Кароткая даведка:
вучоны ў галіне аграхіміі, акадэмік НАН Беларусі, УАСГНІЛ і Акадэміі сельскагаспадарчых навук Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам "Знак Пашаны", медалямі
Варыянты імя:
Зіхман-Кедраў Оскар Карлавіч
Імёны на іншых мовах:
Кедров-Зихман Оскар Карлович (руская);
3846 сімвалаў
Даведка
Аскар Карлавіч Кедраў-Зіхман нарадзіўся ў Рызе (Латвія) у сям’і служачага. Калі яму было сем гадоў, бацькі пераехалі на Украіну. У 1897‒1905 гг. вучыўся ў гімназіі ў мястэчку Златаполь. У 1905 г. паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. У 1913‒1915 гг. працаваў аграномам-практыкантам дэпартамента земляробства Кіеўскага губернскага земства ў лабараторыі Усерасійскага таварыства цукразаводчыкаў. Затым быў хімікам на Міраўскай цэнтральнай вопытнай станцыі па цукровых бураках. У 1917‒1920 гг. з’яўляўся асістэнтам аддзела аграхіміі Кіеўскай сельскагаспадарчай вопытнай станцыі. У 1920 г. добраахвотнікам пайшоў у Чырвоную армію. З 1921 г. працаваў выкладчыкам у Горацкім сельскагаспадарчым інстытуце. У 1923 г. атрымаў вучонае званне прафесара і стаў загадчыкам кафедры агранамічнай і арганічнай хіміі. Адначасова загадваў аграхімічным аддзелам Горацкай вопытнай сельскагаспадарчай станцыі і Горацкім рабфакам, быў намеснікам дэкана агранамічнага факультэта Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. У 1930 г. пераведзены ў Ціміразеўскую сельскагаспадарчую акадэмію ў Маскве. У 1931‒1963 гг. кіраваў лабараторыяй вапнавання глебы Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута ўгнаенняў і аграглебазнаўства. У 1931 г. выбраны акадэмікам Акадэміі навук БССР. Па яго ініцыятыве пад Масквой арганізавана першае ў СССР гама-поле. У 1934 г. Аскару Карлавічу прысвоена вучоная ступень доктара сельскагаспадарчых навук, а ў 1936 г. ‒ доктара хімічных навук. У 1935 г. ён выбраны акадэмікам Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук імя У. І. Леніна. У 1957‒1961 гг. быў акадэмікам Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР. У 1940‒1941 і 1945‒1946 гг. з’яўляўся членам прэзідыума і акадэмікам-сакратаром Аддзялення прыродазнаўчых і сельскагаспадарчых навук Акадэміі навук БССР. У час Вялікай Айчыннай вайны працаваў у Омску, прымаў удзел у распрацоўцы мерапрыемстваў па прымяненні ўгнаенняў у сельскай гаспадарцы, аказваў метадычную дапамогу навукова-даследчым установам Далёкага Усходу і Сахаліна. У 1946 г. прызначаны членам навукова-тэхнічнага савета Міністэрства земляробства БССР.
Аскар Карлавіч ‒ аўтар каля 200 навуковых прац, прысвечаных вапнаванню кіслых глеб, вывучэнню ролі магнію ў вапнавых угнаеннях, уплыву вапны на біялагічныя якасці насення, ужыванню мікраэлементаў пры вапнаванні глеб. Сярод іх ‒ «Уплыў вапнавання падзолістых глебаў на мабілізацыю пажыўных рэчываў» (1934), «Влияние поглощенных катионов и углекислых солей на урожай сельскохозяйственных растений и химический состав почвенного раствора (1936, у суаўтарстве), «Роль химизации при освоении целинных почв» (1936), «Вапнаванне глебаў БССР» (1951), «Известкование кислых дерново-подзолистых почв Латвийской ССР» (1951), «Известкование дерново-подзолистых почв в травопольных севооборотах» (1952), «Известкование почв и применение микроэлементов» (1957), «Основные вопросы известкования дерново-подзолистых почв Советского Союза» (1957), «Поликросс-тест в селекции растений» (1974), «Получение и использование трисомиков озимой ржи» (1979) і інш. Вучоны праводзіў даследаванні, прысвечаныя паступленню і перамяшчэнню радыеактыўнага ізатопа стронцыя ў раслінах, вывучэнню значэння вапнавання ў барацьбе з забруджваннем глебы гэтым рэчывам. Дзякуючы А. К. Кедраву-Зіхману распрацаваны навуковыя асновы ўліку біялагічных асаблівасцей асобных культур пры вапнаванні глебы. Пад яго кіраўніцтвам абаронена больш за 40 кандыдацкіх дысертацый. Вучоны быў рэдактарам часопіса «Химизация социалистического земледелия», членам рэдкалегій часопісаў «Удобрение и урожай» і «Почвоведение».
У 1940 г. Аскару Карлавічу прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі БССР. Ён узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны» (1940), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1944, 1949), Леніна (1954), медалямі. У 1955 г. удастоены Прэміі Акадэміі навук БССР.