Зарэцкі Міхась (сапраўднае імя Касянкоў Міхаіл Яўхімавіч)
Дата нараджэння:
20.11.1901 Высокі Гарадзец, в., Талачынскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерці:
29.10.1937
Кароткая даведка:
пісьменнік, драматург, адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў рамантычнага напрамку ў беларускай савецкай прозе, перакладчык, крытык, удзельнік літаратурна-грамадскага руху, адзін з ініцыятараў утварэння літаб'яднання "Полымя" (1927–1932)
Псеўданімы:
Зарецкий Михась; Зарэцкі Міхась
Імёны на іншых мовах:
Косенков Михаил Ефимович (руская);
4621 сімвал
Даведка
Міхась Зарэцкі – пісьменнік-наватар, прыхільнік рамантычнага кірунку ў беларускай прозе 20-х гг. XX ст. Ён стварыў шэраг твораў, якія прыметна ўзбагацілі беларускае слоўнае мастацтва ў ідэйна-тэматычным, жанрава-стылявым, вобразна-выяўленчым плане і па праву належаць да лепшых дасягненняў нацыянальнага прыгожага пісьменства.
Нарадзіўся М. Зарэцкі (Міхаіл Яўхімавіч Касянкоў) у с. Высокі Гарадзец Талачынскага раёна ў сям’і дзяка. У дзесяцігадовым узросце стаў вучнем Аршанскага духоўнага вучылішча, а праз чатыры гады – Магілёўскай духоўнай семінарыі. Калі пачаліся рэвалюцыйныя падзеі, юнак кінуў вучобу. З 1919 г. М. Зарэцкі настаўнічаў у пачатковай школе на Магілёўшчыне, узначальваў Шклоўскі валасны аддзел народнай асветы. Сур’ёзнай школай жыцця стала для будучага пісьменніка служба ў Чырвонай Арміі, дзе на пасадзе палітработніка знаходзіўся з 1920 па 1927 г. Працаваў у Віцебску і Полацку загадчыкам армейскага клуба. У 1924 г. уступіў у літаратурную арганізацыю “Маладняк” і стаў адным з яе кіраўнікоў. Пасля дэмабілізацыі і пераезду ў Мінск малады пісьменнік паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, потым працаваў у Акадэміі навук БССР. У лістападзе 1936 г. па лжывым даносе арыштаваны. У 1937 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, рэабілітаваны ў 1957 г.
Першым друкаваным творам М. Зарэцкага стала апавяданне “Спатканне”, якое было змешчана ў 1922 г. у газеце “Савецкая Беларусь”. З-пад яго пяра выходзіла шмат апавяданняў, якія пазней склалі асобныя зборнікі “У віры жыцця”, “Пела вясна” (абодва 1925), “Пад сонцам”, “42 дакументы і Двое Жвіроўскіх” (абодва 1926), “На чыгунцы” (1928) і інш. Змешчаныя творы атрымалі ў большасці сваёй высокую ацэнку крытыкі і былі прыхільна сустрэты чытацкай аўдыторыяй. Пачынаў пісьменнік з традыцыйнай рэалістычна-бытавой прозы. Пра гэта сведчаць раннія творы “Цішка Бабыль”, “Як гэта часам трапляецца”, “З нашых дзён”, “Ноччу”. Міхась Зарэцкі смела заглыбляўся ў сацыяльныя супярэчнасці жыцця, закранаў вострыя, надзённыя тэмы, якія найбольш яскрава знайшлі адлюстраванне ў апавяданнях “Ворагі”, “Адна партыя ў шашкі”, “Кветка пажоўклая”. Асаблівую цікавасць у маладога празаіка выклікалі тэмы моладзі, кахання, сям’і, шлюбу, духоўнага станаўлення чалавека, узаемаадносін паміж людзьмі. Некаторыя апавяданні – “Спакуса”, “Гануля”, “Камсамолка”, “У велікодную ноч”, “Як Настулька камсамолкай зрабілася”, “Пела вясна” – тыповая маладнякоўская проза ранняй пары, бадзёра-ўзвышаная, паэтычная, прасякнутая аптымізмам. Значнымі аказаліся ідэйна-мастацкія пошукі М. Зарэцкага ў апавяданнях “Бель”, “Дзіўная”, “Пра майго прыяцеля”, “Радасць”, “Паэма пра чорныя вочы”, “Ракавыя жаронцы”, “Максімаліст”, “Ой, ляцелі гусі...”. Прыгаданыя творы наглядна дэманструюць бясспрэчны рост майстэрства, вастрыню сацыяльнага позірку пісьменніка, яго здольнасць чуйна ўлаўліваць сімптомы нараджэння новага ў грамадскім жыцці, псіхалогіі чалавека.
У 1928 г. з друку выйшаў раман “Сцежкі-дарожкі”, які стаў значнай падзеяй літаратурнага жыцця. Гэта быў першы буйны празаічны твор у беларускай літаратуры, дзе зроблена спроба паказаць лёс простага народа на фоне гістарычных падзей. Герой і абставіны існуюць у арганічнай узаемасувязі. Характар героя выяўляецца ў дзеянні, працэсе грамадскай практыкі і адначасова праз няспынны роздум, сумненні, перажыванні, самапазнанне. У творы шырока выкарыстана форма дыялога, тут шмат спрэчак, палемікі, вострых інтэлектуальных сутыкненняў. Вынікам мастацкага асваення сучаснага матэрыялу з’явіўся раман “Вязьмо”, напісаны ў 1932 г. і прысвечаны калектывізацыі вёскі. Міхась Зарэцкі стварыў жывыя вобразы людзей, напоўненыя глыбокім сацыяльна-гістарычным зместам, як выдатны псіхолаг заглянуў у душу чалавека, які спрадвеку чакаў лепшага жыцця.
Плённа працаваў пісьменнік і ў драматургіі. Яго п’есы “Віхор на балоце” (1928), “Белыя ружы” (1928–1929), “Ная” (1936) у свой час ставіліся тэатрамі, мелі вялікую папулярнасць. Яны каштоўныя вастрынёй пастаноўкі актуальных праблем часу, смелым, наватарскім падыходам мастака да іх вырашэння. Аўтарская пазіцыя раскрываецца не дэкларатыўна, а праз характары дзейных асоб, іх учынкі, эвалюцыю поглядаў і паводзін. У розныя перыяды творчасці М. Зарэцкі выступаў як крытык, публіцыст, перакладчык. На беларускай мове загучалі “Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну” (частка першая) Я. Гашака, “Цэмент” Ф. Гладкова.
Творчая спадчына пісьменніка прыцягвае ўсё большую ўвагу даследчыкаў, якія спрабуюць па-новаму, поўна і ўсебакова ацаніць яго ролю ў развіцці нацыянальнай літаратуры.