Кароткая даведка:
архітэктар, педагог, заслужаны архітэктар Беларусі
Імёны на іншых мовах:
Аникин Виктор Иванович (руская);
4029 сімвалаў
Даведка
Віктар Іванавіч Анікін нарадзіўся 14 студзеня 1918 г. у г. Алатыр (Чувашыя). Скончыў архітэктурны факультэт Ленінградскага інжынерна-будаўнічага інстытута (1940) па спецыяльнасці “архітэктар-праекціроўшчык жылых і грамадскіх будынкаў”. Маладога спецыяліста накіравалі ў трэст “Магнітабуд”, але ў жніўні гэтага ж года Віктара Анікіна прызвалі ў армію. Вялікую Айчынную вайну ён сустрэў на Заходнім фронце.
Пасля дэмабілізацыі (1946) працаваў у Вільнюсе раённым архітэктарам, затым творчым кіраўніком у праектных арганізацыях літоўскай сталіцы. За 12 гадоў работы ў Літве В.І. Анікін стварыў шэраг праектаў значных грамадскіх будынкаў і жылых комплексаў. Сярод іх – рэспубліканскі стадыён, бібліятэка са сховішчам на 3 млн. экз., мост праз раку Нерыс, адміністрацыйныя будынкі міністэрстваў лясной прамысловасці і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. У суаўтарстве распрацаваў шэраг серый тыпавых праектаў жылых будынкаў, якія атрымалі масавае распаўсюджанне ў будаўніцтве Літвы. За актыўны ўдзел у аднаўленні і добраўпарадкаванні Вільнюса Віктар Іванавіч у красавіку 1949 г. быў узнагароджаны Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР.
З 1958 г. творчае жыццё дойліда звязана з Беларуссю. Ён працаваў у інстытуце “Белдзяржпраект” галоўным архітэктарам праектаў, затым узначаліў архітэктурна-планіровачную майстэрню, у 1962 г. атрымаў пасаду галоўнага архітэктара інстытута. Як самастойна, так і ў аўтарскім калектыве В.І. Анікін распрацаваў шэраг горадабудаўнічых праектаў. Гэта забудовы мікрараёнаў у Мінску: Серабранка, Вяснянка, па вуліцы Чкалава, а таксама падобныя праекты ў Светлогорску і Брэсце. Ён кіраваў распрацоўкай генеральных планаў абласных цэнтраў рэспублікі – Магілёва, Гродна, Брэста. Пры непасрэдным удзеле Віктара Іванавіча створаны такія конкурсныя і эксперыментальныя праекты жылых раёнаў, як Усход у Мінску, Паўднёвы ў Брэсце.
У 1964 г. В.І. Анікін перайшоў у Беларускі політэхнічны інстытут (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт) на выкладчыцкую работу. Звыш 30 гадоў творчага жыцця дойлід прысвяціў выхаванню маладых архітэктараў. Спачатку ён дацэнт кафедры архітэктуры, затым загадчык кафедры прамысловых будынкаў і кафедры горадабудаўніцтва, з 1968 г. прафесар кафедры горадабудаўніцтва. В.І. Анікін адзін з арганізатараў падрыхтоўкі на факультэце архітэктараў прамысловай спецыялізацыі.
Віктар Іванавіч выконваў вялікую работу па абагульненні вопыту забудовы жылых раёнаў у гарадах краіны, аўтар і суаўтар больш чым 120 прац, сярод якіх вылучаюцца “Архитектурное проектирование жилых районов” (1987), “Градостроительство Белоруссии” (1988), “Архитектура Советской Белоруссии” (1991). Ён таксама аўтар кніг “Город-герой Минск” (1976) і “Брестская крепость – герой” (1981), вучэбных дапаможнікаў і вучэбна-метадычных выданняў. У 1997 г. выйшла апошняя кніга Віктара Іванавіча “Минск”, прысвечаная архітэктурнаму развіццю сталіцы. Пералічаныя і іншыя працы ўяўляюць вялікую цікавасць як для спецыялістаў, так і для шырокай грамадскасці. Архітэктурны талент у спалучэнні з высокім прафесіяналізмам і вялікім практычным вопытам дазволілі В.І. Анікіну стаць адным з лідэраў айчыннай архітэктурнай адукацыі. Яго шматлікія вучні працуюць у многіх інстытутах і архітэктурна-будаўнічых установах. Ён выхаваў шэраг педагогаў, якія паспяхова рыхтуюць дойлідаў краіны.
Віктар Іванавіч актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці. На працягу шэрагу гадоў ён з’яўляўся членам рады, старшынёй Саюза архітэктараў Беларусі, членам рэдкалегіі часопіса “Архитектура Белоруссии”. Прыняў удзел у падрыхтоўцы біяграфічнага даведніка “Архитекторы Советской Белоруссии”.
Талент дойліда, вучонага, педагога быў высока ацэнены краінай. За шматгадовыя творчыя дасягненні В.І. Анікіну прысвоена званне заслужанага архітэктара Беларусі (1980). Ён быў абраны членам-карэспандэнтам Беларускай акадэміі архітэктуры. Імя В.І. Анікіна назаўсёды застанецца ў гісторыі беларускай архітэктуры і горадабудаўніцтва.