Дата нараджэння: 1762
Дата смерці: 21.06.1835
Кароткая даведка: жывапісец, рысавальшчык, педагог, творчасць якога звязана з мастацкім жыццём Беларусі і Літвы
Імёны на іншых мовах: Рустем Ян (руская);
Ян Рустэм – адзін з выдатных прадстаўнікоў Віленскай мастацкай школы, якія заклалі падмурак прафесійнай мастацкай адукацыі на Беларусі. Мастак нарадзіўся ў хрысціянскім раёне Пера горада Канстанцінопаля (цяпер раён Бейаглу ў Стамбуле, Турцыя). Інфармацыя аб паходжанні мастака рознымі крыніцамі падаецца надзвычай супярэчліва, прыводзяцца такія гіпотэзы: “грэк па паходжанні”, “сын армянскага купца і францужанкі”, “турак”*.
З дзесяцігадовага ўзросту Ян Рустэм знаходзіўся пад апекай князя Адама Казіміра Чартарыйскага. Прафесійную адукацыю будучы мастак атрымліваў у Варшаве пад кіраўніцтвам Яна Пётры Норбліна і Марчэла Бачарэлі, удасканальваў прафесійныя навыкі ў Германіі ў 1788–1790 гг.
Асоба Яна Рустэма – адна з ключавых у фарміраванні прафесійнага мастацкага асяродка на Беларусі і ў Літве. Калі ў 1797 г. у Галоўнай віленскай школе (з 1803 г. – імператарскі Віленскі ўніверсітэт) была створана кафедра жывапісу, якую ўзначаліў Францішак Смуглевіч, Ян Рустэм па пратэкцыі апекуноў быў прызначаны на пасаду ад’юнкта (1798). У 1811 г. ён атрымаў пасаду надзвычайнага прафесара кафедры жывапісу, з 1821 г. працаваў на пасадзе звычайнага прафесара малюнка і жывапісу, у 1818–1832 гг. узначальваў Вiленскую мастацкую школу. У 1830 г. за бездакорную службу на глебе прафесійнай адукацыі Мікалай І узнагародзіў Яна Рустэма ордэнам Святой Ганны ІІ ступені. Мастак валодаў некалькімі мовамі, быў інтэлігентам, эрудытам і бескарыслівым чалавекам, меў лагодны характар, яго паважалі ў асяроддзі мясцовай шляхты і прафесараў, любілі студэнты.
Ян Рустэм стаў ініцыятарам рэарганізацыі сістэмы навучання на мастацкім аддзяленні Віленскага ўніверсітэта: разам з Ю. Саўндэрсам ён стварыў трохступенчатую школу малюнка, пасля заканчэння якой навучэнцамі выбіралася спецыялізацыя: жывапіс, гравёрная справа або скульптура. Як прыхільнік дэмакратычных ідэй мастак імкнуўся вызваліць жывапіс ад уплыву класіцызму, які скоўваў мастацкую індывідуальнасць, тармазіў развіццё рэалізму. Пры ім было ўведзена маляванне з жывой натуры, што ў параўнанні з існуючай раней сістэмай з’яўлялася значным крокам наперад. Ян Рустэм дамогся дазволу прымаць у школу здольных вучняў незалежна ад іх сацыяльнага паходжання. Так, у 1820–1822 гг. у школе вучыліся 45 жывапісцаў і 16 скульптараў, сярод якіх было шмат выхадцаў з Беларусі. Выхаванцамі школы з’яўляюцца мастакі І. Аляшкевіч, В. Ваньковіч, Я. Дамель, Н. Орда, К. Русецкі, І. Хруцкі і інш. Віленская мастацкая школа пад кіраўніцтвам Яна Рустэма падрыхтавала шмат здольных жывапісцаў і настаўнікаў малявання для вучэбных устаноў Беларусі. Больш таго, яна давала магчымасць найбольш таленавітай моладзі Беларусі, Літвы і Польшчы працягваць адукацыю ў Імператарскай акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу.
