Кароткая даведка:
пісьменнік, публіцыст, літаратуразнавец, крытык, грамадскі дзеяч, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1998), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2005)
Імёны на іншых мовах:
Скобелев Эдуард Мартинович (руская);
3921 сімвал
Даведка
Нарадзіўся будучы пісьменнік у Мінску ў сям’і ваеннага інжынера-будаўніка. У 1953 г. скончыў сярэднюю школу ў Ташкенце, у 1959 г. – Маскоўскі Дзяржаўны інстытут міжнародных зносін. З 1959 г. працаваў у пасольстве СССР у Швейцарыі, з 1961 г. – у Міністэрстве замежных спраў БССР, з 1966 г. – у апараце ЦК КПБ. З 1991 г. быў намеснікам дырэктара Міжнароднага цэнтра Акадэміі кіравання пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, з 1994 г. працаваў у Беларускім інстытуце інфармацыі і прагнозу пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З 1996 г. з’яўляўся галоўным рэдактарам “Информационного бюллетеня Администрации Президента Республики Беларусь”. З 2007 г. быў саветнікам-кансультантам Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
З артыкуламі Э. Скобелеў пачаў выступаць у друку з 1964 г. З 1966 г. публікаваў вершы, якія потым увайшлі ў зборнікі паэзіі “Дорога” (1969, першая кніга паэта), “Капли дождя” (1973), “Вечерние тени” (1977), “Мой дом” (1988). Яго вершы вызначаюцца афарыстычнасцю, лаканізмам, глыбокім філасофскім сэнсам.
У 1996 г. Э. Скобелеў выдаў зборнік чатырохрадкоўяў “Славянские сутры”, у якім, выкарыстоўваючы даволі сціслую форму, разважае пра філасофію жыцця і смерці, гонару і годнасці, патрыятызме, грамадзянскім абавязку, духоўным здароўі людзей. У 2000-я гг. выйшлі кнігі вершаў “Венки сонетов”, “Тревога в сердце вашем – боль моя”, “Минская тетрадь”, “Сочинская тетрадь” і інш.
Значнага поспеху дасягнуў Э. Скобелеў у такім літаратурным жанры, як драматычная паэма, аб чым сведчыць кніга “Из тьмы светлеющие лики” (1983). Выданне ўключае тры творы: “На Куликово – трудный путь” апавядае пра гераічны подзвіг рускага народа ў барацьбе супраць татара-мангольскай арды, “Слёзы Джордано” расказвае пра трагічны лёс італьянскага філосафа і вучонага эпохі Адраджэння Джардана Бруна, “Эдип безумный” уяўляе арыгінальны варыянт асэнсавання антычнага міфа. Вершаваныя драмы, прысвечаныя С. Полацкаму, К. Лышчынскаму, Я. Купалу, увайшлі ў зборнікі “Фигуры” (1986) і “Хранители света” (1991).
У празаічных творах Э. Скобелеў звяртаўся да разнастайнай тэматыкі: гістарычнай (раманы “Мирослав – князь Дреговичский”, “Свидетель”) і антываеннай, маральна-этычнай праблематыкі (раманы “Катастрофа”, “Беглец”, “Прыжок дьявола” і інш.).
На старонках перыядычнага друку пісьменнік часта выступаў з артыкуламі і эсэ, дзе адстойваў вышэйшыя ідэалы, інтарэсы чалавека працы, інтэлігента, аператыўна адгукаўся на самыя актуальныя праблемы сучаснасці.
Яшчэ ў 1980-я гг. Э. Скобелеў заявіў пра сябе як дзіцячы пісьменнік. У 1982 г. ён стаў лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор для дзяцей і юнацтва за аповесць “Загадка епископа”. Пасля з’явіліся прыгодніцка-займальныя аповесці-казкі “В стране зеленохвостых” і “В стране голубых туманов”, якія склалі зборнік “Приключения Арбузика и Бебешки” (1983; экранізаваныя ў 1986 г. пад назвай “Полет в страну чудовищ”), аповесці “Пацаны купили остров” (1989), “Властелин времени” (1992) і інш. Дзіцячыя творы пісьменніка характэрызуюцца сюжэтным дынамізмам і павучальнасцю. У 1997 г. выйшаў зборнік “Необыкновенные приключения Арбузика и Бебешки”, які дапоўніла аповесць “Сокрушение “несокрушимых”. За гэту кнігу, а таксама за напісаны ў жанры сказанняў твор “Удивительные приключения пана Дыли и его друзей, Чосека и Гонзасека” у 1998 г. пісьменнік быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. У 1996 г. Э. Скобелеў атрымаў ганаровае званне “Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь.
На працягу шматгадовай творчай дзейнасці пісьменнік працаваў амаль ва ўсіх жанрах літаратуры – ад раманаў і паэтычных драм, чатырохрадкоўяў і публіцыстыкі да дзіцячых казак. Паэтычныя і празаічныя творы Э. Скобелева вылучаюцца сінтэзам філасофскага, маральна-этычнага і эстэтычнага напрамкаў, тэндэнцыйнасцю і пэўнай дыдактычнасцю ў мастацкім узнаўленні рэчаіснасці і чалавека.