Кароткая даведка:
мастак, які працаваў у кніжнай і станковай графіцы, народны мастак Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1972)
Варыянты імя:
Кашкурэвіч Арсен Міхайлавіч
Імёны на іншых мовах:
Kashkurevitch Arlen Mikhailavitch (англійская); Кашкуревич Арлен Михайлович (руская); Кашкуревич Арсен Михайлович (руская);
5227 сімвалаў
Даведка
Да пакалення вядучых графікаў, чые творчыя пошукі і дасягненні прыпадаюць на пачатак шасцідзесятых гадоў, належыць народны мастак Беларусі Арлен Міхайлавіч Кашкурэвіч. У беларускае выяўленчае мастацтва ён прыйшоў са своеасаблівым, толькі яму ўласцівым бачаннем жыцця, з арыгінальным стылістычным почыркам, вялікай прафесійнай культурай.
Нарадзіўся мастак у Мінску. У 1959 г. закончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, дзе з 1959 па 1969 г. выкладаў. Яшчэ студэнтам малады мастак супрацоўнічаў з Дзяржаўным выдавецтвам БССР. Пэўным этапам у творчасці мастака стала афармленне кнігі Я. Купалы “Тры паэмы” (1962), якая была адзначана дыпломам другой ступені на ўсесаюзным конкурсе “50 лепшых кніг года” ў Маскве (1963). А. Кашкурэвіч яшчэ не аднойчы звяртаўся да Купаліяны. Гэта ілюстрацыі да малафарматнага выдання “Курган” (1967), выкананыя акварэллю і тушшу; серыя літаграфій паводле купалаўскіх паэм “Бандароўна”, “Магіла льва”. Мастак адчуў у паэзіі песняра глыбіннае, адвечнае. Гусляр, Князь, Бандароўна ў яго разуменні – гэта не нейкія міфічныя асобы са старажытных легенд, а нацыянальныя персанажы беларускай гістарычнай драмы, дзе з вякамі мяняюцца толькі дэкарацыі, а не змест.
Нямала зрабіў А. Кашкурэвіч і ў афармленні сусветнай класічнай літаратуры. Вельмі паказальны ў гэтым плане цыкл ілюстрацый да трагедыі І. В. Гётэ “Фауст” (1976). Тут графік выкарыстаў права мастака на ўласнае прачытанне літаратурнага твора. Сімволіка – алегарычная манера ілюстрацый – надае ім значнасць, філасафічнасць, манументальнасць. Афармленне гэтага выдання адзначана вышэйшай узнагародай рэспубліканскага конкурсу – дыпломам імя Францыска Скарыны, а на ўсесаюзным конкурсе “Мастацкая кніга” – дыпломам I ступені. Пасля ілюстравання “Фауста” А. Кашкурэвіч стварыў серыю графічных лістоў (літаграфія, афорт, аквацінта) пад назвай “Спавяданні ад Фауста”. Тэма “Фауста” была для яго невыпадковая. Гэта вялікая спроба мастака зразумець сэнс жыцця, сэнс дабра і зла, праўды і хлусні, той самы сэнс, які прасочваецца і ў іншых яго творах – ілюстрацыях да “Сэрца на далоні” І. Шамякіна (1964), “Песня пра зубра” М. Гусоўскага (1973), “Каласы пад сярпом тваім” (1968) і “Дзікае паляванне караля Стаха” (1983) У. Караткевіча, “Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае” А. Лойкі (1990), “Яўгеній Анегін” А. Пушкіна (1999), “Ладдзя роспачы” У. Караткевіча (2003) і інш.
На высокім мастацкім узроўні выкананы малюнкі да кніг Г. Х. Андэрсена “Казкі” (1967), Э. Войніч “Авадзень” (1968), Г. Уэлса “Машына часу” і “Чалавек-невідзімка” (1969), М. Твэна “Прыгоды Тома Соера” (1978) і інш. Да якой бы тэмы ні звяртаўся А. Кашкурэвіч, з кнігай якога б аўтара ні працаваў, ён заўсёды заставаўся беларускім мастаком. Нават ілюстрацыі да замежных выданняў у яго гучаць на мове беларускай пластыкі, а лепшыя графічныя аркушы сталі класікай беларускага мастацтва.
Асноўнае творчае крэда А. Кашкурэвіча – “чалавек трагічны”. У яго работах дамініруюць сканцэнтраваныя да максімуму пратэст, боль, адчай, роспач, неабходнасць маральнага выбару. Графік даволі шырока распрацаваў тэму Вялікай Айчыннай вайны. Ён удзельнічаў у аздабленні выданняў, прысвечаных ваенным падзеям. Для кнігі літаратурна-дакументальных запісаў А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка “Я з вогненнай вёскі…” мастак стварыў макет. У якасці выяўленчых сродкаў А. Кашкурэвіч выкарыстаў фотаматэрыял і такім чынам падкрэсліў дакументальную аснову апісаных падзей. Чарговае выданне “Хатынскай аповесці” А. Адамовіча з ілюстрацыямі А. Кашкурэвіча выйшла з друку ў 1987 г. Мастак звяртаўся да гэтай кнігі яшчэ ў 1974 г., якую аформіў у тэхніцы туш-пяро.
Праца над кнігамі прывяла А. Кашкурэвіча да стварэння вялікіх станковых серый. Сярод іх – вядомыя цыклы “Купаліяна” (паводле твораў Я. Купалы, 1971), “Партызаны” (1969–1970) (за абедзьве Дзяржаўная прэмія Беларусі, 1972). Малюнкі з партызанскай серыі ў трактоўцы мастака – увасабленне трагедыі чалавека, які вымушаны ўзяцца за зброю. У творах (“Партызанская маці”, “На шчасце, на гора”, “Развітанне”, “Смага”) не гістарычны паказ вайны, а адлюстраванне сучаснасці праз вайну. Пафас гераізму адсутнічае: ёсць жанчына і зброя. Мастак увасабляе неадпаведнасць прызначэння і справы, якую яны выконваюць. Чалавечы боль у тым, што жанчына павінна тварыць дабро і выхоўваць дзяцей, а не трымаць зброю.
А. Кашкурэвіч быў першым у пасляваенным беларускім мастацтве, хто пачаў працаваць над біблейскімі сюжэтамі, зварот да якіх мае глыбокую жыццёвую матывацыю. Перад мастаком паўстаюць спрадвечныя філасофскія пытанні аб месцы чалавека ў сучасным свеце, што ёсць ісціна, дабро і зло, адказы на якія ён шукае ў зусім новым, сучасным вырашэнні ў ілюстрацыях да Новага Запавету (“Евангелле паводле Лукі”, “Апакаліпсіс”, 1990), у серыі малюнкаў “Святыя зямлі беларускай” (1993) у сусветна вядомым творы, адной з частак Бібліі “Найвышэйшая песня Саламонава” (1995).
Творам А. Кашкурэвіча ўласцівы высокая эрудыцыя, прафесійная дасканаласць. Лепшыя яго працы знаходзяцца ў полі зроку патрабавальных беларускіх і замежных гледачоў. Спеласць таленту, адточаны прафесіяналізм, прынцыповасць грамадзянскай пазіцыі – асноўныя і характэрныя рысы творчасці гэтага самабытнага мастака.