Кароткая даведка:
артыст оперы (лірыка-драматычны барытон), педагог, народны артыст Беларусі, заслужаны артыст Арменіі, узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і "Знак Пашаны"
Імёны на іншых мовах:
Сердобов Николай Николаевич (руская);
2708 сімвалаў
Даведка
У гісторыю беларускай культуры Мікалай Мікалаевіч Сярдобаў увайшоў як спявак шырокага творчага дыяпазону, педагог, асветнік, папулярызатар опернага мастацтва.
Нарадзіўся ён у Самары. У дзяцінстве спяваў у царкоўным хоры. Працаваў у капэле палітаддзела Туркестанскага фронту, потым у вандроўным оперным тэатры пад кіраўніцтвам Д. Южына. У 1925 г. скончыў Самарскі медыцынскі тэхнікум, у 1929 г. ‒ Самарскі музычны тэхнікум. З 1930 г. працаваў у тэатрах оперы і балета Самары, Ерэвана, Пермі, Свярдлоўска. У 1946‒1960 гг. М.М. Сярдобаў быў вядучым салістам Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР, выканаўцам барытанальных партый у операх замежных і беларускіх кампазітараў. Усяго ён стварыў больш за 25 вобразаў, сярод якіх ‒ Мацей («Страшны двор» С. Манюшкі), фон Шолен («Дзяўчына з Палесся» Я. Цікоцкага), Жорж Жэрмон, Рыгалета, Аманасра («Травіята», «Рыгалета», «Аіда» Дж. Вердзі), Томскі, Анегін, Чорт («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Чаравічкі» П. Чайкоўскага), Траекураў («Дуброўскі» Э. Напраўніка), Скарпія, Шарплес («Тоска», «Мадам Батэрфляй» Дж. Пучыні), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж. Расіні), Дзяніс Давыдаў («Надзея Дурава» А. Багатырова), Брукнер («Маладая гвардыя» Ю. Мейтуса), Валянцін («Фауст» Ш. Гуно) і інш. Творчасці М.М. Сярдобава было ўласціва глыбокае асэнсаванне характараў і ўчынкаў герояў. Свабоднае валоданне вакальнымі і акцёрскімі сродкамі выразнасці і сцэнічная абаяльнасць дазволілі артысту праявіць сваю творчую індывідуальнасць, выконваць як лірычныя, так і драматычныя партыі. Адначасова ў 1952‒1975 гг. Мікалай Мікалаевіч працаваў у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Спачатку быў асістэнтам, а з 1960 г. ‒ выкладчыкам кафедры спеваў (да 1964 г. загадчык кафедры). У опернай студыі кансерваторыі паставіў спектаклі «Яўген Анегін», «Іаланта», «Чаравічкі» П. Чайкоўскага, «Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага, «Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава, «Алека» С. Рахманінава, «Паяцы» Р. Леанкавала, «Павел Карчагін» П. Падкавырава, «Даліна» Э. Д’Альбера, «Мадэмуазель Фіфі» і «Кот у ботах» Ц. Кюі і інш.
Дзякуючы М.М. Сярдобаву ў 1960 г. створана Мінская народная оперная студыя пры Палацы культуры Беларускага рэспубліканскага савета прафесійных саюзаў, куды набіралі аматараў сольных спеваў. На яе сцэне былі пастаўлены оперы «Цар і цясляр» А. Лорцынга, «Казначэйша» Б. Асаф’ева, «Джані Скікі» Дж. Пучыні. Калектыў народнай студыі актыўна гастраліраваў, выступаў у Гомелі, Наваполацку, Салігорску, Маладзечне. Некаторыя спектаклі былі паказаны ў Маскве.
У 1939 г. М.М. Сярдобаў удастоены ганаровага звання заслужанага артыста Армянскай ССР, у 1955 г. ‒ народнага артыста БССР. Ён узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны».