Каганец Карусь (сапраўднае імя Кастравіцкі Казімір Карлавіч)
Дата нараджэння:
10.02.1868
Дата смерці:
10 ці 20.05.1918
Кароткая даведка:
пісьменнік, перакладчык, мастак, мовазнавец, грамадскі дзеяч
Псеўданімы:
Будзімір; Каганец Карусь; Шашаль К.
Варыянты імя:
Кастравіцкі Казімір Рафаіл Карлавіч
Імёны на іншых мовах:
Кастровицкий Казимир Карлович (руская); Костровицкий Казимир Карлович (руская);
6052 сімвалы
Даведка
Пад псеўданімам Карусь Каганец у гісторыю беларускай літаратуры ўвайшоў Казімір Карлавіч Кастравіцкі. Ён паходзіў са старажытнага шляхецкага роду. Бацька валодаў невялікім маёнткам Навасёлкі на Койданаўшчыне, меў агранамічную адукацыю, захапляўся музыкай. За ўдзел у паўстанні 1863–1864 гг. быў сасланы ў Сібір, дзе ў Табольску і нарадзіўся К. Каганец. У 1870 г. Кастравіцкім дазволілі пераехаць у Казанскую губерню, а ў 1872 г. вярнуцца на радзіму. Іх маёнтак быў канфіскаваны, і сям’я пасялілася ў в. Засулле (цяпер Стаўбцоўскі раён). Пасля смерці бацькі маці ў 1880 г. пераехала ў в. Юцкі, якая знаходзілася непадалёк ад Койданава.
Пачатковую адукацыю К. Каганец атрымаў дома, потым вучыўся ў Мінскім гарадскім вучылішчы, дзе праявіліся яго здольнасці да малявання і лепкі. У 1890-я гг. паступіў у Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. Ёсць звесткі, што ён вучыўся таксама ў Санкт-Пецярбургу, аднак з-за недахопу грошай адукацыю не завяршыў і вярнуўся ў Беларусь. Займаўся сялянскай працай, у вольны час пісаў вершы. У 1899 г. К. Каганец ажаніўся з Г. Пракаповіч, і маладыя пасяліліся ў фальварку Лісіныя Норы. Зямля ў гэтым месцы аказалася малаўрадлівай. Каб пракарміць вялікую сям’ю, К. Каганец быў вымушаны шукаць дадатковы заробак. Ён працаваў у чайнай у Мінску (1901–1902), некалькі месяцаў быў мастаком-афарміцелем у мастацкай майстэрні ў Рызе, служыў аканомам у Мінскім таварыстве дабрачыннасці (1902–1904), дзе арганізаваў беларускі хор і аркестр. Прычынай частай змены месца жыхарства і працы, якую ў той час нялёгка было знайсці, стаў удзел К. Каганца ў нацыянальна-вызваленчым руху. Ён быў адным з арганізатараў Беларускай сацыялістычнай грамады, з’яўляўся дэлегатам 1-га сялянскага з’езда Беларусі, актыўна ўдзельнічаў у рэвалюцыйных падзеях 1905–1907 гг. За агітацыйную дзейнасць сярод сялян Койданаўшчыны 19 снежня 1905 г. К. Каганец быў арыштаваны і, пакуль вялося следства, да 16 мая 1906 г. знаходзіўся ў мінскай турме. Выпушчаны на волю да суда, жыў выпадковымі заробкамі: працаваў у лясніцтве каля Клічава, выкладаў маляванне ў Вільні. Вясной 1910 г. Віленская судовая палата на пасяджэнні ў Мінску прыгаварыла К. Каганца да аднаго года зняволення. У турме ён многа пісаў, маляваў. Там пазнаёміўся і пасябраваў з Я. Коласам, зрабіў шмат ілюстрацый да твораў пісьменніка (малюнкі не захаваліся). Пасля вызвалення К. Каганец доўга не мог знайсці работу. Толькі ў пачатку 1912 г. атрымаў месца ўпраўляючага фальваркам Жортай (цяпер Барысаўскі раён). Працаваў да вясны 1918 г., пакуль не абвастрылася даўняя хвароба. 20 мая К. Кагпанец памёр ад туберкулёзу і быў пахаваны ў в. Навасёлкі. У 1988 г. на магіле пісьменніка паставілі помнік. У Мінску ў мікрараёне Лошыца яго імем названа вуліца.
