Дата нараджэння: 01.04.1919 Мінск, г.
Дата смерці: 18.05.2000
Кароткая даведка: жывапісец, графік, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, народны мастак Беларусі
Імёны на іншых мовах: Kudrevitch Raisa Uladzimirauna (англійская); Кудревич Раиса Владимировна (руская);
Адметнае месца ў выяўленчым мастацтве Беларусі належыць Раісе Уладзіміраўне Кудрэвіч, творчасць якой асноўвалася на лепшых дасягненнях нацыянальнай мастацкай школы.
Нарадзілася яна ў Мінску ў сям’і мастака. Пад кіраўніцтвам вядомага графіка А. Астаповіча ўжо ў школе ілюстравала творы А. Пушкіна, М. Лермантава, удзельнічала ў выстаўках. У 1937 г. Р. Кудрэвіч паступіла на другі курс Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Яе педагогамі былі знакамітыя майстры жывапісу – Ф. Фогт, І. Ахрэмчык, Л. Лейтман, Х. Гутэрман. У 1941 г. Р. Кудрэвіч скончыла вучылішча і эвакуіравалася ў Куйбышаўскую (цяпер Самарская) вобласць. Спачатку жыла ў в. Кануеўка Аляксееўскага раёна. Потым выкладала маляванне і чарчэнне ў сярэдняй школе ў в. Мартынаўка Бузулукскага раёна Чкалаўскай (цяпер Арэнбургская) вобласці. У 1943–1944 гг. у г. Кемерава працавала інспектарам аддзела мастацтваў аблвыканкама. Там жа ўдзельнічала ў дзвюх выстаўках «Кузбас – фронту», дзе былі прадстаўлены карціны «Хлеб партызанам» і «Мы адпомсцім» (1944).
У 1944 г. Р. Кудрэвіч вярнулася ў Мінск. У гэтым жа годзе яе карціны экспанаваліся ў Маскве на выстаўцы, прысвечанай 25-годдзю ўтварэння БССР. Першая пасляваенная работа – невялікі эцюд «Дарога» – была напісана ў 1946 г. У 1948 г. з’явілася вялікае палатно «У родны калгас», сюжэтам якога стала характэрная з’ява таго часу – вяртанне з фронту аднавяскоўцаў. Карціна перадае настрой першых пасляваенных дзён, напоўненых радасцю Перамогі. Яна ўпершыню экспанавалася ў пачатку 1949 г. на выстаўцы твораў беларускіх мастакоў у Маскве. Тэма вёскі знайшла адлюстраванне ў шэрагу сюжэтна-тэматычных жанравых карцін лірычнага гучання. Сярод іх – «Сяброўкі» (1952), «Гарманіст ідзе» (1957), «Беларускія прыпеўкі» (1960), «Маладыя едуць» і «Першае знаёмства» (1961) і інш. У творах «Пара сенакосная» (1976), «Калі квітнеюць сады» (1978), «На Бярэзіне» (1978–1980), «Мір таму, хто ўваходзіць» (1985) мастачка працягвала ствараць вобразы пераважна сельскіх жыхароў. Эмацыянальнай напоўненасцю і лірычнай паэтызацыяй штодзённасці вызначаюцца творы Р. Кудрэвіч, прысвечаныя моладзі, – «Першая рэпетыцыя» (1963), «Перад канцэртам» і «Новы адрас» (1967), «Майскі дожджык» (1971, бронзавы медаль ВДНГ СССР у 1975 г.), «Беларуская антонаўка» (1973) і інш. Да 25-годдзя Перамогі было напісана палатно «Вясна. 1945 год» (1970). Падзеі Вялікай Айчыннай вайны адлюстраваны таксама ў карцінах «Начныя бамбардзіроўшчыкі» (1970) і «Дачкам Айчыны прысвячаецца» (1975). Значнае месца ў творчасці Р. Кудрэвіч займаў партрэт. У гэтым жанры яна стварыла цэлую серыю работ. Сярод іх – «Партрэт дзяўчынкі» (1956), «Наташа» (1973), «Студэнт кансерваторыі» (1976), «Палеская маладзіца» (1978), «У майстэрні. Аўтапартрэт» (1979), «Партрэт бацькі», «Партрэт у чырвоным капелюшы» і «Блакітная раніца» (усе 1988 г.) і інш. Мастачка імкнулася падкрэсліць у сваіх героях жыццярадаснасць, валявыя якасці, актыўнасць; паглыбіць псіхалагічную характарыстыку вобразаў. Талент Р. Кудрэвіч ярка праявіўся і ў пейзажным жывапісе. Яе работы «Вясна ў Ракаве» (1973), «Восень у Прылуках» (1974), «Перад навальніцай» (1977), «Азёрны край» (1978), «На Бярэзіне» (1979), «Вясна» (1981), «Лясныя званочкі» (1987) і іншыя перадаюць прыгажосць беларускай прыроды. Ім уласцівы яркая дэкаратыўнасць, рамантычнасць, складаная і разнастайная танальная гама. У блізкай пейзажам каларыстычнай манеры выкананы нацюрморты «Персікі» (1966), «Нацюрморт з рабінай» (1979), «Астры» (1990), «Ландышы і півоні» (1991) і інш. Вынікам творчых і турыстычных паездак па Еўропе, Савецкім Саюзе і Беларусі стаў шэраг графічных работ «Вакол Еўропы», «Па Балгарыі», «Па Волзе», «У Крыме», «Карпаты» і інш.
На працягу амаль трох дзесяцігоддзяў працягвалася сумесная творчасць Р. Кудрэвіч і яе мужа А. Гугеля. Першым вынікам іх садружнасці стала карціна «Мікалай Астроўскі» (1956–1957). У 1958 г. мастакі напісалі вялікае шматфігурнае палатно «Кастусь Каліноўскі», якое ўпершыню экспанавалася на Усебеларускай выстаўцы 1958–1959 гг., прысвечанай 40-годдзю БССР. Потым быў створаны трыпціх «Сімфонія рэвалюцыі» (1967–1968), карціны «Грэнада» (1969), «Вечная слава» (1977), «Партызанам Беларусі прысвячаецца» (1984) і інш.
З 1943 г. Р. Кудрэвіч удзельнічала ў рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выстаўках, праводзіла персанальныя. Яе творы знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, фондах Беларускага саюза мастакоў, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава, Пінскім, Віцебскім, Лепельскім краязнаўчых музеях. У 1968 г. Р. Кудрэвіч атрымала званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, у 1999 г. – народнага мастака Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.