Альберт Францавіч Паўловіч нарадзіўся ў Мінску ў мяшчанскай сям’і. У 1894 г. скончыў Мінскае чатырохкласнае гарадское вучылішча. Працаваў канторшчыкам у Галоўнай бухгалтэрыі ўпраўлення Лібава-Роменскай чыгункі, дзе павышаў кваліфікацыю шляхам самаадукацыі, потым быў памочнікам бухгалтара, бухгалтарам. У 1932 г. пераехаў у Маскву, дзе жыў да 1941 г. У час Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся на Урале. З 1945 г. жыў у Курску.
Публікаваўся пісьменнік з 1907 г. у перыядычных выданнях «Маладая Беларусь», «Беларус», «Лучынка», «Дзянніца», «Гоман» і інш. Друкаваў жартаўлівыя сцэнкі, гумарыстычныя замалёўкі, апісанні рэальных жыццёвых падзей. Першым творам на беларускай мове быў верш «Песня». Потым былі выдадзены зборнік «Снапок» (1910) і драма «Васількі» (1919). Творчасць пісьменніка мае цесна звязана з фальклорам. Паэт у творах выкрываў махлярства, гультайства, хітрасць, неахайнасць. Высмейванне ў вершах выступала ў іранічнай форме, сустракалася вострая сатыра («Сыноўняя апека», «З кірмашу», «Пан і акуляры», «Ракі» і інш.). Гумарыстычныя вершы разнастайныя па жанрах – вершаваныя апавяданні, гумарэскі, жарты, байкі і інш. Ім уласцівы гутарковы стыль і вобразнасць. Асноўныя тэмы творчасці ‒ сялянскае жыццё, побыт, характары людзей. Вядомасць атрымалі сацыяльна-грамадзянская, патрыятычная, пейзажная, любоўная, філасофская лірыка. Альберт Францавіч – аўтар літаратуразнаўчых і мастацтвазнаўчых артыкулаў. Перакладаў з рускай, украінскай, польскай, літоўскай, кітайскай моў. Займаўся жывапісам, вышываннем дываноў, прымаў удзел у мастацкіх выстаўках.