Дата нараджэння: 01.03.1929 Старына, в., Ушацкі раён, Віцебская вобласць
Дата смерці: 03.07.1977
Кароткая даведка: паэтэса, аўтар шэрага зборнікаў, твораў для дзяцей
Імёны на іншых мовах: Лось Евдокия Яковлевна (руская);
Адметную старонку ў гісторыю нацыянальнай літаратуры XX ст. упісала адна з яркіх беларускіх паэтэс Еўдакія Якаўлеўна Лось. “У мове века – і мая гаворка, у песні века – і маё спяванне”, – зазначыла яна ў вершы “Бабін век”. Еўдакія Лось пражыла толькі сорак восем гадоў, але ўсё багацце сваёй паэзіі, хараство душы аддала сваім сучаснікам і нашчадкам. “Паэтэсай Пакалення” называў Еўдакію Лось паэт і літаратуразнаўца Алег Лойка і з перакананасцю сцвярджаў, што жыццё яе будзе ўпісана ў гісторыю беларускай літаратуры як жыццё Паэтэсы.
Нарадзілася Е. Лось у вёсцы Старына Ушацкага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і калгаснікаў. У 1934 г. бацькі перабраліся ў пасёлак Ушачы, дзе дзяўчынка пайшла ў школу, але мірнае жыццё перапыніла вайна. Е. Лось зведала ўсе жахі ваеннай блакады, адчула, што такое голад і холад, страты блізкіх: загінулі бацька і брат. Пасля вайны будучая паэтэса скончыла сямігодку, вучылася ў Глыбоцкім педвучылішчы, на аддзяленні мовы і літаратуры педінстытута ў Мінску, на Вышэйшых літаратурных курсах пры Саюзе пісьменнікаў СССР у Маскве. Працавала ў рэдакцыі газеты “Зорька”, у Вучпедвыдавецтве БССР, газеце “Звязда”, была адказным сакратаром часопіса “Работніца і сялянка” і галоўным рэдактарам часопіса “Вясёлка”.
Творчы шлях паэтэсы працягваўся амаль трыццаць гадоў. Упершыню ў друку яна выступіла з вершам “Сэрца дзяўчыны” ў 1948 г. у часопісе “Работніца і сялянка”. Яе першыя паэтычныя крокі благаславіў П. Броўка. Е. Лось нарадзілася вясной і свой першы паэтычны зборнік “Сакавік”, які з’явіўся ў свет у 1958 г., назвала месяцам свайго нараджэння. Кніга была прыхільна сустрэта чытачамі і крытыкай. Пры жыцці Е. Лось выйшла восем арыгінальных зборнікаў паэзіі. Акрамя ўжо названага зборніка свет пабачылі яе кніжкі “Палачанка” (1962), “Людзі добрыя” (1963), “Хараство” (1965), “Яснавокія мальвы” (1967), “Перавал” (1971), “Галінка з яблыкам” (1973) і апошняя, якая выйшла ў год яе заўчаснай смерці, – “Лірыка ліпеня”. Памерла паэтэса ў ліпені.
Паэтычная спадчына Е. Лось розная па тэматыцы, па выбару сродкаў і форм выяўлення аўтарскага бачання. У вершах паэтэсы шмат будзённых, але хвалюючых турбот яе часу, шмат душэўнай цеплыні і дабрыні. Уражваюць творы пра вайну. Яны з асабістага, уласна перажытага, пачутага ад іншых людзей. Адзін з лепшых вершаў – “Беларускія хлопчыкі”. За трагічнымі лёсамі хлапчукоў у ім паўстае лёс шматпакутнай беларускай зямлі на суровых скрыжалях часу.
Мне з маленства вядома,
як вы, хлопцы, каналі,
як у лесе і дома
вас пяском засыпалі.
Беларусь галасіла
і пыталі дарожкі:
– Што ж вас гэтак скасіла,
дзе вы, босыя ножкі?
Па-мастацку ярка напісаны і верш “Дзяўчаты мінулай вайны”, у якім паэтэса дасягнула такой праўдзівасці і пераканаўчасці, нібы сама была там, дзе дзяўчаты змагаліся і гінулі.
… Былі яны проста дзяўчатамі,
Што там ні гавары.
Пужаліся свістаў міны,
Чужых незычлівых вачэй,
А гінулі – як мужчыны,
Абняўшы зямлю ямчэй.
Тэма вайны гучыць і ў паэмах Е. Лось “Мая Хатынь”, “Гавораць несмяротныя”, “Слова пра вечныя зоркі”.
Скразной у творчасці паэтэсы з’яўляецца тэма Бацькаўшчыны, якая для яе і ўся Беларусь, і мілая сэрцу Ушаччына. Словы любові да Беларусі, роднай зямлі гучаць у вершах “Ах, Беларусь, мая ты доля…”, “Люблю цябе, мая зямля…”, “Радзіма пачынаецца з двароў…”, “Радзіма…”. Паэтэса ганарыцца сваёй краінай, сваімі продкамі, каранямі. Тэму месца Беларусі ў шырокім свеце яна ўзняла ў вершах “Мінская вуліца ў Брно”, “Вечар на Балатоне”, “Яснавокія мальвы”, “Кляновае лісце Канады”. Вобраз Радзімы паэтэса раскрывае праз разуменне людзей і свету. Найбольш ярка гэта тэма адлюстроўваецца ў вершах зборніка “Людзі добрыя”. Паэзія Е. Лось багатая на пачуцці, разнастайныя перажыванні чалавечага сэрца. Паэтэса раскрывае самае запаветнае ў душы сваёй сучасніцы: чаканне шчасця і радасць мацярынства, прагу кахаць і быць каханай. “Галоўнае ў любві – любоў”, – падкрэслівае яна. Ёсць у інтымнай лірыцы Е. Лось і матывы нешчаслівага кахання, адзіноты, непаразумення. Вершы пра каханне – пранікнёныя песні яе душы.
Чаму з табой не выйшла, не прайшла?
Чаму замерлі словы на губах?
Чаму цябе я далям аддала
І той, што ходзіць па маіх слязах!..
“Чаму з табой не выйшла, не прайшла?..”
Імкнучыся глыбей раскрыць складаны свет сучасніцы, сваёй лірычнай гераіні, яна часта звярталася да жанру паэм (“Мінчанка”, “Высакосны год”, “Мой свет”, “Матчына трывога” і інш.).
У сваёй творчасці Е. Лось звярталася і да прозы – кнігі апавяданняў і лірычных замалёвак “Пацеркі” (1966) і “Травіца брат-сястрыца” (1970); займалася перакладамі. Як дзіцячы паэт Е. Лось з радасцю несла беларускім дзецям роднае слова, клапацілася пра іх духоўнае развіццё, імкнулася абудзіць у малых чытачоў неабыякавае стаўленне да свету, вучыла адрозніваць добрае ад ліхога, прыгожае ад брыдкага. Дзецям пакінула пісьменніца свае кніжкі “Абутая ёлачка”, “Казка пра Ласку”, “Зайчык-выхваляйчык” і інш. Творы Е. Лось перакладзены на трыццаць моў свету, сярод іх – амаль усе славянскія мовы, мовы народаў СССР, англійская, французская, венгерская… Паэтэса была ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”, медалямі, ганаровымі Граматамі Вярхоўных Саветаў БССР і Латвійскай ССР. Памяць аб ёй годна ўшаноўваецца на радзіме пісьменніцы. У 1998 г. у Віцебску ўстаноўлены помнік Е. Лось. Яе імем названа Ушацкая раённая бібліятэка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2009 г.