Кароткая даведка:
вучоны-медык, удзельнік руска-японскай, Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, Мінскага патрыятычнага падполля ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1965), узнагароджаны ордэнам Леніна, святога Станіслава ІІІ ст., святой Ганны ІІІ ст.
Псеўданімы:
Самарин; Самарын
Імёны на іншых мовах:
Клумов Евгений Владимирович (руская);
5291 сімвал
Даведка
Яўген Клумаў нарадзіўся 16 снежня 1876 г. (па іншых крыніцах, 1978 г.) у Маскве ў сям’і вядомага высокаадукаванага адваката. У 1895 г. Яўген скончыў I класічную гімназію і паступіў у Маскоўскі ўніверсітэт на медыцынскі факультэт. Пасля яго заканчэння ў 1902 г., выбраўшы шлях акушэрства і гінекалогіі, знаходзіўся на службе ардынатарам хірургічнай клінікі.
Падчас руска-японскай вайны Клумава накіравалі на Далёкі Усход у Прыамурскую ваенную акругу ў якасці ваеннага ўрача. Раненні, перавязкі, ампутацыі, аперацыі – менавіта там малады доктар атрымаў першы хірургічны вопыт аказання дапамогі ў палявых умовах.
Пасля дэмабілізацыі Яўген Клумаў вярнуўся ў Маскву і ажаніўся з Галінай Андрэевай, пляменніцай рускага пісьменніка У. Караленкі. Потым яны пераехалі ў Беларусь. 15 студзеня 1907 г. Яўген Уладзіміравіч быў прызначаны на пасаду земскага ўрача Суткаўскай бальніцы Рэчыцкага павета Мінскай губерні. Ён прымаў актыўны ўдзел у барацьбе з эпідэміяй халеры ў 1910 г. Гэты ў вышэйшай ступені інтэлігентны чалавек, які валодаў некалькімі еўрапейскімі мовамі, знаўца і прыхільнік класічнай музыкі, хутка знаходзіў агульныя тэмы з простымі сялянамі, шчыра вёў з імі сардэчныя гутаркі. Усяго за 8 гадоў працы ў беларускай глыбінцы вучань медыцынскіх свяцілаў – прафесараў М.В. Скліфасоўскага і У.Ф. Снегірова, у ліку першых земскіх урачоў здолеў арганізаваць на тэрыторыі Беларусі стацыянарную хірургічную дапамогу ва ўмовах участковай бальніцы.
З пачаткам Першай сусветнай вайны Яўген Уладзіміравіч быў зноў прызваны на ваенную службу і прызначаны малодшым ардынатарам у шпіталь Чырвонага Крыжа ў Мінску. У красавіку 1915 г. “за выдатную руплівую службу і працу, панесеныя падчас ваенных дзеянняў”, ён быў узнагароджаны ордэнам Св. Ганны 3-й ступені. А ў пачатку 1916 г. Клумаву быў нададзены чын тытулярнага саветніка.
Лютаўскую і Кастрычніцкую рэвалюцыі Я.У. Клумаў сустрэў на фронце. У 1917–1919 гг. ён выконваў абавязкі галоўнага ўрача ў шпіталі Чырвонага Крыжа, а пасля яго закрыцця (1920) узначальваў хірургічнае аддзяленне Мінскай губернскай бальніцы. Затым зноў быў прызваны ў армію і ў 1920–1921 гг. служыў старшым хірургам у палявых шпіталях пад Смаленскам, Талачынам і Барысавам. Кіраўніцтва Мінскай губернскай бальніцы праз запыты ў Ваенны рэвалюцыйны камітэт і Камісарыят Аховы здароўя каля года дамагалася вяртання адзінага ў штаце хірурга-гінеколага ў Мінск.
Наступныя 20 гадоў жыцця Я.У. Клумаў прысвяціў прафесійнай дзейнасці ў 1-й Савецкай бальніцы г. Мінска (сучасная Мінская 3-я гарадская клінічная бальніца). У 1921 г. ён з’яўляўся актыўным членам камісіі па адкрыцці першай вышэйшай навучальнай установы ў Беларусі – Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1927 годзе ўзначаліў гінекалагічнае аддзяленне 1-й Савецкай бальніцы, у 1932–1941 гг. кіраваў 2-й гінекалагічнай клінікай Мінскага медыцынскага інстытута і адначасова праводзіў вялікую навукова-даследчую працу, выкладаў у інстытуце і на курсах удасканалення ўрачоў. У 1935 г. за навуковую дзейнасць Яўгену Уладзіміравічу была прысвоена ступень кандыдата медыцынскіх навук, а ў 1938-м – званне прафесара.
Увосень 1941 г. у 1-й Савецкай бальніцы была арганізавана падпольная група з медыцынскіх работнікаў, куды ўвайшоў і прафесар Я.У. Клумаў. Падпольшчыкі і партызаны ведалі Клумава пад аператыўным псеўданімам “Самарын”. Нягледзячы на складаныя і цяжкія ўмовы акупацыі медыкі аказвалі медыцынскую дапамогу насельніцтву горада, параненым чырвонаармейцам, якія трапілі ў палон, падпольшчыкам і партызанам. Амаль тры гады пад кіраўніцтвам Я.У. Клумава медработнікі, якія ўваходзілі ў падпольную арганізацыю бальніцы, забяспечвалі інструментарыем, перавязачным матэрыялам і дэфіцытнымі лекамі 4 партызанскія атрады і 2 палявыя партызанскія шпіталі. Актыўная дзейнасць Я.У. Клумава не магла не прыцягнуць увагу акупантаў. За яго сям’ёй пачалі сачыць. У Маскве ведалі пра дзейнасць доктара, пра небяспеку, якая яму пагражала, і не раз прапаноўвалі арганізаваць перапраўку на Вялікую зямлю. Адказ быў нязменны: “Я яшчэ патрэбны тут”.
У кастрычніку 1943 г., за некалькі дзён да таго, як па загадзе Беларускага штаба партызанскага руху Яўген Уладзіміравіч павінен быў сысці ў партызанскі атрад, яго разам з жонкай арыштавалі і пасадзілі ў Мінскую турму. То пагрозамі і катаваннямі, то ўгаворваннямі гітлераўцы стараліся пераканаць прафесара супрацоўнічаць з імі, спрабавалі схіліць яго з’ехаць у Германію і там працаваць на іх. Аднак прафесар Клумаў катэгарычна адмовіўся. З турмы прафесара перавялі ў канцэнтрацыйны лагер па вул. Шырокай у Мінску. Але і там доктар заставаўся верны свайму прафесійнаму абавязку: ён працягваў аказваць дапамогу хворым вязням лагера.
13 лютага 1944 г. Я.У. Клумаў і яго жонка загінулі ў аўтамабілі-душагубцы на шляху з канцлагера ў Малы Трасцянец.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 мая 1965 г. “за асаблівыя заслугі, мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у перыяд Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг.” Яўгену Уладзіміравічу Клумаву пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Імем прафесара Яўгена Уладзіміравіча Клумава названы вуліца, завулак і найстарэйшая ў Мінску 3-я клінічная бальніца, у якой ён працаваў. Тут адкрыты музей “Подзвіг міласэрнасці” ўсталявана мемарыяльная дошка.