Дата нараджэння:
30.10.1728 Саломенка, в., Гродзенскі раён
Дата смерці:
20.02.1810
Кароткая даведка:
астраном, адзін з арганізатараў Віленскай астранамічнай абсерваторыі, матэматык, асветнік, член-карэспандэнт Парыжскай АН, член Каралеўскай АН у Лондане
Імёны на іншых мовах:
Почобут-Одляницкий Мартин (руская);
3661 сімвал
Даведка
Паходзіў са шляхецкай сям’і. З 1738 па 1745 г. вучыўся ў Гродзенскім езуіцкім калегіуме. Па завяршэнні трохгадовага курса рыторыкі (1745) уступіў у Таварыства Ісуса – каталіцкі манаскі ордэн. На працягу наступных двух гадоў праходзіў навіцыят у Вільні. У далейшым вучыўся на педагагічным курсе пры Слуцкім езуіцкім калегіуме, на працягу трох гадоў займаўся філасофіяй ў Полацкім калегіуме Таварыства Ісуса (1749–1752), а таксама выкладаў у пачатковых класах. Быў пераведзены ў Вільню, дзе працаваў настаўнікам ў класе сінтаксіса мясцовага калегіума і адзін навучальны год слухаў лекцыі па матэматычных дысцыплінах Т. Жаброўскага.
Падрыхтоўка да навуковай дзейнасці працягвалася за мяжой – у Празе (1754–1756), Марсэлі і Авіньёне (1761–1763). Пасля вяртання М. Пачобута-Адляніцкага чакала пасада кіраўніка астранамічнай абсераваторыі і выкладчыка Віленскай акадэміі. У 1767 г. Віленская астранамічная абсерваторыя, дзе распачаліся працы по вызначэнні геаграфічных каардынат гарадоў Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), набыла статус каралеўскай. Значнае грашовае ахвяраванне Э. Агінскай-Пузынінай дазволіла М. Пачобуту-Адляніцкаму ў 1768–1769 гг. наведаць абсерваторыі Англіі і Францыі. У маі 1771 г. ён стаў членам Лонданскай акадэміі навук, са жніўня 1778 г. – членам-карэспандэнтам Парыжскай акадэміі навук.
У 1770-я гг. М. Пачобут-Адляніцкі па выніках назіранняў прапанаваў увесці новае сузор’е – Каралеўскі Цялец Панятоўскага. Яго падтрымалі еўрапейскія астраномы. У Францыі Ж.-Ж. Ф. дэ Лаланд змясціў артыкул аб “Цяльцы Панятоўскага” ў чацвёртым томе дадатку да энцыклапедыі Д. Дзідро і Ж.Л. Д’Аламбера. Новае сузор’е прыведзена ў асобных экзэмлярах другога і трэцім выданнях вядомага атласа Д. Флэмсціда, берлінскі астраном І.Э. Бодэ адвёў яму месца ў фундаментальнай “Уранаграфіі” (1801). З характэрнай энергіяй М. Пачобут-Адляніцкі правёў праграму назіранняў складанага аб’екта – Меркурыя. Выніковыя даныя, атрыманыя ў Вільні, былі выкарыстаны Ж.-Ж. Ф. дэ Лаландам для карэкцыі табліц руху гэтай планеты.
Напрыканцы 1780 г. М. Пачобут-Адлянцікі ўзначаліў Віленскую акадэмію, якая была ператворана ў Галоўную школу ВКЛ. Яго асноўнай справай стала арганізацыя функцыянавання сістэмы адукацыі па прапанаваных Адукацыйнай камісіяй праграмах. У цэлым каласальная асветніцкая праца М. Пачобута-Адлянцікага не засталася без належнай увагі. Яшчэ ў 1775 г. кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі загадаў вырабіць медаль з партрэтам вучонага, а ў 1785 г. узнагародзіў ордэнам Св. Станіслава, у 1793 г. – ордэнам Белага Арла.
Усе 1790-я гг. М. Пачобут-Адляніцкі прысвяціў абароне і ўдасканаленню таго, што было створана ў галіне адукацыі на працягу папярэдняга дзесяцігоддзя. Прыняцце Канстытуцыі 3 мая 1791 г. ён успрыняў з вялікім энтузіязмам, паспяхова адстойваў рэформы ў галіне асветы на Гродзенскім сейме 1793 г. М. Пачобут-Адляніцкі падтрымаў паўстанне Т. Касцюшкі і ахвяраваў значныя сродкі на патрэбы войска. Пасля падзей 1795 г. вядомасць і аўтарытэт дапамаглі яму на некаторы час захаваць без кардынальных змен становішча ў адукацыйных справах, але пагаршэнне адносін з расійскімі ўладамі прывяло да адстаўкі ў 1799 г. з пасады рэктара.
М. Пачобут-Адляніцкі вітаў пачатак кіравання імператара Аляксандра I, якое было адзначана шэрагам прагрэсіўных рэформ (у тым ліку і ў галіне асветы). Працягвалася і навукова-даследчая дзейнасць. З 1807 г. М. Пачобут-Адляніцкі адышоў ад астранамічнай працы і перадаў абсерваторыю Я. Снядэцкаму. Апошнія два гады жыцця правёў у езуіцкім кляштары Дынабурга.
Матэрыял падрыхтаваны кандыдатам гістарычных навук Космачам Паўлам Генадзьевічам у 2013 г.