Дата нараджэння:
26.04.1863 Славенск, в., Валожынскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
15.12.1913 Гродна, г.
Кароткая даведка:
гісторык, краязнавец, педагог, працы якога і сёння не страцілі навуковага значэння
Імёны на іншых мовах:
Орловский Евстафий Филаретович (руская);
2823 сімвалы
Даведка
Значны ўклад у даследаванне гісторыі і культуры Гродзеншчыны ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. унёс Яўстафій Філарэтавіч Арлоўскі.
Нарадзіўся ён у сям’і праваслаўнага святара ў мястэчку Славенск Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер вёска ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці). Вучыўся ў Віленскім духоўным вучылішчы і Літоўскай духоўнай семінарыі. У 1881 г. як стыпендыят Віленскай навучальнай акругі паступіў на гістарычнае аддзяленне Імператарскага Санкт-Пецярбургскага гісторыка-філалагічнага інстытута. Пасля заканчэння навучання ў 1885 г. быў накіраваны на працу настаўнікам у Гродна. Выкладаў гісторыю, логіку, грэчаскую і лацінскую мовы ў Гродзенскай класічнай мужчынскай гімназіі, геаграфію ў Марыінскай жаночай гімназіі, рускую і ўсеагульную гісторыю ў прыватнай жаночай яўрэйскай гімназіі.
Яўстафій Арлоўскі цікавіўся ранняй гісторыяй, геаграфіяй і этнаграфіяй Гродзеншчыны і прысвяціў гэтым тэмам больш за два дзясяткі публікацый, сярод якіх – «Очерк истории города Гродно, составленный на основании печатных источников» (1889), «Симеоновская церковь в городе Гродно» (1891), «О начале города Гродно» (1893), «Жировицы. Краткое историческое описание» (1894), «Основание г. Гродно и его история до 1241 г.» (1897), «Исторический очерк Гродненской гимназии» (1901), «Гродненская губерния в 1812 году: исторический очерк» (1912) і інш. Некалькі перавыданняў вытрымалі вучэбныя дапаможнікі «Учебное описание Гродненской губернии» (1902) і «Учебное описание Виленской губернии» (1904). Найбольш грунтоўнай працай Я.Ф. Арлоўскага стала манаграфія «Гродненская старина. Ч. 1. Город Гродно» (1910), у якой даследчык прапанаваў сваю версію ўзнікнення старажытнага паселішча, прасачыў яго развіццё ў часы розных дзяржаўных фарміраванняў, даў характарыстыку дзейнасці вялікіх князёў, прывёў апісанні замкаў, палацаў, кляштароў, храмаў і інш.
Акрамя педагагічнай і даследчыцкай дзейнасці Я.Ф. Арлоўскі шмат часу аддаваў грамадскім справам. Ён з’яўляўся членам Паўночна-Заходняга аддзела Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства і Гродзенскага царкоўна-археалагічнага і статыстычнага камітэтаў, прымаў удзел у працы таварыства драматычных пісьменнікаў, быў ганаровым членам Гродзенскага праваслаўнага Сафійскага брацтва і інш. Даследчык актыўна супрацоўнічаў з рэдакцыяй газеты «Гродненские губернские ведомости», дзе вёў аддзел крытыкі і бібліяграфіі па гісторыі, рабіў агляды гістарычных часопісаў, пісаў нататкі пра тэатральнае і грамадскае жыццё Гродзеншчыны. З 1891 г. з’яўляўся бібліятэкарам Гродзенскай публічнай бібліятэкі.
Яўстафій Арлоўскі быў узнагароджаны ордэнам Святога Станіслава 3-й і 2-й ступеняў, Святога Уладзіміра 4-й ступені, Святой Ганны 3-й і 2-й ступеняў, медалямі, атрымаў ганаровае званне заслужанага настаўніка. Адна з вуліц сучаснага Гродна носіць яго імя.