Дата нараджэння:
20.08.1898 Чавусы, г., Магілёўская вобласць
Дата смерці:
11.05.1945
Кароткая даведка:
ваенны разведчык, камбрыг, удзельнік грамадзянскай вайны, Герой Савецкага Саюза (1965)
Псеўданімы:
Кертнер Конрад; Старасцін; Старостин; Этьен; Эцьен
Імёны на іншых мовах:
Маневич Лев Ефимович (руская);
3284 сімвалы
Даведка
Ваенны разведчык Леў Яфімавіч Маневіч нарадзіўся ў г. Чавусы Магілёўскай вобласці у сям'і служачага. З 1907 г. пражываў у Швейцарыі, у свайго старэйшага брата, які эмігрыраваў за мяжу з-за пагрозы арышту за ўдзел у рэвалюцыйным руху. У 1913 г. Л. Маневіч стаў студэнтам політэхнічнага каледжа ў Цюрыху. Асаблівыя здольнасці праявіў у вывучэнні замежных моў. Дасканала авалодаў нямецкай, французскай і італьянскай мовамі. У 1917 г. вярнуўся на радзіму. У 1918 г. добраахвотнікам уступіў у Чырвоную Армію. Ён быў удзельнікам грамадзянскай вайны, камісарам браняпоезда, камандзірам атрада асобага назначэння. Ваяваў у войску Бакінскай камуны, затым на Усходнім фронце. У 1921 г. Л. Маневіч скончыў Вышэйшую школу штабной службы камсаставу РСЧА, у 1924 г. Ваенную акадэмію РСЧА. Са жніўня 1924 г. праходзіў службу ў разведвальным упраўленні РСЧА. Як ваенны разведчык займаўся падрыхтоўкай да замежных камандзіровак. З 1925 па 1927 г. у замежнай камандзіроўцы ў Германіі. Пасля вяртання на радзіму быў начальнікам сектара разведвальнага ўпраўлення РСЧА, са студзеня 1928 г. на стажыроўцы на пасадзе камандзіра роты 164-га стралковага палка. У 1929 г. скончыў курсы пры Ваенна-паветранай акадэміі РСЧА імя М.Я. Жукоўскага. Праходзіў стажыроўку ў 44-м авіяцыйным атрадзе. З лістапада 1929 г. знаходзіўся ў чарговай камандзіроўцы ў Аўстрыі і Італіі. Ён павінен быў атрымаць тэхналагічную інфармацыю аб ваеннай прамысловасці, ваенна-палітычных планах Італіі. Ад яго ў Маскву перададзена каля 190 важных дакументаў. У краінах Еўропы Л. Маневіч быў вядомы як камерсант, уладальнік камерцыйных фірм. На самой справе вёў разведку пад псеўданімамі Эцьен, Конрад Кертнер, палкоўнік Старасцін. У 1936 г. арыштаваны і італьянскім асобым трыбуналам асуджаны да 12 гадоў зняволення, якое адбываў у розных турмах. Захварэў на сухоты і ў 1941 г. пераведзены на поўдзень Італіі на востраў Санта-Стэфана. Нават з турмы Л. Маневіч здолеў арганізаваць канал сувязі з Цэнтрам і перадаваў сакрэтную інфармацыю (выпадак унікальны ў сусветнай разведцы). 9 верасня 1943 г. быў вызвалены амерыканскім войскам. Адправіўся разам з іншымі вязнямі ў італьянскі порт Гаэта, які за дзень да прыбыцця быў заняты нямецкімі войскамі. Леў Маневіч прайшоў канцлагеры Маўтхаўзен, Мельк і Эбензе. У неверагодна цяжкіх умовах, хворы на сухоты, ён праявіў вялікую сілу волі і вытрымку, удзельнічаў у стварэнні падпольных груп сярод вязняў лагераў смерці. 6 мая 1945 г. ён безнадзейна хворы быў вызвалены амерыканскімі войскамі. Праз некалькі дзён Л. Маневіч памёр. Пахаваны ў г. Лінц-Санкт-Марцін (Аўстрыя) на рускіх ваенных могілках.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 20 лютага 1965 г. за доблесць і мужнасць, праяўленыя пры выкананні спецыяльных заданняў Савецкага ўрада перад Другой сусветнай вайной і ў барацьбе з фашызмам, палкоўніку Л. Маневічу пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У Гомелі і Чавусах яго імем названы вуліцы, у Чавусах устаноўлена мемарыяльная дошка. Адкрыццё мемарыяльных дошак адбылося ў г. Рыльск і г. Самара (Расія). Пра жыццё легендарнага савецкага разведчыка Я. Вараб'ёў напісаў раман «Земля, до востребования», які быў пакладзены ў аснову аднайменнага мастацкага фільма, створанага ў 1973 г. рэжысёрам В. Дорманам.