Горын (сапраўднае прозвішча Каляда) Павел Восіпавіч
Дата нараджэння:
15.01.1900 Бяроза, г., Брэсцкая вобласць
Дата смерці:
25.04.1938
Кароткая даведка:
вучоны-гісторык, дзяржаўны дзеяч Беларусі, акадэмік НАН Беларусі
Псеўданімы:
Горин Павел Осипович; Горын Павел Восіпавіч
Імёны на іншых мовах:
Коляда Павел Осипович (руская);
3106 сімвалаў
Даведка
Павел Восіпавіч Горын, вядомы гісторык, дзяржаўны дзеяч БССР, нарадзіўся 15 студзеня 1900 г. у мястэчку Картуз-Бяроза Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер г. Бяроза Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У час Першай сусветнай вайны разам з бацькамі эвакуіраваўся ў г. Арзамас Ніжагародскай губерні. У 1919 г. вярнуўся на радзіму, стаў членам Бяроза-Картузскага валаснога рэўкома, арганізатарам і кіраўніком валасной партыйнай арганізацыі. Удзельнічаў у грамадзянскай вайне, а ў час савецка-польскай вайны ўступіў у Чырвоную армію, быў палітработнікам. У жніўні 1920 г. стаў членам партыйна-арганізацыйнай тройкі Пружанскага павета і камендантам горада. Скончыў Камуністычны ўніверсітэт імя Свярдлова (1921) і Інстытут чырвонай прафесуры (1925) у Маскве.
У 1925–1930 гг. – член савета і вучоны сакратар Таварыства гісторыкаў-марксістаў, у 1929–1930 гг. – правадзейны член і намеснік дырэктара Інстытута гісторыі Камуністычнай акадэміі. Быў намеснікам рэдактара часопіса «Пролетарская революция» (1927–1930), членам рэдакцыйнай калегіі часопіса «Историк-марксист» (1926−1928), старшынёй Таварыства палітэмігрантаў Заходняй Беларусі (1926−1928). У 1931−1936 гг. – прэзідэнт Беларускай Акадэміі навук і дырэктар Інстытута гісторыі. Пад кіраўніцтвам П.В. Горына ў акадэміі адбылася карэнная рэарганізацыя, пачала стварацца сістэма падрыхтоўкі навуковых кадраў, адкрыты інстытуты, аспірантура (1932) і дактарантура (1934). Дзякуючы яго намаганням акадэмія стала адзіным навуковым каардынацыйным цэнтрам па кіраўніцтве навукова-даследчай дзейнасцю ў рэспубліцы.
З 1936 г. П.В. Горын – намеснік старшыні Камітэта па загадванні вучонымі і навучальнымі ўстановамі ЦВК СССР, загадчык кафедры гісторыі СССР Маскоўскага ўніверсітэта, рэдактар аддзела гісторыі Вялікай Савецкай Энцыклапедыі. Вучоны актыўна ўдзельнічаў у палітычным і грамадскім жыцці. У 1932–1936 гг. быў членам ЦК КП(б)Б і кандыдатам у члены Бюро ЦК КП(б)Б. У 1935 г. з’яўляўся членам ЦВК СССР. Член ЦВК і Прэзідыума ЦВК БССР у 1931–1936 гг.
Павел Восіпавіч – аўтар прац па гісторыі Саветаў і Кастрычніцкай рэвалюцыі, рэдактар твораў У.І. Леніна на беларускай мове. Як вучань савецкага гісторыка М.М. Пакроўскага адстойваў погляды яго школы. У працах адчуваецца ўплыў распаўсюджаных у 1920-я гг. ідэй вульгарнага сацыялагізму. Закранаў адну з найважнейшых тэм, якой займаліся гісторыкі 20-х гг. ХХ ст. − гісторыю Саветаў у рэвалюцыі 1905−1907 гг. Асноўныя працы П.В. Горына – «Пролетариат в 1917 г. в борьбе за власть» (1927), «М.Н. Покровский – большевик-историк» (1933), «Нарысы па гісторыі Саветаў рабочых дэпутатаў у 1905 годзе» (1-е выд. 1925, на рускай мове; 1930, 1934, на беларускай мове). У «Нарысах…», напісаных на аснове архіўных матэрыялаў, асвятляюцца асноўныя аспекты гісторыі Саветаў – іх паходжанне, дзейнасць, характар і значэнне для развіцця рэвалюцыі. У яго навуковых работах знайшлі нагляднае адлюстраванне працэсы станаўлення савецкай гістарычнай навукі.
У 1937 г. П.В. Горын арыштаваны, расстраляны ў 1938 г. Рэабілітаваны ў 1955 г. У памяць аб вучоным яго імем названа вуліца ў г. Бяроза.