Дата нараджэння:
10.08.1908 Яцкавічы, в., Мядзельскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
08.02.1995 Куранец, в., Вілейскі раён, Мінская вобласць
Кароткая даведка:
адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў Мядзельскім раёне ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1944)
Псеўданімы:
Лялин; Лялін
Імёны на іншых мовах:
Азончик Александр Семёнович (руская);
3301 сімвал
Даведка
Аляксандр Сямёнавіч Азончык нарадзіўся на хутары Яцкавічы Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобласці) у сям’і беззямельнага селяніна-батрака. У 1918 г. скончыў 2 класы школы ў вёсцы Княгініна Крычаўскага раёна. У перыяд знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы ў летні час працаваў пастухом, а зімой вучыўся ў сельскай польскай школе. Пасля вывучыўся на краўца.
Са снежня 1924 па верасень 1926 г. А.С. Азончык пад псеўданімам Лялін працаваў у разведарганізацыі. У кастрычніку 1929 г. быў прызваны ў польскую армію. Служыў у 2-м палку уланаў у горадзе Сувалкі. Скончыў школу малодшага камсаставу, атрымаў званне капрала. У 1931 г. быў дэмабілізаваны, вярнуўся да прафесіі краўца, працаваў у сельскай гаспадарцы.
З нападам Германіі на Польшчу быў зноў прызваны ў Войска Польскае. Удзельнічаў у баях пад горадам Граева. Падчас вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Украіну ў верасні 1939 г. трапіў у палон і быў інтэрнаваны ў Калужскую вобласць. Пасля вяртання на Радзіму арганізаваў Чырвоную гвардыю. З лістапада 1939 г. і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў пазаштатным супрацоўнікам Вілейскага абласнога ўпраўлення НКУС.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Алякскандр Азончык не паспеў эвакуіравацца і застаўся на акупіраванай тэрыторыі. 25 чэрвеня 1941 г. арганізаваў з мясцовага насельніцтва групу партызан і ўзначаліў яе. На 1 ліпеня партызанскі атрад «Патрыёт» налічваў 64 чалавекі. 1 ліпеня 1941 г. партызаны прынялі першы бой: абстралялі варожую аўтакалону на тракце Вілейка – Даўгінава, у выніку чаго было забіта 23 і паранена 29 фашыстаў. Патрыёты рабілі налёты на аўтамашыны, пераразалі лініі сувязі, палілі масты і склады, знішчалі паліцаяў і нямецкіх памагатых. Адсутнасць дастатковай колькасці ўзбраення, боепрыпасаў і ўзрыўчаткі кампенсавалася кемлівасцю і знаходлівасцю іх камандзіра: 4 варожыя эшалоны было пушчана пад адхон з дапамогай гаечнага ключа і лому, якімі разшрубоўвалі і дэмантавалі чыгуначнае палатно.
У чэрвені 1942 г. атрад «Патрыёт» увайшоў у склад дыверсійна-разведвальнага атрада імя С.М. Будзёнага аднайменнай партызанскай брыгады Вілейскай вобласці. Разам з байцамі сваго атрада хадзіў на баявыя заданні і Аляксандр Азончык. Партызанамі атрада «Патрыёт» было здзейснена 439 баявых аперацый. Іх камандзір асабіста спусціў пад адхон 47 варожых эшалонаў з жывой сілай і ваеннай тэхнікай і здзейсніў 138 іншых складаных баявых аперацый, пры гэтым было забіта 1185 і паранена 1510 нямецкіх салдат і афіцэраў.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 студзеня 1944 г. за ўзорнае выкананне ўрадавых заданняў у барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у тыле праціўніка, праяўленыя пры гэтым мужнасць і геройства, і асаблівыя заслугі ў развіцці партызанскага руху ў Беларусі Аляксандру Сямёнавічу Азончыку было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».
У ліпені 1944 г. партызанскі атрад «Патрыёт» злучыўся з рэгулярнымі часткамі Чырвонай Арміі. З гэтага часу А.С. Азончык перайшоў да мірнай працы: да 1955 г. выконваў абавязкі народнага суддзі ў Вілейскім раёне. Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1944), Айчыннай вайны І-й ступені (1985), медалямі. Імя Героя носіць вуліца ў горадзе Вілейка.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».