Дата нараджэння: 1470-я Беларусь (?)
Дата смерці: 1533?
Кароткая даведка: беларускі і польскі паэт-гуманіст, мысліцель і асветнік эпохі Адраджэння
Імёны на іншых мовах: Гусовский Микола (руская); Гусовский Николай (руская); Гуссовский Николай (руская);
Сярод плеяды слаўных імён эпохі Адраджэння адно з пачэсных месцаў належыць Міколу Гусоўскаму – прадстаўніку новалацінскай паэзіі, аднаму з заснавальнікаў жанру ліра-эпічнай паэмы ў літаратуры Усходняй Еўропы. У гісторыі сусветнай культуры ёсць нямала прыкладаў, калі сапраўднае значэнне вялікага пісьменніка суайчыннікі адкрывалі і ўсведамлялі толькі праз многія дзесяцігоддзі і нават стагоддзі. Менавіта такі лёс Міколы Гусоўскага, які атрымаў еўрапейскую славу і сапраўднае прызнанне толькі праз чатыры стагоддзі пасля смерці.
Даследчыкамі дакладна не вызначаны гады жыцця паэта. Не акрэслена пакуль што і месца на беларускай зямлі, якое дало свету геніяльнага чалавека, бо паселішчаў і рэк з назвамі Гусаў, Усава, Уса на Беларусі шмат. Адно несумненна, што паэт – выхадзец з беларускіх зямель Вялікага княства Літоўскага. Найбольш верагодна, што нарадзіўся М. Гусоўскі ў сям’і велікакняжацкага лоўчага. У той час лоўчыя былі людзі вольныя, шляхецкага паходжання, яны маглі і не мець зямельнай уласнасці, а жыць толькі са службы. З дзіцячых гадоў хлопчык прывучаўся да паляўнічай прафесіі, якая была цяжкай працай, рыцарскім заняткам, школай мужнасці, сродкам фізічнай і маральнай загартоўкі. У вопытных лоўчых навучыўся будучы паэт чытаць кнігу роднай прыроды, адкрываць тайны звярыных сцежак, ведаць прыметы, якія дазвалялі прадказваць надвор’е і паляўнічае шчасце. Напэўна, М. Гусоўскі пайшоў бы па слядах свайго бацькі, але эпоха Адраджэння адкрыла перад людзьмі новыя магчымасці. Будачага паэта заўважыў сакратар велікакняжацкай канцылярыі Эразм Вітэлій (Цёлка), які выявіў у юнаку дасціпны розум і спрыт, прыблізіў да сябе, павёў у краіну навукі і культуры. Першапачатковую адукацыю М. Гусоўскі атрымаў у адной з кафедральных ці царкоўнапрыходскіх школ у Беларусі, паглыбляў веды ў Вільні, Польшчы і Італіі. Не выключана, што вучыўся ён у Кракаўскім і Балонскім універсітэтах. М. Гусоўскі стаў чалавекам высокай культуры.
У 1520–1522 гг. ён у складзе пасольства Вялікага княства Літоўскага і Каралеўства Польскага пабываў у Італіі. У гэтай “калысцы Адраджэння” канчаткова сфарміравалася творчая індывідуальнасць паэта. Папа Леў X (Джавані Медзічы) быў прыхільнікам гуманістычных ідэй, велікасвецкага ладу жыцця. Менавіта па яго просьбе М. Гусоўскі ў 1522 г. стварае на лацінскай мове галоўны свой твор “Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго”. Напісана паэма на лацінскай мове – на той час мове навукі, культуры, міжнародных зносін у Еўропе. Аднак лёс твора аказаўся драматычным ад самага нараджэння: у снежні 1521 г. у час эпідэміі чумы памёр папа Леў X, а ў верасні 1522 г. – Эразм Вітэлій. З-за недахопу матэрыяльных сродкаў М. Гусоўскі павінен быў пакінуць Рым. Па дарозе дадому ён затрымаўся ў Кракаве, дзе ў 1523 г. паэма была выдадзена разам з некалькімі вершамі. Толькі ў 1855 г. твор перавыдаваўся на лацінскай мове ў Пецербургу, у 1894 г. – на польскай у Кракаве, у 1963 г. – на літоўскай у Вільнюсе. Вершаваны пераклад паэмы на рускую мову здзейснены ў 1968 г. Я. Семяжонам і Я. Парэцкім, а ў 1971 г. – рускімі паэтамі С. Куняевым і І. Шклярэўскім. У 1969 г. “Песня пра зубра” ўпершыню выдадзена на беларускай мове ў перакладзе Я. Семяжона, у 1980 г. – на лацінскай, беларускай і рускай мовах. У 1994 г. чытач змог пазнаёміцца з новым варыянтам славутага твора ў перакладзе У. Шатона.