З цягам часу майстэрства выхаванцаў Віленскай мастацкай школы значна ўзрасло, што дазволіла Яну Рустэму арганізаваць выстаўкі станковага мастацтва ў 1820 і 1822 гг., дзе экспанаваліся мастацкія работы навучэнцаў і выкладчыкаў (некаторыя з гэтых работ знаходзяцца цяпер у Нацыянальным мастацкім музеі Літвы). Упершыню жывапіс і станковая графіка былі прадстаўлены ў якасці выставачных экспанатаў для шырокай публікі. Ян Рустэм марыў рэарганізаваць мастацкае аддзяленне Віленскага ўніверсітэта ў самастойную ўстанову – мастацкую акадэмію, аднак палітычная сітуацыя ў Расійскай Імперыі не дазволіла яго планам ажыццявіцца.
Як жывапісец Ян Рустэм працаваў пераважна ў жанры партрэта. У яго творах адчуваецца ўплыў і рамантызму, і класіцызму, і сентыменталізму. Ён – аўтар партрэтаў Т. Зана, А. Снядэцкага (1816), Я. Снядэцкага (1819), М. Ромер (1820), Я. Главацкага (1823), С. Солтана, шэрагу аўтапартрэтаў (вядома каля дваццаці). Сярод партрэтаў мастака творы розных тыпаў: тэматычныя партрэты-карціны, парныя, адзінарныя пастаноўкі, сядзячыя і постаці ў поўны рост. Ян Рустэм ствараў партрэты розных жанраў: жаночыя “Партрэт Ганны Ваньковіч”, “Партрэт Крысціны Франковай з Герхардаў” (каля 1819) і мужчынскія “Партрэт А. Ваньковіча” (каля 1805), індывідуальныя “Партрэт Тэрэзы Аскерка” і сямейныя “Партрэт Марыі Мірскай, Барбары Шумскай і Адама Напалеона Мірскага” (каля 1808), парадныя і камерныя “Партрэт Яна Вейсенгофа”, “Патрэт жонкі”, касцюміраваныя “Партрэт Гвалберта Рудоміні ў чалме” (1820). Некаторыя з іх адзначаны рысамі класіцызму, дзе ўводзяцца фрагменты архітэктуры, адзенне стылізуецца пад старажытнагрэчаскія строі “Адпачынак Дзіяны”, “Паэт Ю. Славацкі ва ўзросце 5 гадоў у выглядзе Амура” (1813–1814).
Жывапіснай і графічнай серыямі вобразаў прафесараў Віленскага ўніверсітэта (Снядэцкага, Райкоўскага, Коньча, Франка, Нішкоўскага і інш.) Ян Рустэм заклаў асновы новага для мастацтва Польшчы і Беларусі ХІХ ст. тыпу – партрэта вучонага, навукоўца.
Рустэм быў не толькі партрэтыстам, ён выступаў і як бытапісец, майстар шматфігурнай кампазіцыі гістарычнага жанру, пейзажа. Сярод пейзажных замалёвак мастака захавалася некалькі відаў замкаў у Вільні і Лідзе. Вядомыя яго кампазіцыі “Турак з канём” (1791), “Бабуля з унучкай” і інш.; акварэлі “На рынку”. Асобную групу ў спадчыне мастака складаюць творы сатырычнага зместу, у якіх высмейваюцца заганы грамадства таго часу “Яўрэйскія танцы” (1831), шаржы “Аўтапартрэт з люлькай” (1920-я гг.), жанравыя сцэны шляхецкага жыцця. Сёння творы Я. Рустэма можна ўбачыць у музеях Літвы, Польшчы, Германіі.
Высокі прафесійны ўзровень жывапісных партрэтаў Я. Рустэма спрыяў таму, што многія мастакі і асабліва вучні стваралі гравюры паводле яго карцін (М. Падалінскі, Ю. Саўндэрс, Я. Кіслінг, І. Вейс і інш.). Гэтыя работы захавалі для нас уяўленне пра жывапісныя творы Я. Рустэма, што не дайшлі да нашага часу.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.
*Інфармацыя аб паходжанні мастака падаецца з супярэчлівым адценнем нават такімі аўтарытэтнымі энцыклапедычнымі выданнямі:
Thieme / Becker : аllgemeines Lexikon der bildenden Kunstler von der Antike bis zur Gegenwart : B. 29/30. – Leipzig, 1992 – S. 233; Polski slownik biograficzny : T. 33/2. Z. 137. – Warszawa : Krakow : Wroclaw, 1991. – S. 162.