Ядвігін Ш. (сапраўднае імя Лявіцкі Антон Іванавіч)
Дата нараджэння:
04.01.1869 Добасна, в., Кіраўскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерці:
24.02.1922 Вільня, г. (цяпер г. Вільнюс, Літва)
Кароткая даведка:
пісьменнік, адзін з пачынальнікаў сучаснай беларускай прозы, грамадскі дзеяч
Псеўданімы:
Ядвигин Ш.; Ядвігін Ш.
Імёны на іншых мовах:
Левицкий Антон Иванович (руская);
5048 сімвалаў
Даведка
Ядвігін Ш. – адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы. Пісьменнік-рэаліст, ён у сваіх творах праўдзіва адлюстраваў пэўны перыяд гістарычнага жыцця беларускага народа, узбагаціў беларускую прозу новымі жанрамі.
Нарадзіўся Ядвігін Ш. (Антон Іванавіч Лявіцкі) у маёнтку Добасня Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці) у сям’і ўпраўляючага маёнткам. Жыў і вучыўся ў Люцынцы ў прыватнай школе В. Дуніна-Марцінкевіча, асоба і творчасць якога зрабіла ўплыў на фарміраванне светапогляду, схільнасцей і літаратурнага густу будучага пісьменніка. Скончыў Мінскую гімназію і вучыўся на медыцынскім факультэце Маскоўскага універсітэта. За ўдзел у студэнцкіх хваляваннях у 1890 г. Ядвігін Ш. быў выключаны, арыштаваны і некалькі месяцаў правёў у турме. Пасля вяртання на Беларусь працаваў памочнікам правізара ў мястэчку Радашковічы. Асноўную частку свайго жыцця ён правёў у фальварку Карпілаўка (каля Радашковіч) – займаўся гаспадаркай, дзе напісаў свае асноўныя творы.
Літаратурную дзейнасць пісьменнік распачаў яшчэ ў турме. Там ён пераклаў на беларускую мову апавяданне У. Гаршына “Сигнал”, якое было выдадзена ў Маскве ў 1891 г. У 1892 г. Ядвігін Ш. напісаў камедыю “Злодзей”, якую рыхтаваў да пастаноўкі самадзейны гурток беларусаў-інтэлігентаў у Радашковічах. Спектакль быў забаронены паліцыяй, рукапіс п’есы загінуў. Гэта было балюча ўспрынята Ядвігіным Ш. і выклікала доўгае творчае маўчанне. І толькі ў 1903–1904 гг. прозвішча пісьменніка з’явілася на старонках віленскіх і мінскіх рускіх прагрэсіўных газет. Ядвігін Ш. выступаў з апавяданнямі, публіцыстычнымі артыкуламі і карэспандэнцыямі мясцовага характару. Ён пісаў на рускай мове, але пісаў пра Беларусь, пра беларускага селяніна, знаёміў чытачоў з беларускім фальклорам, узнімаў набалелыя пытанні нацыянальнага жыцця.
Пераломнай вяхой у гісторыі ўсёй беларускай літаратуры, а таксама ў жыцці і творчасці Ядвігіна Ш. была рэвалюцыя 1905 г. Пісьменніка захапіў грамадска-палітычны і нацыянальны ўздым, які адбываўся на Беларусі. З вялікім энтузіязмам узяўся ён за літаратурную працу, удзельнічаў у культурна-асветніцкай рабоце. З гэтага часу Ядвігін Ш. стаў актыўным супрацоўнікам першых беларускіх легальных газет “Наша доля” і “Наша ніва”. Працаваў тэхнічным рэдактарам часопісаў “Саха” і “Лучынка”, першым кнігаром першай Мінскай беларускай кнігарні, быў арганізатарам Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны.
З першым уласным апавяданнем “Суд”, напісаным на беларускай мове, Ядвігін Ш. выступіў у 1906 г. у газеце “Наша доля”. Гэтым творам пісьменнік сцвердзіў сябе як адзін з пачынальнікаў новай беларускай прозы. Як толькі з’явіліся апавяданні Ядвігіна Ш. (“Пазыка”, “Вучоны бык”, “З маленькім білецікам”, “Мілка” і інш.), аб ім загаварылі як пра арыгінальныага пісьменніка, таленавітага сатырыка і гумарыста. Акрамя апавяданняў ён друкуе шмат артыкулаў, выступае з успамінамі. У 1910 г. Ядвігін Ш. здзейсніў сваю даўнюю мару – зрабіў вандроўку пехатой па Беларусі. Прайшоў больш за паўтысячы кіламетраў, наведаў шмат вёсак, мястэчак, хутароў. Ён цікавіўся побытам сялян, іх мовай, культурай, вывучаў эканамічнае становішча сялян, сістэму адукацыі. Уражаннямі ад вандроўкі пісьменнік падзяліўся з чытачамі “Нашай нівы” ў сваіх “Лістах з дарогі”. “Лісты з дарогі” – асваенне Ядвігіным Ш. новага для беларускай літаратуры жанру – падарожнай белетрыстыкі. Плённым у яго творчай біяграфіі стаў перыяд з 1910 па 1914 г. У 1910 г. выйшла вершаваная паэма “Дзед Завала”, у якой гаворка ідзе пра падзеі 1863 г. У 1912 г. – зборнік апавяданняў “Бярозка”, у 1914 г. – “Васількі”, які прынёс аўтару прызнанне сталага майстра мастацкага беларускага слова. На працягу ўсёй сваёй творчай дзейнасці Ядвігін Ш. знаходзіўся пад уплывам народнай творчасці. Ён умеў і любіў расказваць анекдоты, байкі, жарты, апрацоўваў вясёлыя народныя сюжэты (“Важная фіга”, “Хлеб”, “Чортава ласка” і інш.). Алегарычныя апавяданні пісьменніка па форме, стылю, па сатырычнай накіраванасці нагадваюць байкі ў прозе. Алегорыі складаюць лепшую частку мастацкай спадчыны Ядвігіна Ш. Для яго баек “Сакатушка”, “Павук”, “Падласенькі” і іншых характэрны то лёгкі гумар, то з’едлівая сатыра, то пранікнёны лірызм. У 1915 г. пісьменнік выдаў зборнік “Беларускія жарты”.
Ядвігіну Ш. належыць першы беларускі раман “Золата” (1920), які вылучаецца напружаным драматычным сюжэтам, спробай стварыць цікавыя характары. Раман застаўся незакончаным. Празмерная праца, дрэнныя матэрыяльныя і кватэрныя ўмовы выклікалі ў пісьменніка цяжкую хваробу, і ў 1920 г. зусім хворы Ядвігін Ш. выехаў у Вільню. Тут ён выдаў у 1921 г. свае “Успаміны”, якія таксама засталіся незакончанымі. Першая частка, якая ўбачыла свет, ахоплівае студэнцкія гады пісьменніка, арышт і знаходжанне ў Бутырках. Гэты мастацкі твор уяўляе сабой усхваляванае апавяданне пра перажытае. Памёр Ядвігін Ш. у Вільні ад сухотаў у 1922 г. У Радашковічах, на месцы, дзе раней была аптэка, у якой працаваў Ядвігін Ш., у 1978 г. устаноўлены мемарыяльны камень.