Дата нараджэння:
27.10.1926 Сакольшчына, в., Уздзенскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
15.03.1993 Мінск, г.
Кароткая даведка:
вучоны-фізік, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1984), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ст., двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі
Варыянты імя:
Бокуць Барыс Васілевіч
Імёны на іншых мовах:
Бокуть Борис Васильевич (руская);
4762 сімвалы
Даведка
Барыс Васільевіч Бокуць даследаваў шырокі спектр актуальных праблем тэарэтычнай фізікі. Яго навуковыя распрацоўкі ў галіне оптыкі вядомы не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.
Нарадзіўся Б.В. Бокуць у в. Сакольшчына Уздзенскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1941 г. скончыў восем класаў Уздзенскай сярэдняй школы. У час Вялікай Айчыннай вайны быў членам падпольнай арганізацыі. У 1944 г. дабравольцам пайшоў у Чырвоную армію, ваяваў у складзе 2-га Беларускага фронту. У баях пад Навагрудкам атрымаў раненне. У 1945 г. служыў у органах НКУС Туркменскай ССР. Пасля заканчэння вайны з залатым медалём завяршыў навучанне ў школе. У 1947 г. паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ). У 1952‒1955 г. вучыўся ў аспірантуры. У 1955‒1956 гг. працаваў на кафедры агульнай фізікі БДУ, затым быў малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута фізікі Акадэміі навук БССР. У 1956 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Статистическая теория структуры поверхностного слоя жидкости». У 1956‒1970 гг. працаваў старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута фізікі. У 1970‒1973 гг. быў загадчыкам лабараторыі крышталяоптыкі. У 1972 г. Б.В. Бокуць абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Электромагнитные волны в оптически активных и нелинейных кристаллах». У 1973‒1989 гг. быў рэктарам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, у 1974‒1979 гг. адначасова загадваў кафедрай оптыкі. У 1974 г. выбраны членам-карэспандэнтам, у 1980 г. ‒ акадэмікам Акадэміі навук БССР. У 1975 г. яму прысвоена вучонае званне прафесара. У 1989‒1991 гг. працаваў галоўным навуковым супрацоўнікам у Інстытуце фізікі імя Б.І. Сцяпанава Акадэміі навук Беларусі. У 1991‒1993 гг. быў саветнікам пры дырэкцыі інстытута.
Барыс Васільевіч ‒ аўтар навуковых прац па электрадынаміцы і крышталяоптыцы, квантавай электроніцы. Сярод іх ‒ «К электродинамике оптически активных сред» (1970, у суаўтарстве), «Нелинейная оптическая активность» (1971, у суаўтарстве), «Поглощение в феноменологической теории оптической активности» (1972, у суаўтарстве), «Эффект Садовского в поглощающих гиротропных средах» (1980, у суаўтарстве), «Генерация второй оптической гармоники при дифракции световой волны на ультразвуке» (1984, у суаўтарстве) і інш. Вучоны працаваў над стварэннем тэорыі распаўсюджання электрамагнітных хваль у аптычна актыўных асяроддзях, прапанаваў новую класіфікацыю гіратропных крышталёў, метады эксперыментальнага вызначэння аптычных параметраў гіратропных асяроддзяў. Ён вывучаў заканамернасці распаўсюджання, адлюстравання і праламлення электрамагнітных хваль у крышталях, выявіў эфектыўнасць генерацыі сумарных, рознасных і падвоеных частот у залежнаці ад уласцівасцей выпраменьвання і аптычных параметраў нелінейнага крышталя. Даследчык высвятліў асноўныя характарыстыкі эфекту нелінейнай аптычнай актыўнасці і з’явы пандэраматорнага дзеяння магутнага святла на нелінейныя крышталі. Даказаў эфектыўнасць генерацыі другой гармонікі пры ўзаемадзеянні звычайнай і незвычайнай хваль выпраменьвання неадымавага лазера ў крышталях дыгідрафасфату калію. Распрацаваў карэктную фенаменалагічную тэорыю нелінейнай аптычнай актыўнасці і электрагірацыі. Прымаў удзел у работах па атрыманні кагерэнтнага ўльтрагукавага і інфрачырвонага выпраменьвання з перастройвальнай частатой. Прапанаваў новы эфектыўны спосаб пераўтварэння частаты света крышталямі, які выкарыстоўвае спецыфічныя асаблівасці нелінейнага ўзаемадзеяння хваль рознай палярызацыі. Сумесна з М.С. Казаком і А.М. Рубінавым упершыню эксперыментальна ажыццявіў плаўную перастройку частаты другой гармонікі выпраменьвання на фарбавальніку ў шырокім спектральным дыяпазоне 0,28‒0,40 мкм.
Дзейнасць Б.В. Бокуця ў значнай ступені забяспечыла развіццё адукацыі і навукі ў гомельскім рэгіёне. У час працы рэктарам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта ён пераўтварыў вучэбную ўстанову ў сучасны адукацыйны і навуковы цэнтр, умацаваў сувязі с акадэмічнымі інстытутамі, галінамі народнай гаспадаркі. Былі адкрыты філіялы кафедр і навуковыя лабараторыі, створаны вучэбна-навуковы Цэнтр апрацоўкі фільмавай ядзернай інфармацыі сумесна з Аб’яднаным інстытутам ядзерных даследаванняў (г. Дубна) і Інстытутам ядзернай фізікі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава. Вялася эксперыментальная работа са студэнтамі з улікам дасягненняў педагогікі і псіхалогіі.
У 1978 г. Б.В. Бокуць удастоены ганаровага звання заслужанага дзеяча навукі БССР. У 1984 г. атрымаў Дзяржаўную прэмію CССР. Ён узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1976, 1986), Айчыннай вайны І ступені (1985), медалём Францыска Скарыны (1991), іншымі медалямі. На будынку Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта і на доме ў Мінску, у якім жыў вучоны, устаноўлены мемарыяльныя дошкі.