Паэма “Песня пра зубра” – самы ўдалы твор, якому было суджана доўгае жыццё і вялікая слава. Дзякуючы таленту і багатаму жыццёваму вопыту М. Гусоўскага, яна стала песняй сэрца паэта, гімнам Бацькаўшчыне. Твор прасякнуты любоўю да роднага краю, глыбокім адчуваннем радзімы як месца адзінага і непаўторнага. Аўтар замілавана любуецца пушчай, дзе прайшло яго дзяцінства і юнацтва, захапляецца “дзівосным прыстанкам загадак і цудаў”. Лес і прырода для паэта – “эліксір маладосці, бадзёрасці духу”. У беларускіх пушчах незлічоныя багацці: мноства звяроў, птушак, у нераст рыба кішыць не толькі ў рэках і азёрах, але і ў лужынах. А як маляўніча ён іх апісвае. Хмаркі навіслі на “макаўках кронаў”, ад ранняй вясны да позняй восені пушча напоўнена водарам кветак, спевам птушак. І гэтыя “скарбы свае нашы людзі на золата нават не прамяняюць”. Царом беларускіх лясоў і пушчаў з'яўляецца грозны і магутны асілак – зубр. Такіх магутных звяроў, піша аўтар, прырода захавала толькі ў нас, у Беларусі. Зубр у паэме – алегарычны вобраз роднага краю, сімвал яго былой магутнасці. Надзелены незвычайнай сілай, зубр – звер міралюбівы, бяскрыўдны, калі яго не зачапіць, не патрывожыць. І ён люты, бязлітасны, калі абараняецца пры нападзе ворагаў. Паэт маляўніча апісвае зубрыны статак: тут адлюстраваны і стадны інстынкт, і вернасць у парах, якую можа парушыць толькі смерць, і скрытая сіла, і невычэрпная энергія, і магутнасць. М. Гусоўскі надзяляе зубра здольнасцю мысліць, чуйна рэагаваць на дабро і зло. Безліч радкоў прысвячае паэт паляванню ў пушчы. Аўтар асуджае бессэнсоўнае знішчэнне зуброў, узнімае праблему беражлівых адносін да прыроды. Зубр у паэме параўноўваецца з адважным і смелым князем Вітаўтам, у час княжання якога Вялікае княства Літоўскае дасягнула небывалага росквіту. Вітаўт паказаны ў паэме высакародным, справядлівым, чулым, патрабавальным чалавекам, жорсткім у адносінах да злачынцаў і хабарнікаў. Воінская мудрасць дапамагала князю дасканала рыхтаваць будучых воінаў, прывучаючы іх да вернасці клятве, справядлівасці, бясстрашнасці. Найважнейшым вынікам дзейнасці Вітаўта, лічыць М. Гусоўскі, з'яўляецца тое, што “густа ён справамі век насяліў свой”, і яны прынеслі княству і багацце, і дастатак. У паэме пераплятаюцца вобразы зубра, князя і народа. М. Гусоўскага да глыбіні душы хвалююць усе беды і пакуты беларусаў. Прычыну гаротнага становішча сялян аўтар бачыць у тым, што князі і баяры абыякавыя да іх праблем. Гора і пакуты нясуць простаму люду і войны. М. Гусоўскі асуджае іх як сродак высвятлення адносін паміж людзьмі. Галоўную прычыну паражэнняў паэт бачыць у раз'яднанасці людзей, таму і заклікае ўсіх князёў беларускай зямлі да аб'яднання, адкрыта асуджае міжусобіцы, братазабойствы. Заканчваецца паэма малітвай да Дзевы Марыі, у якой паэт просіць яе спыніць забойствы і кровапраліцці, даць больш мудрасці і раўнавагі князям і ваяводам, супакою, ладу і шчасця свайму пакутнаму краю і народу. М. Гусоўскі ў паэме не толькі апісаў зубрыныя ловы. Ён стварыў узнёслую песню пра беларускую зямлю, пра тое, чым яна багата, пра яе людзей, іх думы і пачуцці, прыроду, жывёльны свет гэтага цудоўнага краю. Гэта споведзь пра любоў і нянавісць, жыццё і смерць, вайну і мір. Паэма заклікае сумленна жыць, змагацца за справядлівасць і праўду, весці няспынную барацьбу за мір і свабоду, за святло і шчасце.
У кракаўскі перыяд жыцця паэт напісаў і апублікаваў паэмы “Новая і слаўная перамога над туркамі” (1524) і “Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта” (1525). На жаль, ні адзін з гэтых твораў не прыбавіў новых лаўраў у вянок паэта. Састарэлы, пакінуты лёсам і цяжка хворы, ён дажываў свае дні ў беднасці. Але да канца жыцця імкнуўся развіваць свае ідэйна-эстэтычныя прынцыпы.
Асобныя творы паэта перакладзены на польскую, літоўскую, рускую і іншыя мовы. У сувязі з 500-годдзем з дня нараджэння М. Гусоўскага яго імя ЮНЕСКА ўнесла ў каляндар памятных міжнародных дат.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2010 г.