Дата нараджэння:
20.10.1885 Вільня, г. (цяпер г. Вільнюс, Літва)
Дата смерці:
20.03.1922
Кароткая даведка:
дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху, адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады, акцёр, чытальнік і рэжысёр, адзін са стваральнікаў беларускага прафесійнага тэатра
Псеўданімы:
Стары Піліп
Варыянты імя:
Бурбіс Алесь; Бурбіс Аляксандр Лаўрэнцьевіч
Імёны на іншых мовах:
Бурбис Александр Лаврентьевич (руская);
Крыптанімы:
А.В.
3802 сімвалы
Даведка
Алесь Бурбіс пакінуў значны след у беларускім нацыянальна-вызваленчым руху, у развіцці прафесійнага тэатра, у журналістыцы і гісторыі, эканамічнай геаграфіі і этнаграфіі.
Нарадзіўся А. Бурбіс у Вільні. Рэвалюцыйнай працай захапіўся з маладых гадоў. У 1902 г. разам з іншымі беларускімі студэнтамі стварыў Віленскую арганізацыю Беларускай рэвалюцыйнай грамады (у 1903 г. перайменавана ў Беларускую сацыялістычную грамаду). Ужо ў 1903 г. А. Бурбіс увайшоў у склад Цэнтральнага камітэта БСГ.
Рэвалюцыя 1905 г. застала яго ў Літве, дзе ў мястэчку Мейшаголы Віленскага павета пад кіраўніцтвам Алеся Бурбіса ўзнікла “Мейшагольская рэспубліка”, якая некаторы час (лістапад–снежань 1905 г.) трымала ўладу ў сваіх руках. За рэвалюцыйную дзейнасць гэтага перыяду А. Бурбіс амаль тры гады правёў у турме (1906–1909).
Пасля адбыцця пакарання ён вярнуўся ў горад свайго маленства – Вільню, адкуль зрэдку дасылаў допісы ў “Нашу Ніву”, друкуючы іх пад рознымі псеўданімамі (часцей за ўсё Стары Піліп). Алесю Бурбісу, чалавеку няўрымсліваму і актыўнаму, нават у перыяд паслярэвалюцыйнай рэакцыі хацелася дзейнасці. Менавіта таму ён узяўся за арганізацыю тэатральнай справы на Беларусі. 20 красавіка 1906 г. Алесь Бурбіс ажыццявіў пастаноўку п'есы М. Крапіўніцкага “Па рэвізіі”. Пасля спектакля з поспехам прадэкламаваў вершы Я. Купалы “Што ты спіш?..”, «Не рвіся к багатым», «Пашкадуй мужыка!». У 1910 г. – п'есы “Пашыліся ў дурні”. Вынікам яго намаганняў стала стварэнне Беларускага народнага тэатра і хору, з якога ў 1911 г. узнік Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні. Праз год гэты гурток уліўся ў славуты вандроўны тэатр І. Буйніцкага – першую прафесійную тэатральную трупу беларусаў, дзе Алесь Бурбіс выступаў як рэжысёр-пастаноўшчык, акцёр і дэкламатар вершаў. Пераадольваючы шматлікія перашкоды, у 1910–1914 гг. тэатр з незвычайным поспехам выступаў у Вільні, Пецярбургу, Варшаве, у гарадах і мястэчках Беларусі. Апошні раз перад гледачамі Вільні тэатральна-музычны гурток выступіў на пачатку 1915 г. з новай пастаноўкай – п'есай В. Дуніна-Марцінкевіча “Залёты”. Сваю рэжысёрскую і тэатральную дзейнасць А. Бурбіс працягваў да Кастрычніцкай рэвалюцыі пры беларускіх камітэтах дапамогі бежанцам у Маскве і Пецярбургу.
Апошнія гады А. Бурбіса былі надзвычай насычаны грамадскай дзейнасцю. У 1919 г. ён працаваў у Вышэйшым савеце народнай гаспадаркі РСФСР, потым – у Наркамземе Літоўска-Беларускай ССР і БССР, прымаў удзел у выданні газеты «Савецкая Беларусь», быў адным з арганізатараў Таварыства Чырвонага Крыжа БССР. З ліпеня 1921 г. з'яўляўся намеснікам наркама замежных спраў БССР.
Дзейнасць Алеся Бурбіса вызначалася рознабаковасцю. Неардынарныя веды ў галіне эканомікі дазволілі яму напісаць навуковую манаграфію “Кароткі нарыс па эканамічнай геаграфіі Беларусі” (1920, апублікавана у 1922 г.). У гэтай працы А. Бурбіс вызначыў і ўпершыню ў гісторыі беларускай навукі апісаў Беларускі тэрытарыяльна-гаспадарчы комплекс, прааналізаваў гаспадарчыя сувязі з іншымі рэгіёнамі, разлічыў гандлёвы баланс Беларусі, падкрэсліў неадпаведнасць тагачасных межаў краіны патрэбам эканамічнага развіцця. Акрамя таго, А. Бурбіс – аўтар артыкула “Кароткі агляд беларускага нацыянальна-рэвалюцыйнага руху” (апублікаваны ў 1921 г.) – каштоўнай крыніцы па гісторыі беларускага нацыянальнага руху пачатку ХХ ст.
А. Бурбіс заўжды выступаў у абарону незалежнасці Беларусі, яе тэрытарыяльнай цэласнасці, культурна-духоўнай самастойнасці. На жаль, самаадданаму змагару за шчасце і свабоду беларускага народа было наканавана пражыць нядоўгае жыццё – усяго 36 з паловай гадоў, але і гэтага часу хапіла, каб яго прагрэсіўныя погляды і ідэі паўплывалі на фарміраванне дзяржаўнай палітыкі БССР у 1920-я гг., паспрыялі ўзбуйненню тэрыторыі БССР у 1924 і 1926 гг.