Кароткая даведка:
рэжысёр, педагог, народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1985), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1988), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2002)
Імёны на іншых мовах:
Раевский Валерий Николаевич (руская);
3690 сімвалаў
Даведка
Яркую старонку ў гісторыю нацыянальнай рэжысуры Беларусі ўпісаў выдатны тэатральны дзеяч, рэжысёр і педагог Валерый Мікалаевіч Раеўскі.
Нарадзіўся В. Раеўскі ў Мінску. Калі пачалася вайна, сям’я апынулася ў Магілёве, дзе і прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады. Пачатак працоўнай дзейнасці юнака не быў звязаны з тэатрам. Ён вучыўся ў машынабудаўнічым тэхнікуме ў Магілёве, працаваў на Магілёўскім машынабудаўнічым заводзе токарам, быў канструктарам на заводзе “Строммашына”. Паступіў вучыцца на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Яшчэ працуючы на заводзе, паспрабаваў сябе як кіраўнік драматычнага гуртка. У час вучобы ва універсітэце ўдзельнічаў у яго драматычным гуртку. Пасля года вучобы ў БДУ В. Раеўскі паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, якая тады называлася БДТМІ, у невялікую рэжысёрскую групу У.А. Маланкіна. Паралельна з вучобай у Мінску стажыраваўся ў Маскоўскім тэатры драмы і камедыі на Таганцы. Яго дыпломнай працай, абароненай у Мінску, стаў спектакль “Пугачоў” паводле драматычнай паэмы С. Ясеніна. У гэтым спектаклі В. Раеўскі выступаў як рэжысёр, а Ю. Любімаў як мастацкі кіраўнік і пастаноўшчык. Пасля абароны дыплома мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы Б. Эрын запрасіў В. Раеўскага да сябе ў тэатр. Першай работай пачынаючага рэжысёра стаў спектакль “Што той салдат, што гэты” паводле Б. Брэхта (1969), у які ён увёў новую, нязвыклую для акадэмічнага тэатра эстэтыку. Гэты спектакль рэжысёр і да гэтага часу лічыць адной з найбольш удалых сваіх работ. У 1973 г. В. Раеўскі стаў галоўным рэжысёрам тэатра, а з 1991 г. па 2008 г. з’яўляўся яго мастацкім кіраўніком.
Цяжка пералічыць пастаноўкі, рэалізаваныя рэжысёрам за яго напружанае творчае жыццё. На купалаўскай сцэне ім пастаўлена шмат спектакляў айчыннай, рускай і замежнай драматургіі. Сярод іх – “Трыбунал” (1971, Сярэбраны медаль імя А. Папова 1972), “Пагарэльцы” А. Макаёнка (1980), “Радавыя” А. Дударава (1984, Дзяржаўная прэмія СССР 1985), “Мудрамер” М. Матукоўскага (1987, Дзяржаўная прэмія Беларусі 1988), “Бура” У. Шэкспіра (1986), “Рэвізор” М. Гогаля (1982), “Тры сястры” А. Чэхава (1992), “Ромул Вялікі” Ф. Дзюрэнмата (1996), “Князь Вітаўт” (1997), “Чорная панна Нясвіжа” (2000) А. Дударава і шматлікія інш. Да найбольш удалых, аншлагавых спектакляў апошніх год адносяцца “Эрык XIV” А. Стрындберга (2004), містычная камедыя “Чычыкаў” паводле “Мёртвых душ” М. Гогаля (2005), “Вечар” А. Дударава (2006).
Ва ўсіх сваіх работах В. Раеўскі нязменна застаецца сучасным, таленавітым рэжысёрам-наватарам. Яго спектаклі заўсёды яркія па сцэнічнай форме, насычаныя эфектамі, вынаходніцтвамі, але ўсё гэта падпарадкоўваецца той аўтарскай задачы, якая садзейнічае выражэнню галоўнай ідэі твора. Пастаноўкі В. Раеўскага прасякнуты пільнай увагай да чалавека, дакладнай распрацоўкай характараў, адметнай паэтычнасцю і філасофскімі абагульненнямі. Ён ставіў спектаклі ў Віцебску, Гомелі, Гродне, Маладзечне, у розных гарадах Расіі, у тым ліку ў Санкт-Пецярбургу, у Эстоніі, Украіне, Польшчы, Латвіі, былой Югаславіі. На беларускім тэлебачанні В. Раеўскім пастаўлены спектакль “Па шчасце, па сонца” паводле твораў Я. Купалы (1971). Акрамя рэжысёрскай В. Раеўскі займаецца і педагагічнай дзейнасцю: з 1975 г. выкладае на акцёрскім і рэжысёрскім факультэтах Акадэміі мастацтаў, выхоўвае новыя пакаленні майстроў сцэны.
За заслугі ў развіцці тэатральнага мастацтва В. Раеўскаму прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1976). Ён народны артыст Беларусі (1995), кавалер ордэна Францыска Скарыны (2004). За таленавітае жыццё ў мастацтве быў узнагароджаны прызам “Крыштальная Паўлінка”.