Дата нараджэння:
21.07.1929 Сакаўшчына, в., Валожынскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
17.08.2001
Кароткая даведка:
крытык, літаратуразнавец, празаік, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1980)
Імёны на іншых мовах:
Kovalenko Victor Antonovich (не вызначана); Коваленко Виктор Антонович (руская);
4485 сімвалаў
Даведка
У шэрагу першых па значэнні і велічы крытыкаў і літаратуразнаўцаў Беларусі другой паловы XX ст. вылучаецца імя Віктара Антонавіча Каваленкі, вучонага, цалкам адданага беларускай навуцы, культуры і літаратуры, навукова дасведчанага і адначасова рамантычна акрыленага даследчыка, надзвычай эрудыраванага чалавека. В. Каваленка ўсё жыццё настойліва змагаўся за сумленную, праўдзівую, гуманістычную па сваёй сутнасці літаратуру. “Яго голас чалавечнасці, – падкрэслівае вядомы беларускі літаратуразнаўца Дз. Бугаёў, – у нашай крытыцы, у літаратуразнаўстве гучыць выразна, моцна і надзейна і будзе яшчэ доўга патрэбны людзям, не абыякавым да Беларусі і яе нацыянальнай культуры”*.
Нарадзіўся В. Каваленка ў вёсцы Сакаўшчына Валожынскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і малазямельнага селяніна. Вучыўся спачатку ў польскай школе, а пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР – у беларускай. У 1945 г. паступіў у Лідскае педагагічнае вучылішча, пасля заканчэння якога некаторы час настаўнічаў, а ў 1949 г. стаў студэнтам факультэта мовы і літаратуры Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. У 1953 г. В. Каваленка зноў пачаў працаваць настаўнікам, быў дырэктарам Кямелішскай сярэдняй школы (Свірскі раён). У 1955 г. паступіў у аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР. З гэтага часу яго жыццё і лёс былі цалкам звязаны з навукай. Выдатны даследчык прайшоў шлях ад навуковага супрацоўніка да дырэктара гэтага інстытута (1982–1997). Абараніў дысертацыю (1978), стаў членам-карэспандэнтам (1984) і акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Яшчэ будучы студэнтам, В. Каваленка ў 1952 г. надрукаваў у часопісе “Полымя”свой першы літаратурна-крытычны артыкул пра Якуба Коласа-крытыка. Першая кніга В. Каваленкі “Пошукі і здзяйсненні” выйшла ў свет у 1963 г. і была прысвечана творчасці З. Бядулі. Потым адна за адной пачалі з’яўляцца яго кнігі: зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў “Давер” (1967), манаграфіі “Голас чалавечнасці” (1970) – пра гуманістычныя матывы ў беларускай літаратуры, “Вытокі. Уплывы. Паскоранасць” (1975) – пра развіццё беларускай літаратуры XIX–XX стст., “Прага духоўнасці” (1975) – пра беларускую літаратуру, пачынаючы з паўзабытых раманаў “Мядзведзічы” К. Крапівы, “Святло над Ліпскам” М. Паслядовіча і да даследавання прозы Я. Брыля, І. Шамякіна, І. Мележа і інш. Апошнюю кнігу крытыка называла ўзорна каваленкаўскім даследаваннем. Менавіта ў ёй упершыню найвыразней выявіліся яго творчы почырк, стыль і метода.
В. Каваленка быў адным з самых аўтарытэтных даследчыкаў літаратурнага працэсу другой паловы XX ст., звяртаўся да асэнсавання асобных перыядаў гісторыі нацыянальнай літаратуры. Яму былі аднолькава блізкія і проза, і паэзія. В. Каваленкам напісаны нарыс жыцця і творчасці І. Шамякіна, нарысы пра П. Панчанку, Е. Лось, Н. Гілевіча, А. Вярцінскага і інш. Пісаў ён і крытыку на крытыку, і літаратуразнаўчыя працы (кніга “Праблемы сучаснай беларускай крытыкі”, 1977), займаўся публіцыстыкай, эсэістыкай. У 1985 г. пабачыла свет яго манаграфія “Общность судеб и сердец”, у якой даследавана беларуская проза аб Вялікай Айчыннай вайне ў кантэксце рускай і іншых літаратур. А ў 1989 г. выйшаў том выбраных артыкулаў “Веліч праўды”. В. Каваленка быў сааўтарам шэрага прац, у тым ліку двухтомніка, што складаецца з кніг “История белорусской дооктябрьской литературы” (1977) і “История белорусской советской литературы” (1977), за якую разам з калектывам стваральнікаў быў удастоены Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа 1980. Другую ўзнагароду – Літаратурную прэмію Саюза пісьменнікаў СССР 1976 – ён атрымаў за кнігу “Прага духоўнасці”. Усяго даследчыкам было апублікавана звыш за 200 навуковых прац, зборнікаў літаратурна-крытычных артыкулаў, у тым ліку 11 манаграфій.
Пад кіраўніцтвам В. Каваленкі і пры яго ўдзеле пабачылі свет многія калектыўныя манаграфіі. Ён быў навуковым рэдактарам двух першых тамоў чатырохтомнага выдання “Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя”, прымаў удзел у стварэнні чатырохтомніка “Нарысы гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей”, які стаў значнай з’явай у беларускім літаратуразнаўстве. Як празаік В. Каваленка вядомы раманам “Падвышанае неба” (1978), у якім ён вельмі ўражліва расказаў аб жыцці роднай для яго заходнебеларускай вёскі.
Самаадданае служэнне В. Каваленкі навуцы было адзначана ў 1981 г. званнем заслужанага дзеяча навукі Беларусі. Ён узнагароджаны медалём Ф. Скарыны.