Кароткая даведка:
беларускі і расійскі вучоны-славіст, краязнавец, пісьменнік
Псеўданімы:
Bіalorusіn; Корницкий Н.
Імёны на іншых мовах:
Янчук Николай Андреевич (руская);
Крыптанімы:
Н.Я.; Я.; Я.Н.
5054 сімвалы
Даведка
Сярод дзеячаў айчыннай навукі і культуры на пераломе эпох – канец XIX – пачатак XX ст. – вылучаецца імя выдатнага вучонага-этнографа, фалькларыста, літаратуразнаўца і музыказнаўца Мікалая Андрэевіча Янчука.
Нарадзіўся Мікалай Андрэевіч у сям’і прыгоннага селяніна ў вёсцы Карніца Седлецкай губерні (цяпер Польшча). Пасля адмены прыгоннага права яго бацькі сталі аднымі з самых заможных сялян вёскі. Усе Янчукі былі пісьменнымі. Мікалай паспяхова скончыў школу ў Карніцы і паступіў у Бельскую гімназію. У фарміраванні яго светапогляду вялікую ролю адыграла сям’я Гарднераў, у якой ён працаваў хатнім настаўнікам. Тут ён пачаў вывучаць замежныя мовы, заняўся музыкай, што значна дапамагло яму ў далейшым як збіральніку і гарманізатару народных песень. Калі памёр бацька, М. Янчук разам з сям’ёй Гарднераў пераехаў у Маскву і паступіў у прэстыжную па тым часе гімназію, пасля заканчэння якой стаў студэнтам славяна-рускага аддзялення Маскоўскага універсітэта. У час вучобы ва універсітэце будучы вучоны захапіўся этнаграфіяй і фальклорам. Вывучаць фальклор ён пачаў у роднай вёсцы, куды неаднаразова наведваўся. У 1886 г. у “Трудах отдела этнографии” Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім універсітэце была апублікавана яго праца “Малорусская свадьба в Корницком приходе Константиновского уезда Седлецкой губернии”, а самога М. Янчука прынялі ў члены гэтага таварыства. Пасля заканчэння універсітэта ён нейкі час працаваў настаўнікам. У 1892 г. быў прызначаны памочнікам бібліятэкара Румянцаўскага музея, а з 1897 г. стаў хавальнікам яго этнаграфічнага аддзялення, так званага Дашкаўскага этнаграфічнага музея. Працы ў гэтай установе вучоны аддаў шмат сіл, часу і энергіі. М. Янчук склаў “Иллюстрированный справочник этнографического музея”, які неаднаразова перавыдаваўся. Каля двух дзесяцігоддзяў М. Янчук працаваў у часопісе “Этнографическое обозрение”, ініцыятарам стварэння якога і рэдактарам ён быў. На старонках гэтага выдання публікавалася шмат матэрыялаў па этнаграфіі і народнай творчасці Беларусі. Пасля кастрычніка 1917 г. М. Янчук чытаў лекцыі ў Маскоўскім універсітэце, быў членам Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве, удзельнічаў у рабоце камісіі па арганізацыі Беларускага універсітэта, быў зацверджаны ў ім прафесарам. Чытаць курс этнаграфіі ён ездзіў з Масквы ў Мінск, але аднойчы па дарозе захварэў на тыф і памёр. Пахаваны быў спачатку на невялікіх могілках у двары Румянцаўскай бібліятэкі, затым прах перанеслі на Навадзевічыя могілкі.
Круг навуковых інтарэсаў М. Янчука быў надзвычай шырокі. Ён вывучаў побыт, матэрыяльную культуру рускага, украінскага, беларускага і іншых народаў, паклаў пачатак даследаванню беларускай песеннай творчасці. Акрамя ўжо названай музычна-фальклорнай працы “Малорусская свадьба…” яму належыць напісанае па выніках этнаграфічнай экспедыцыі даследаванне “По Минской губернии”, у якім ён адлюстраваў жыццё беларусаў, іх духоўную культуру, а ў дадатку змясціў 158 беларускіх песень і 33 нотныя запісы мелодый. Высокую ацэнку беларускай песеннай творчасці М. Янчук даў у “Этнографическом очерке Беларуси”, апублікаваным у выданні “Курс белоруссоведения. Лекции, читанные в Белорусском народном университете в Москве летом 1918 года”. У гэтай рабоце даследчык падкрэсліў, што беларускі народ па сваёй культуры стаіць на адным узроўні з суседнімі народамі і мае права на самастойнае існаванне.
М. Янчук вядомы не толькі як этнограф, фалькларыст і музыказнавец. Ён быў аўтарам шэрага прац па літаратуразнаўстве. Даследаваў творчасць А. Пушкіна, Т. Шаўчэнкі, перакладаў мастацкія творы з чэшскай і польскай моў, пераклаў на рускую мову некалькі вершаў Я. Купалы. У курсе лекцый па беларускай і ўкраінскай літаратуры, які ён прачытаў у Маскоўскім універсітэце, даследчык раскрыў гістарычныя ўмовы ўзнікнення і развіцця беларускай пісьменнасці, ахарактарызаваў дзейнасць Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага, разгледзеў юрыдычныя помнікі, Літоўскі статут, “Прадмову Мялешкі”, беларускія летапісы, прааналізаваў свецкую літаратуру. Асобным выданнем гэтыя лекцыі выйшлі пад назвай “Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры. Старадаўні перыяд” ужо пасля смерці вучонага ў 1922 г. Спрабаваў свае сілы М. Янчук і ў драматургіі. Яго п’есы ставіліся ў тэатрах Масквы і іншых гарадоў. Літаратурныя творы пісаў на рускай мове і палескай гаворцы.
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі асобнай калекцыяй захоўваецца бібліятэка М. Янчука, якая складаецца ў асноўным з выданняў XIX – пачатку XX ст. і ўключае кнігі па этнаграфіі, зборнікі фальклору народаў Расіі і свету, першыя выданні беларускіх літаратурных класікаў, кнігі па гісторыі і археалогіі Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, музейныя і кнігагандлёвыя каталогі, календары, часопісы. Гонар калекцыі – першыя кнігі эпохі станаўлення беларускай нацыянальнай літаратуры. Кнігазбор прафесара М. Янчука паступіў у фонд бібліятэкі ў 1922 г. У гады вайны быў вывезены немцамі за межы Беларусі, потым часткова вернуты. Налічвае каля 2 тыс. адзінак захоўвання.