Кароткая даведка:
дырыжор, педагог, народны артыст Беларусі, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1972), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнамі Айчыннай вайны І ст., Дружбы народаў, "Знак Пашаны", Ф. Скарыны, медалямі
Імёны на іншых мовах:
Пенчук Борис Михайлович (руская);
2889 сімвалаў
Даведка
Барыс Міхайлавіч Пянчук унёс вялікі ўклад у развіццё музычнага мастацтва Беларусі. Ён нарадзіўся ў г. Анапа (Краснадарскі край). Некаторы час працаваў на заводзе «Красный путиловец» у Ленінградзе. Прымаў актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці: іграў у духавым аркестры заводскага клуба і хутка стаў адным з лепшых музыкантаў. У 1936 г. Б. Пянчук пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Служыў у аркестры 201-га стралковага палка. У 1942 г. скончыў ваенна-дырыжорскі факультэт Маскоўскай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага. У гады Вялікай Айчыннай вайны кіраваў аркестрамі ў розных вайсковых часцях. 24 чэрвеня 1945 г. Б. Пянчук быў адным з дырыжораў зводнага аркестра ў час Парада Перамогі на Краснай плошчы ў Маскве. У 1944–1962 гг. з’яўляўся дырыжорам аркестраў вайсковых часцей, штаба Ленінградскай ваеннай акругі, начальнікам ваенна-аркестравай службы Паўднёвай групы войск. У 1962 г.
Б. Пянчук быў прызначаны начальнікам ваенна-аркестравай службы і галоўным дырыжорам аркестра Беларускай ваеннай акругі. На гэтай пасадзе знаходзіўся да 1979 г. Адначасова з 1965 г. выкладаў у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А.В. Луначарскага (у 1986 г. стаў прафесарам).
Педагагічная дзейнасць Б. Пянчука пачалася на кафедрах народных і духавых інструментаў, дзе ён вёў клас дырыжыравання. Сярод выхаванцаў – выкладчыкі музычных навучальных устаноў Беларусі, дырыжоры сімфанічных, духавых і эстрадных аркестраў, у тым ліку М. Фінберг (дырэктар – мастацкі кіраўнік, галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі), А. Крылоў (былы начальнік Ансамбля песні і танца ўнутраных войск Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь), В. Краўцоў (стваральнік і галоўны дырыжор Гомельскага гарадскога сімфанічнага аркестра) і інш. Вучні Б. Пянчука атрымлівалі высокія ўзнагароды на конкурсах, фестывалях, аглядах музычных калектываў. Выканальніцкае майстэрства дырыжора вылучалася мастацкай ініцыятывай і глыбокім разуменнем музычнага твора. Ён з’яўляецца аўтарам марша «Партызаны Беларусі», «Беларускага марша» на тэмы песень У. Алоўнікава, «Беларускага камсамольскага марша» на тэмы песень І. Лучанка, «Страявога марша» на тэмы песень Ю. Семянякі, інструментоўкі Дзяржаўнага гімна Беларусі, шматлікіх апрацовак, інструментовак і пералажэнняў твораў беларускіх кампазітараў Р. Пукста, А. Багатырова, Я. Глебава, Л. Захлеўнага, Н. Сакалоўскага і інш.
За плённую працу і актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны Б. Пянчуку ў 1970 г. было прысвоена званне «Народны артыст БССР», у 1972 г. дырыжор стаў лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола Беларусі. Ён узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнамі «Знак Пашаны» і Айчыннай вайны І ступені. У 2003 г. атрымаў медаль Францыска Скарыны, у 2008 г. ордэн Францыска Скарыны. У красавіку 2014 г. на доме, дзе жыў дырыжор, устаноўлена мемарыяльная дошка.