Дата нараджэння:
21.01.1818 Мсціслаўскі павет, Магілёўская губерня
Дата смерці:
23.11.1886 Польшча
Кароткая даведка:
беларускі і польскі этнограф, археолаг, публіцыст, выдавец, гісторык літаратуры, грамадскі дзеяч, акадэмік АН у Кракаве
Псеўданімы:
Валігурскі Ян; Вилигурский Ян; Саборы; Ян из Сливина; Ян са Слівіна; Яцак; Яцек
Імёны на іншых мовах:
Киркор Адам Ганорий Карлович (руская);
4175 сімвалаў
Даведка
Выдатны вучоны, чалавек энцыклапедычных ведаў, яркі прадстаўнік навуковай думкі XIX ст., Адам Ганоры Карлавіч Кіркор адыграў значную ролю ў станаўленні беларускай навукі.
Нарадзіўся А. Кіркор у в. Слівіна Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Манастыршчынскі раён, Смаленскай вобласці). Бацькі належылі да небагатага шляхецкага роду, валодалі невялікім фальваркам у Клімавіцкім павеце. А. Кіркор вучыўся ў Магілёўскай і Віленскай гімназіях.
Яшчэ ў час навучання ў Вільні ён пачаў цікавіцца народнай міфалогіяй, легендамі, казкамі, побытам беларускіх сялян і напісаў першы артыкул “Рэшткі язычніцкіх звычаяў на Беларусі” (1839). Канец 50-х гг. прынёс Кіркору прызнанне сур’ёзнага даследчыка народнай творчасці Паўночна-Заходняга краю. У 1838 г. Кіркор паступіў на службу ў Віленскую казённую палату, але літаратурна-навуковых заняткаў не кінуў, пісаў літаратурныя і тэатральныя рэцэнзіі; у 1843, 1845–1846 гг. выдаваў альманахі “Radegast” (“Радэгаст”) і “Pametniki umyslave” (“Разумовыя дзённікі”). У 1849 г. стаў членам Віленскага статыстычнага камітэта і неўзабаве заняў пасаду яго сакратара і рэдактара губернскіх “Памятных кніжак” (1850–1854), дзе змяшчаў багатыя матэрыялы па гісторыі і статыстыцы Віленшчыны.
Шмат часу А. Кіркор аддаваў і археалогіі, ён раскапаў больш за тысячу курганоў і перадаў сотні рэчаў у Віленскі музей старажытнасцей. Сярод 174 зарэгістраваных у яго альбоме прадметаў археалогіі больш за ўсё з Віленскага павета. Былі тут і рэдкія знаходкі з Траецкай гары Мінска і інш. Навуковец актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі Музея старажытнасцей у Вільні і стаў яго захавальнікам і сакратаром археалагічнай камісіі. У 1859 г. у зборніку “Запіскі археалагічнай камісіі” А. Кіркор змясціў артыкул “Значэнне і поспехі археалогіі ў наш час”.
Па праграме Рускага геаграфічнага таварыства, правадзейным членам якога А. Кіркор з’яўляўся, вучоны выканаў і апублікаваў працу “Этнаграфічны погляд на Віленскую губерню” (1857–1859). Публікацыя складалася з уводзін і шасці радзелаў з дадаткам слоўніка беларуска-крывіцкай гаворкі і тэкстаў фальклорных твораў. Акрамя гэтай працы, якая была асабліва каштоўнай для беларускай навукі, А. Кіркор друкаваў навуковыя матэрыялы ў рускай і польскай перыёдыцы, падрыхтаваў некалькі папулярных даведнікаў па Вільні.
Свае погляды па археалогіі, этнаграфіі, культуры старажытнай Беларусі А. Кіркор выказаў у шэрагу нарысаў, напісаных ім для працы “Живописная Россия”. Багаты вопыт вывучэння Панямоння, Падзвіння, Падняпроўя даў яму права заключыць: “Беларусь – край магіл, курганоў, гарадзішчаў, гарадкоў, урочышчаў, замкаў, замчышчаў, край, дзе амаль ці не на кожным кроку вы сустракаеце сляды мінулага ў помніках, гутарках, песнях”*.
Займаючыся навуковай працай А. Кіркор не пакідаў і сваіх выдавецкіх памкненняў. У 1857 г. ён выдаваў неперыядычны зборнік “Teka Wilenska” за подпісам Яна са Слівіна. У 1859 г. заснаваў уласную друкарню, у якой выдаваў шэраг навуковых і мастацкіх кніг. З 1860 г. выдаваў і рэдагаваў галоўную газету літоўска-беларускага рэгіёна “Виленский вестник” (на польскай і рускай мовах).
Добра ведаючы народ, А. Кіркор марыў пра адраджэнне беларускай мовы, культуры, літаратуры. Вакол Адама Кіркора згуртавалася нямала такіх вядомых дзеячаў, як У. Сыракомля, В. Каратынскі, А. Вярыга-Дарэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч і інш. Аб ідэйных поглядах вучонага, яго грамадскай пазіцыі, а таксама аб дачыненні да падзей 1863 г. сярод даследчыкаў няма адзінай думкі, як не было яе і сярод яго сучаснікаў. У канцы сямідзесятых гадоў А. Кіркор перабраўся ў Пецярбург. Некаторы час выдаваў разам з М. Юматавым газету “Новое время”, і ўжо ў немаладым узросце пераехаў у Кракаў, дзе працягваў займацца навуковай і журналісцкай дзейнасцю. З прац гэтага перыяду асаблівую цікавасць маюць даследаванні “Нарысы сучаснай рускай літаратуры” (1873), “Пра літаратуру братніх славянскіх народаў” (1874). Кіркор шмат зрабіў для свайго народа ў розных галінах навукі і культуры, адыграў прыкметную ролю ў станаўленні новай беларускай літаратуры.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2007 г.
* Цыт. па: Каханоўскі, Г. Прадвесне навукі / Г. Каханоўскі. Мінск, 1990. С. 39.