Дата нараджэння:
01.05.1930 Пярэвалачня, в.,Талачынскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерці:
24 ці 25.08.2012
Кароткая даведка:
драматург, пісьменнік, публіцыст, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1976), кавалер ордэна "Знак Пашаны"
Псеўданімы:
Аляксееў Алесь; родители Алексеевы; Тутэйшы Алесь; Шпак Алесь
Варыянты імя:
Петрашкевіч Аляксандр Лявонавіч; Петрашкевіч Аляксандр Лявонцьевіч
Імёны на іншых мовах:
Петрашкевич Александр Леонтьевич (руская);
5561 сімвал
Даведка
Цікавай і прыкметнай з’явай у беларускай літаратуры стала дзейнасць пісьменніка Алеся (Аляксандра Лявонавіча) Петрашкевіча. Яго творчасць вызначаецца непаўторнай індывідуальнасцю, адметным стылем, уласным падыходам да асвятлення рэчаіснасці.
Нарадзіўся А. Петрашкевіч у в. Пярэвалачня Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Перад Вялікай Айчыннай вайной вучыўся ў пачатковай школе, потым у Забалоцкай сямігодцы, у 1951 г. скончыў Коханаўскую сярэднюю школу. Вышэйшую адукацыю атрымаў на юрыдычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна (1955). З 1954 па 1967 г. знаходзіўся на камсамольскай і партыйнай рабоце. У 1961 г. А. Петрашкевіч стаў членам Саюза журналістаў БССР, у 1974 г. – членам Саюза пісьменнікаў БССР, у 1967 г. – кандыдатам гістарычных навук. У 1967–1991 гг. (з перапынкам) працаваў адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». З 1975 па 1976 г. з’яўляўся рэктарам Мінскага інстытута культуры. У 1976–1980 гг. ён загадваў аддзелам культуры ЦК КПБ. З 1991 па 1998 г. кіраваў арганізацыйна-метадычным цэнтрам па выданні гісторыка-дакументальных хронік «Памяць».
Літаратурную дзейнасць А. Петрашкевіч пачаў з фельетонаў, нарысаў, памфлетаў, артыкулаў, што з 1954 г. друкаваліся ў рэспубліканскіх і цэнтральных перыядычных выданнях. Першым мастацкім творам пісьменніка стала аднаактовая п’еса «Кары егіпецкія» (1966), на аснове якой была напісана камедыя «Адкуль грэх?». Яна вызначалася займальным сюжэтам, вастрынёй канфлікту, яркімі народнымі вобразамі, сакавітай мовай герояў. У 1967 г. на рэспубліканскім літаратурным конкурсе, які праводзіўся Міністэрствам культуры БССР А. Петрашкевічу была прысуджана трэцяя прэмія за гэты твор. Упершыню п’еса пастаўлена на сцэне Беларускага тэатра імя Я. Купалы ў 1969 г., у 1970 г. апублікавана ў часопісе «Полымя». Потым былі напісаны камедыі «Злыдзень» (1973), «Укралі кодэкс» (1976), драма «Трывога» (1974), якія вызначылі асноўныя тэмы ранняга перыяду творчасці драматурга. Яго хвалявалі надзённыя праблемы тагачаснага жыцця – распад маральных устояў, бюракратызм, абыякавасць, падхалімства, п’янства і інш. Паступова тэматыка твораў А. Петрашкевіча значна пашыралася. У драмах «Соль» (1981) і «Мост упоперак ракі» (1986) ён выступіў з заклікам аховы роднай прыроды. У трагедыі «Злавеснае рэха» (1984) узнімаў праблемы, звязаныя з адраджэннем на Захадзе мілітарысцкіх і рэваншысцкіх настрояў. Не засталася без увагі і тэма Вялікай Айчыннай вайны, якая знайшла адлюстраванне ў біяграфічнай драме «У спадчыну – жыццё» (1986). У другой палове 1980-х – 1990-х гг. з’явіліся творы так званага «перабудовачнага» часу, якія выяўлялі дэмакратычныя погляды аўтара. Сярод іх – «Ка-та-стро-фа» (1987), «Прагноз на паслязаўтра» (1994), «Дзівак чалавек» (1996), «Дагарэла свечачка…» і «Інтэрнацыянал па-беларуску» (1997), «Інтэлігенты» (1998) і інш. У гэты ж час напісаны аўтабіяграфічныя апавяданні з ваеннага і пасляваеннага жыцця аднавяскоўцаў і блізкіх людзей («Песня», «Засада», «Інфаркт», «Табака», «Матруна», «Памыліўся») і цыкл фельетонаў, якія былі надрукаваны ў часопісе «Вожык» пад псеўданімам Алесь Тутэйшы.
