянага склерозу.
Пад кіраўніцтвам вучонага абаронены 10 доктарскіх і 42 кандыдацкія дысертацыі па медыцыне.
Даніла Аляксандравіч удзельнічаў у стварэнні Беларускага навукова-медыцынскага таварыства фізіятэрапеўтаў і курартолагаў, якое ўзначальваў з 1948 па 1975 г. Стварыў сістэму падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі ўрачоў по фізіятэрапіі: спачатку на кафедры неўрапаталогіі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў, затым быў арганізаваны самастойны курс фізіятэрапіі.
За выдатныя заслугі ў навуковай і педагагічнай рабоце Д.А. Маркаў у 1961 г. узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 1964 г. яму прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі БССР». За комплекс работ па прафілактыцы, патагенезу, лячэнні і аднаўленчай тэрапіі захворванняў нервовай сістэмы вучонаму прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР (1974).