Літаратурную дзейнасць К. Каганец пачаў у канцы ХІХ ст. (самыя раннія творы датуюцца 1893 г.). У 1902 г. у газетах «Минский листок» і «Северо-Западный край» упершыню былі апублікаваны на беларускай мове яго апрацоўкі народных легенд і артыкулы. Пазней пісьменнік супрацоўнічаў з «Нашай нівай». Пры жыцці асобным выданнем выйшлі «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» (1906, выдадзена ананімна) і вадэвіль «Модны шляхцюк» (1910). Творчая спадчына К. Каганца жанрава разнастайная: проза, паэзія, драматургія, публіцыстыка, навукова-папулярныя нарысы для дзяцей. Большасць празаічных твораў – гэта своеасаблівая апрацоўка фальклорных матэрыялаў. Апавяданні «Прылукі», «Засульскія Турэ», «Машэка», «Вітаўка», «Навасадскае замчышча» створаны паводле мясцовых легенд. У іншым плане напісаны творы «Чым болей хто мае, тым болей жадае, або Адкуль мядзведзі на свет узяліся», «Бутрымава прыгода», «Скрыпач і ваўкі», «Адкуль зязюля ўзялася» і інш. У гэтых творах таксама бачна фальклорная першааснова, але аўтар на свой лад перадае сюжэт, напаўняе яго мастацкімі дэталямі, яркім дыялогам. Ёсць у пісьменніка і бытавыя апавяданні («З нашага жыцця», «Такая доля», «Тры алешыны», «Забойства Захаркі», «На сплаве» і інш.). Яны вызначаюцца рэалістычнасцю, сацыяльнай завостранасцю, некаторыя («Ахота віцгубарнатара на вядзьмедзя») сатырычнымі матывамі. Разумеючы вялікае выхаваўчае значэнне тэатра, К. Каганец звярнуўся да драматургіі. У гэтым жанры найбольш ярка праявіўся яго талент у камедыі «Модны шляхцюк», а таксама ў бытавых драмах «У іншым шчасці няшчасце схавана» (1903) і «Двойчы прапілі» (1910). Няскончанымі засталіся гістарычныя п’есы «Старажовы курган» і «Сын Даніла». Большая частка жыцця К. Каганца прайшла ў беларускай вёсцы, сярод сялянства, і гэта паўплывала на паэтычныя творы пісьменніка. Яго вершы нагадваюць народныя песні, абуджаюць любоў да роднай зямлі, адлюстроўваюць гістарычныя тэмы. Некаторыя з іх носяць агітацыйны характар, заклікаюць да рэвалюцыйнай і народна-вызваленчай барацьбы, услаўляюць змагароў за народнае шчасце. Асобнае месца ў літаратурнай дзейнасці К. Каганца займае публіцыстыка. У артыкулах «Прамова», «Думка», «З рэферату на калядны сход беларускай грамады 1903 года» ў цэнтры ўвагі праблемы нацыянальнага адраджэння, развіцця беларускай культуры, асветы, мовы. Як вучоны-мовазнавец, фалькларыст і этнограф збіраў матэрыялы да слоўніка роднай мовы, працаваў над беларускай граматыкай; пераклаў на беларускую мову навукова-папулярны нарыс «Гутаркі аб небе і зямлі» (1907, сумесна з С. Шаўлоўскім), вершы польскага паэта Б. Залескага. Карусь Каганец валодаў шматгранным талентам. Ён быў таленавітым жывапісцам, графікам, скульптарам, займаўся разьбой па дрэве і слановай косці, ляпіў з гліны, маляваў палітычныя карыкатуры, упрыгожваў пейзажамі і арнаментам бытавыя рэчы, аформіў вокладку кнігі Я. Коласа «Другое чытанне для дзяцей беларусаў». Захаваліся цікавыя графічныя малюнкі К. Каганца «За сахою», «На ростаньках», «Буслы», «Тып беларуса», «Зімовы краявід», «Маці», выкананыя алеем, тушшу і алоўкам.
Рукапісы пісьменніка захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, асобныя аўтографы і творы мастацтва у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, бібліятэцы Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх у Вільнюсе.