Дата нараджэння:
24.01.1885 Полацк, г., Віцебская вобласць
Дата смерці:
21.02.1967
Кароткая даведка:
беларускі і расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст, акцёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі і Беларусі, кавалер ордэна "Знак Пашаны"
Псеўданімы:
Тарич Юрий Викторович; Тарыч Юрый Віктаравіч
Імёны на іншых мовах:
Алексеев Юрий Викторович (руская);
4587 сімвалаў
Даведка
Кінарэжысёр, сцэнарыст, адзін з заснавальнікаў беларускай мастацкай кінематаграфіі Юрый Віктаравіч Тарыч (сапраўднае прозвішча Аляксееў) нарадзіўся ў Полацку (па іншых звестках у г. Плоцку, Польшча) у сям’і расійскага афіцэра. Яго дзіцячыя і юнацкія гады праходзілі ў Варшаве, куды бацьку перавялі на службу. Пасля заканчэння мясцовай гімназіі Ю. Тарыч паступіў у 1903 г. на юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, які не скончыў. У час руска-японскай вайны (1904–1905) служыў санітарам у адным з лазарэтаў на Далёкім Усходзе. Ён быў сведкам кровапралітнай Мукдэнскай бітвы (люты – сакавік 1905 г.), калі колькасць салдат з абодвух бакоў дасягнула паўмільёна, амаль трэцяя частка з іх была знішчана ці атрымала цяжкія раненні. Свае нататкі пра франтавыя падзеі Ю. Тарыч дасылаў у газету “Варшавский дневник”, карэспандэнтам якой з’яўляўся. Пасля заканчэння актыўных ваенных дзеянняў ён вярнуўся ў Варшаву і адразу далучыўся да падпольнай рэвалюцыйнай барацьбы. У снежні 1905 г. быў арыштаваны. На працягу года адбываў пакаранне ў адзіночнай камеры Варшаўскай цытадэлі. Пасля суда ў чэрвені 1906 г. сасланы ў Заходнюю Сібір. Некалькі гадоў знаходзіўся на пасяленні ў в. Тара Табольскай губерні. У 1907 г. уладкаваўся спачатку статыстам, потым штатным акцёрам у Табольскі тэатр. Пазней выступаў у іншых правінцыяльных тэатрах Сібіры. Сярод класічных роляў – Хлестакоў (“Рэвізор” М. Гогаля), Маўчалін (“Гора ад розуму” А. Грыбаедава), Астраў (“Дзядзя Ваня” А. Чэхава), Лаэрт, Яга (“Гамлет”, “Атэла” У. Шэкспіра). Асабліва яркімі былі камедыйныя ролі, якія прыводзілі публіку ў захапленне. З 1912 г. па 1915 г. Ю. Тарыч працаваў у Тамбоўскім тэатры. Гледачам запомніўся вобраз імператара Нерона ў спектаклі “Камо грядеши” (па матывах рамана Г. Сянкевіча).
Пасля заканчэння ссылкі Ю. Тарыч прыехаў у Маскву. Ішла Першая сусветная вайна, і ён добраахвотнікам запісаўся ў дзеючую армію. Службу праходзіў у артылерыі. Пасля дэмабілізацыі ў 1918 г. працаваў у сталічных тэатрах, здымаўся ў кіно. У 1920–1924 гг. з’яўляўся адным з кіраўнікоў Курсанцкага тэатра ў Крамлі, дзе паставіў спектакль-кампазіцыю “Пагібель самадзяржаўя” (1924) і выканаў ролю У. І. Леніна. З 1923 г. Ю. Тарыч пачаў працаваць у кіно як сцэнарыст. У 1924 г. на экраны выйшлі фільмы “Банда бацькі Кныша” А. Разумнага і “Ворагі” Ч. Сабінскага, сцэнарыі да якіх былі напісаны Ю. Тарычам сумесна з Н. Айзіковічам. Кінакарціна “Марока” (1925, пастаўленая разам з Я. Івановым-Барковым) стала яго рэжысёрскім дэбютам. У 1926 г. Ю Тарыч паставіў адзін з лепшых савецкіх гістарычных фільмаў 1920-х гг. “Крылы халопа”, які з поспехам дэманстраваўся на экранах замежных краін. У гэтым жа годзе зняў першы беларускі мастацкі фільм “Лясная быль” паводле аповесці М. Чарота “Свінапас”. Героіка-рамантычная кінастужка адлюстроўвала падзеі грамадзянскай вайны ў Беларусі. У 1928–1939 гг. Ю. Тарыч працаваў на кінастудыі “Савецкая Беларусь”, дзе зняў фільмы “Да заўтра” (1929), “Нянавісць” (1930), “Вышыня 88,5” (1931), “Шлях карабля” (1935), “Адзінаццатае ліпеня” (1938) і інш. Творчасць гэтага перыяду вызначалася спалучэннем рэальных гістарычных падзей з мастацкім вымыслам, рамантызму з псіхалагізмам, тонкім адчуваннем беларускай прыроды. У студзені 1935 г. Ю. Тарыч атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў РСФСР у гэтым жа годзе стаў заслужаным дзеячам мастацтваў БССР, пазней быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны” (1950), у гонар дзесяцігоддзя беларускай кінавытворчасці – граматай ЦВК БССР і каштоўным падарункам.
У час Вялікай Айчыннай вайны Ю. Тарыч працаваў на Цэнтральнай аб'яднанай кінастудыі ў Алма-Аце. Удзельнічаў у стварэнні кіназборніка “Беларускія навелы”, для якога разам з У. Корш-Сабліным зняў навелу “На кліч маці” (1942). У 1943–1945 гг. з’яўляўся мастацкім кіраўніком кінастудыі “Манголкіно”, потым працаваў у Маскве. У пачатку 1950-х гг. зняў на “Беларусьфільме” некалькі кіначасопісаў, кінанарысаў, навукова-папулярных і дакументальных фільмаў. У 1961 г. ён стаў мастацкім кіраўніком кінаальманаха маладых рэжысёраў і аператараў “Апавяданні пра юнацтва”, прысвечанага 40-годдзю камсамола Беларусі, які складаўся з чатарох кароткаметражных фільмаў.
Юрый Віктаравіч Тарыч памёр 21 лютага 1967 г. Пахаваны на Ваганькаўскіх могілках у Маскве. Рэжысёру прысвечаны дакументальны фільм кінастудыі “Беларусьфільм” “Юрый Тарыч” (1984), спектакль тэатра-студыі кінаакцёра “Старонкі яго палёту” (1985), тэлевізійная пастаноўка В. Вярбоўскай “Заўсёды Ваш Тарыч” (1986), відэафільм “Юрый Тарыч. Пачатак” (2004). У 2010 г. у Полацку ўстаноўлены бюст рэжысёра (скульптар Л. Мінкевіч).