Дата нараджэння:
08.12.1918 Хатляны, в., Уздзенскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
17.10.2006
Кароткая даведка:
вучоны-геолаг, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, ганаровы член Расійскай АН, выдатнік разведкі нетраў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1972), кавалер ордэнаў "Знак Пашаны" (1966), Леніна (1979), Ф. Скарыны (1999), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны
Імёны на іншых мовах:
Махнач Александр Семёнович (руская);
5109 сімвалаў
Даведка
Адным з выдатных вучоных, буйным спецыялістам у галіне літалогіі, геахіміі, стратыграфіі, прагнозу карысных выкапняў, кіраўніком і арганізатарам геалагічных даследаванняў у Беларусі быў Аляксандр Сямёнавіч Махнач.
Нарадзіўся ён у в. Хатляны Уздзенскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сямігадовай школы і навучання ў Мінскім педагагічным тэхнікуме і на рабфаку ў 1936 г. паступіў на геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага вышэйшага педагагічнага інстытута ў Мінску (цяпер Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка). Яшчэ будучы студэнтам, працаваў спачатку выкладчыкам у школе працоўнай моладзі, пазней настаўнікам у вясковай школе. Пасля заканчэння інстытута ў 1940 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію. У гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся на фронце. Пасля дэмабілізацыі працаваў у Міністэрстве асветы БССР, ЦК ЛКСМБ. У 1947 г. А.С. Махнач паступіў у аспірантуру Інстытута геалагічных навук АН БССР. Падрыхтоўку праходзіў на кафедры петраграфіі асадачных парод Маскоўскага нафтавага інстытута імя І.М. Губкіна. У 1950 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю і пачаў працаваць у Інстытуце геалагічных навук АН БССР старшым навуковым супрацоўнікам. У 1955–1992 гг. быў загадчыкам аддзела, лабараторыі, да 2006 г. галоўным навуковым супрацоўнікам інстытута. Пасля абароны доктарскай дысертацыі на тэму «Древнепалеозойские отложения Белоруссии» ў 1959 г. стаў доктарам геолага-мінералагічных навук, членам-карэспандэнтам АН БССР, у 1970 г. акадэмікам АН БССР. У 1960 г. А.С. Махначу прысвоена вучонае званне прафесара. У 1969–1973 гг. ён галоўны вучоны сакратар Прэзідыума АН БССР, у 1973–1986 гг. віцэ-прэзідэнт, першы віцэ-прэзідэнт АН БССР, у 1987–2003 гг. член Прэзідыума, саветнік Прэзідыума НАН Беларусі. У 1992 г. стаў ганаровым членам Расійскай АН. Таксама займаўся адказнай навукова-арганізацыйнай і дзяржаўнай дзейнасцю. Быў дэпутатам і членам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР некалькіх скліканняў, узначальваў Пастаянную камісію па навуцы і тэхніцы Вярхоўнага Савета БССР.
Аляксандр Сямёнавіч Махнач як вучоны-геолаг унёс значны ўклад у даследаванне і вывучэнне тоўшчаў верхняга пратэразою і ніжняга палеазою, нафта- і соленосных адкладаў дэвону, вендскіх і дэвонскіх вулканічных утварэнняў, крышталічнага фундамента і старажытных кор выветрывання тэрыторыі Беларусі. Прымаў удзел у геалагічных экспедыцыях, займаўся лабараторнымі літалагічнымі, петраграфічнымі, геахімічнымі даследаваннямі горных парод асадачнага чахла і крышталічнага фундамента Беларусі, аналізаваў і абагульняў рэзультаты іх вывучэння, складаў і рэдагаваў літолага- і фацыяльна-палеагеаграфічныя, геалагічныя і іншыя карты. Прагназаваў размяшчэнне ў нетрах Беларусі многіх карысных выкапняў, у тым ліку калійнай, мінеральнай і каменнай солі, нафты, жалезнай руды і інш. За адкрыццё і разведку нафтавых радовішчаў у 1972 г. прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі. У 1980 г. атрымаў званне заслужанага дзеяча навукі Беларусі.
Аляксандр Сямёнавіч Махнач з’яўляецца аўтарам больш за 400 навуковых прац, у тым ліку 30 манаграфій. Найбольш значнымі работамі, напісанымі з удзелам і пад кіраўніцтвам вучонага, з’яўляюцца такія, як «Литология и геохимия девонских отложений Припятского прогиба в связи с их нефтеносностью» (1966), «Вулканогенная формация верхнего протерозоя (венда) Белоруссии» (1970), «Литология и геохимия кор выветривания, развитых на кристаллическом фундаменте Белоруссии» (1973), «Верхнедевонская щелочная вулканогенная формация Припятской впадины» (1977), «Верхний протерозой Припятской впадины» (1980), «Органогенные постройки девона Белоруссии» (1984), «Кембрий Белоруссии» (1985), «Давсонит Беларуси» (1995), «Геология Беларуси» (2001), «Основы геологии Беларуси» (2004) і інш. Акрамя навуковых работ яму належаць навукова-папулярныя кнігі, брашуры і артыкулы, прысвечаныя багаццям нетраў роднай зямлі («Припятская впадина – сокровищница недр Белоруссии» (з К.І. Лукашавым, 1966), «Геологическое прошлое Белоруссии» (з Л.М. Вазнячуком, 1959), «Што трэба ведаць юнаму падарожніку па тапаграфіі» (1954) і інш.). У 1997 г. выйшла яго аўтабіяграфічная кніга «Мой путь в науку», у 2008 г. «Жизнь и наука: воспоминания и размышления».
Навуковую і навукова-арганізацыйную дзейнасць А.С. Махнач сумяшчаў на працягу многіх гадоў (1950–1970) з педагагічнай. Працаваў дацэнтам, прафесарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна і Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага. Вучоным зроблены вялікі ўклад у падрыхтоўку навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Яго вучні сталі паслядоўнікамі лепшых традыцый створанай ім беларускай літалагічнай школы.
Аляксандр Сямёнавіч Махнач узнагароджаны ордэнамі Леніна (1979), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), «Знак Пашаны» (1966), Айчыннай вайны II ступені (1986), Францыска Скарыны (1999), медалямі, знакам «Выдатнік разведкі нетраў» (1966, 1968), вышэйшай узнагародай ВДНГ СССР – Дыпломам Пашаны (1971, 1984) і інш. Памяці вучонага, педагога, арганізатара навукі прысвечана кніга «Академик А.С. Махнач: воспоминания современников» (2008).