Гістарычная тэма стала галоўнай у творчасці А. Петрашкевіча. Над ёй пісьменнік пачаў працаваць яшчэ ў 1980-я гг. Яго прываблівалі постаці дзяржаўных дзеячаў, вучоных, асветнікаў, палкаводцаў, дыпламатаў Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), якія ўнеслі значны ўклад у вайсковую справу, адукацыю, навуку, культуру, літаратуру Беларусі. Першым гістарычным творам стала драма «Напісанае застаецца» (1978) пра пражскі перыяд жыцця і дзейнасці беларускага першадрукара Ф. Скарыны. Потым з’явіліся п’есы, у якіх асвятляліся падзеі айчыннай гісторыі Х–ХХІ стст. Сярод іх – «Русь Кіеўская» («Гора і Слава», 1983) – прысвечана Рагнедзе і яе ролі ў хрышчэнні Русі; «Меч Рагвалода» (1996) – княжанню Усяслава Чарадзея і абароне Полацкай дзяржавы ад кіеўскіх князёў; «Рупнасць дзяржаўцы» (1999) – Л. Сапегу і яго дзейнасці; «Расплата за здраду» (1999) – М. Глінскаму і перамозе К. Астрожскага пад Оршай; «Воля на крыжы» (2000) – рэпрэсіям супраць беларускай інтэлігенцыі і лёсу Я. Купалы; «Час усё адкрые» (2002) – вайне Маскоўскай дзяржавы і ВКЛ. У творах пісьменніка апісваюцца таксама Нямігская бітва 1067 г. і Грунвальдская бітва 1410 г., Слуцкае паўстанне 1920 г. і Паўстанне 1863–1864 гг. у Польшчы, Беларусі і Літве. Усе п’есы А. Петрашкевіча грунтуюцца на дакументах і даследаваннях расійскіх, польскіх і беларускіх гісторыкаў. Яго творам характэрны сцэнічнасць, дынамізм сюжэта, вострая інтрыга, дакладнасць моўнай характарыстыкі вобразаў. П’есы А. Петрашкевіча перакладзены на рускую, украінскую, латышскую, эстонскую і іншыя мовы, былі пастаўлены ў многіх тэатрах Беларусі і шэрагу тэатраў былога СССР. Алесь Петрашкевіч з’яўляецца аўтарам сцэнарыя мастацкага фільма «Уваскрэсная ноч» (1976), тэлевізійнага шматсерыйнага «Час выбраў нас» (1976–1978, з У. Халіпам), навукова-папулярнага «Францыск, сын Скарынін» (1989), дакументальных «Уздоўж і ўпоперак Дняпра» (1990) і «Гетман найвышэйшы» (1992). Напісаў таксама сцэнарыі да радыёспектакляў «Новая зямля» (1976), «Злавеснае рэха» (1984), «У спадчыну – жыццё» (1986), «Надзвычай цяжкая пасада» (1986), лібрэта оперы «Новая зямля» (1982, музыка Ю. Семянякі).
У 1975 г. А. Петрашкевіч атрымаў званне «Заслужаны работнік культуры БССР», у 1976 г. стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР за ўдзел у выданні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. Ён узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалём Францыска Скарыны і інш.