Дата нараджэння:
04.02.1934 Вётхава, в., Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерці:
28.05.2018
Кароткая даведка:
фалькларыст, адзін з першых даследчыкаў каляндарна-абрадавай паэзіі беларусаў, праблематыкі заходнебеларускага духоўнага жыцця, літаратуразнавец, краязнавец, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986)
Імёны на іншых мовах:
Lis Arseny Sergeevich (не вызначана); Лис Арсений Сергеевич (руская);
3260 сімвалаў
Даведка
Творчы здабытак выдатнага фалькларыста і краязнаўца Арсеня Сяргеевіча Ліса з’яўляецца важкім укладам у захаванне і папулярызацыю каштоўных ведаў пра нацыянальную культуру, гісторыю і традыцыі нашага народа.
Нарадзіўся ён у в. Вётхава Маладзечанскага павета Віленскага ваяводства (цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці) у сялянскай сям’і. Рос у асяроддзі, дзе паважалі мастацкае слова: шмат спявалі, чыталі і расказвалі па памяці творы класікаў беларускай літаратуры – Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, Ф. Багушэвіча і інш. Сярод яго любімых кніг былі «Родны край» Л. Гарэцкай, «Другое чытанне для дзетак беларусаў» і «На ростанях» Я. Коласа. Пасля заканчэння Смаргонскай сярэдняй школы ў 1951 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. Лекцыі і сустрэчы з вядомымі беларускімі дзеячамі навукі і мастацтва Ю. С. Пшырковым, М. Р. Ларчанкам, М. Танкам, А. Васілевіч, Р. Шырмам аказалі вялікае ўздзеянне на будучага філолага. Працоўную дзейнасць А. С. Ліс пачаў выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў Шаркаўшчынскай сярэдняй школе, адначасова загадваў педагагічным кабінетам Шаркаўшчынскага раёна. З 1957 г. быў рэдактарам рэдакцыі мастацкай літаратуры Дзяржаўнага выдавецтва БССР у Мінску.
У 1959 г. А. С. Ліс паступіў у аспірантуру пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, у 1962 г. стаў яго навуковым супрацоўнікам. У 1965 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Народно-поэтическое творчество Западной Белоруссии (1919–1939)», у 1996 г. – доктарскую на тэму «Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: сістэма жанраў, эстэтычны аспект». Даследаваў таксама літаратуру, гісторыю, краязнаўства, культуру, перыядычны друк Заходняй Беларусі, збіраў каляндарна-абрадавую паэзію. З’яўляўся аўтарам артыкулаў у газетах, часопісах, навуковых зборніках, энцыклапедыях, пісаў вершы, рабіў пераклады. Яго першы нарыс «Мастак Павел Южык» быў надрукаваны ў газеце «Літаратура і мастацтва» яшчэ ў 1955 г. У далейшым выйшлі з друку наступныя кнігі: «Браніслаў Тарашкевіч» (1966), «Мікола Шчакаціхін: хараство непазнанай зямлі» (1968), «Пётра Сергіевіч» (1970), «Вечны вандроўнік» (1984) і інш. У суаўтарстве і асобна напісаў сцэнарыі да дакументальных фільмаў «Песня на ўсё жыццё» (1984), «Прысады жыцця» (1985), «Зямля Тарашкевіча» (1991), «Адвечныя званы» (1993), «Старажытнае слова. Лёс Міхала Баброўскага» (2011) і інш.
Як даследчык і збіральнік фальклору, А. С. Ліс унёс значны ўклад у фарміраванне калекцыі фальклорных запісаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. У 1960–1982 гг. удзельнічаў у палявых экспедыцыях, папоўніў збор 1157 унікальнымі песнямі, баладамі, прыпеўкамі, прыказкамі, прымаўкамі. Гэтыя запісы сталі асновай для шматлікіх артыкулаў, а таксама грунтоўных публікацый «Купальскія песні» (1974), «Валачобныя песні» (1989), «Жніўныя песні» (1993), «Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: сістэма жанраў: эстэтычны аспект» (1998), «Беларуская каляндарна-абрадавая песня ў кантэксце фальклорных традыцый славян» (2008) і інш. Як адзін з укладальнікаў, аўтараў уступных артыкулаў і каментарыяў шматтомнага акадэмічнага збору «Беларуская народная творчасць» А. С. Ліс у 1986 г. быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР.