Дата нараджэння: 18.04.1814 Лагойск, г., Мінская вобласць
Дата смерці: 08.09.1873
Кароткая даведка: гісторык, археолаг, этнограф, краязнавец, музеязнавец, адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалогіі, заснавальнік і старшыня Віленскай археалагічнай камісіі, ганаровы член Пецярбургскай і Стакгольмскай АН, Лонданскага археалагічнага інстытута
Варыянты імя: Тышкевіч Яўстах
Імёны на іншых мовах: Тышкевич Евстафий Пиевич (руская);
Тышкевічы – старажытны шляхецкі род Вялікага Княства Літоўскага. Сярод яго прадстаўнікоў было шмат знакамітых асоб: выдатных палітыкаў, таленавітых военачальнікаў, вядомых вучоных, творчых людзей, шчодрых мецэнатаў. Найбольш вядомымі з Тышкевічаў былі браты Канстанцін і Яўстафій, якія заклалі асновы беларускай навуковай археалогіі.
Яўстафій, малодшы з Тышкевічаў, нарадзіўся ў Лагойску. Пачатковую адукацыю, як было прынята ў той час у дваранскіх сем’ях, ён атрымаў дома. Багатая бібліятэка, хатняя калекцыя, у тым ліку старадаўніх рукапісаў і рэчаў, родавы архіў, расказы бацькоў спрыялі выхаванню Я. Тышкевіча. З 1824 г. вучыўся ў Віленскай, а пасля Мінскай гімназіях. Пасля заканчэння вучобы ў 1831 г. прыехаў у Пецярбург, дзе працаваў у канцылярыі Ордэнскага капітула Расійскай Імперыі. Службу сумяшчаў з працай у бібліятэках, што дало яму магчымасць значна папоўніць веды ў гуманітарных навуках і выявіць новыя матэрыялы па гісторыі Беларусі. У 1835 г. перавёўся ў канцылярыю віленскага генерал-губернатара, а праз нейкі час у Харкаў, дзе атрымаў чын губернскага сакратара. Там ён працаваў у архівах, бібліятэцы Харкаўскага ўніверсітэта, наведваў Кіеў. У 1840 г. выйшаў у адстаўку і вярнуўся ў Лагойск. Яўстафій Тышкевіч быў ганаровым апекуном школ, маршалкам шляхты Барысаўскага павета. У 1847 г. стаў членам часовай камісіі па зборы і выданні старажытных актаў, грамат і прывілеяў XVI–XVIII стст. гарадоў Мінскай губерні. У 1848–1854 гг. з’яўляўся куратарам Мінскай гімназіі.
Яшчэ з маладых гадоў увагу Я. Тышкевіча прыцягвалі помнікі даўніны Лагойшчыны. Свае археалагічныя пошукі ён пачаў з даследавання курганоў. Вывучаў гарадзішчы ў Гальшанах, Друцку, Заслаўі, Крэве, Лідзе, Мінску, Міры, Слуцку і іншых месцах, набываў вопыт у аналізе знаходак, іх класіфікацыі. У 1842 г. Я. Тышкевіч выдаў кнігу “Погляд на крыніцы мясцовай археалогіі, або Апісанне некаторых помнікаў старажытнасцей у заходніх губернях Рускай дзяржавы”. Даследчык першым даў адказы на многія пытанні археалогіі, заклаў фундамент гэтай навукі ў Беларусі, актыўна прапагандаваў ідэю навуковых кантактаў з археолагамі іншых краін. Каб папоўніць свае веды па старажытнай гісторыі і пазнаёміцца з метадамі даследаванняў замежных калег у археалогіі, ён у 1843 г. падарожнічаў па краінах Скандынавіі, пабываў у Хельсінкі, Стакгольме, Капенгагене. Працаваў у архівах і бібліятэках, дзе яму ўдалося адшукаць многа новых матэрыялаў па гісторыі сярэдневяковых Польшчы і Беларусі, пазнаёміўся з навукоўцамі, музеямі. Усе свае знаходкі і адкрыцці, зробленыя падчас вандровак, апісаў у працы “Лісты пра Швецыю” (1846).
Адначасова з археалагічнымі раскопкамі Я. Тышкевіч збіраў матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі, тапаніміцы, вуснай народнай творчасці роднага краю. Вынікам дзесяцігадовых пошукаў стала праца “Апісанне Барысаўскага павета” (1847), якую сучаснікі назвалі выдатным здабыткам беларускай даследчыцкай думкі ХІХ ст. У кнізе адлюстравана шырокая палітра краязнаўчых звестак – геаграфія, гістарычны ракурс у шырокім дыяпазоне, уключаючы апісанне войнаў, побыт гараджан, сялянскае жыццё, апісанне вёсак, храмаў, мясцовы фальклор. Грунтоўна займаючыся фальклорам, Я. Тышкевіч сабраў кала 450 прымавак і прыказак. У кнізе “Узоры хатняга сумеснага жыцця ў Літве” (1844, дапрацаваны варыянт у 1864) выклаў свае погляды на культуру шляхты ранейшых стагоддзяў. Яе праілюстраваў трапнымі беларускімі прымаўкамі і прыказкамі, легендамі і паданнямі.
Асаблівую цікавасць у даследчыка выклікалі музеі, прынцыпы пабудовы іх экспазіцый і арганізацыя музейнай справы. Ідэя стварэння музея, які павінен быў стаць цэнтрам гістарычнай навукі і культуры, стала ўвогуле мэтай яго жыцця. Першым крокам у ажыццяўленні гэтай высакароднай справы было адкрыццё ў 1842 г. музея ў родавым маёнтку ў Лагойску. Экспазіцыю складалі здабытыя пры раскопках багатыя археалагічныя матэрыялы разам з іншымі рарытэтамі (калекцыі манет і гербаў, старажытныя рукапісы і кнігі, зброя рыцараў і творы мастацтва, рэчы замежнага паходжання і інш.). У 1845 г. у Вільні ў доме сваяка Я. Тышкевіч арганізаваў краязнаўчую выставу. Сюды была перавезена частка хатняй калекцыі. Толькі праз 10 гадоў, у 1856 г., дзякуючы настойлівасці і энтузіязму Я. Тышкевіча, падтрымцы родных, сяброў, добраахвотным ахвяраванням Віленскі музей старажытнасцей быў урачыста адкрыты ў будынку Віленскага ўніверсітэта. У 1855 г. была створана Віленская археалагічная камісія, старшынёй якой стаў Я. Тышкевіч. Музей папаўняўся экспанатамі з Мінска, Магілёва, Віцебска, Оршы, Навагрудка, Крэва, Ліды, Пінска, Браслава, Паставаў і інш. Яму даследчык ахвяраваў сваю бібліятэку (3 тыс. адзінак) і разам з братам Канстанцінам – археалагічную калекцыю (2 тыс. адзінак). Пасля паўстання 1863–1864 гг. дзейнасць музея была афіцыйна забаронена, многія экспанаты вывезены ў Маскву. Яўстафія Тышкевіча вызвалілі ад усіх пасад, і ён у 1865 г. пакінуў Вільню.
У канцы жыцця даследчык стварыў альбом “Магілы сямейства Тышкевічаў”, выдадзены асобнай кнігай у 1873 г. у Вільні. З літаратурных твораў захаваліся яго вершы, стылізаваныя пад фальклор, аповесць “Нашы краі” (1871), успаміны пра В. Ваньковіча, Я. Рустэма, І. Ходзьку і інш. У рукапісах засталіся працы “Зельнік барысаўскіх ваколіц”, “Матэрыялы да нашай гісторыі”, асобныя матэрыялы па археалогіі, збор дакументаў і інш.
Навуковая дзейнасць Я. Тышкевіча была высока адзначана сучаснікамі. Ён быў абраны ганаровым членам Пецярбургскай акадэміі навук, членам Дацкага таварыства аматараў паўночных старажытнасцей, Стакгольмскай Каралеўскай акадэміі выяўленчага мастацтва і старажытнасцей, Лонданскага археалагічнага інстытута.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.