Імёны на іншых мовах:
Obuchovicz Olgierd (польская); Абухович Альгерд Ришардович (руская); Обухович Ольгерд Ришардович (руская);
3301 сімвал
Даведка
У гісторыю беларускай літаратуры Альгерд Рышардавіч Абуховіч (псеўданім Граф Бандынэлі) увайшоў як пісьменнік-рэаліст, адзін з пачынальнікаў жанру байкі, мастацкай прозы і мемуарыстыкі.
Нарадзіўся ён у маёнтку Калацічы Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер в. Калацічы Глускага раёна Магілёўскай вобласці) у радавітай памешчыцкай сям’і (продкі па мацярынскай лініі мелі італьянскае паходжанне). Атрымаўшы добрую хатнюю адукацыю, паступіў у 1852 г. у Слуцкую кальвінскую гімназію. Навучанне супала з часам вялікага грамадскага ўздыму ў краіне, які адыграў вырашальную ролю ў фарміраванні дэмакратычнага светапогляду будучага пісьменніка. Прыкладна з 1855 г. А. Абуховіч жыў за мяжой. У Швейцарыі ў якасці вольнага слухача наведваў прырода- і літаратуразнаўчыя факультэты Жэнеўскай кальвінскай акадэміі. Як большасць еўрапейскіх студэнтаў, шмат падарожнічаў. Пабываў у Францыі, Італіі, Германіі, дзе вывучаў мову, культуру і літаратуру гэтых краін. У час паездак сустракаўся з многімі вядомымі людзьмі, у тым ліку з кіраўнікамі польскай эміграцыі А. Чартарыскім і Л. Мераслаўскім. У 1862 г. некалькі разоў прыязджаў у Вільню. Па некаторых звестках, не пацверджаных архіўнымі крыніцамі, А. Абуховіч удзельнічаў у паўстанні 1863–1864 гг., за што быў сасланы ў Сібір. Пасля адбыцця пакарання вярнуўся ў Беларусь, пасяліўся ў Слуцку, займаўся рэпетытарствам і літаратурнай творчасцю.
Найбольш ярка талент А. Абуховіча праявіўся ў напісанні баек. Ствараючы іх, пісьменнік абапіраўся на вопыт І. Крылова, аднак напоўніў гэты жанр цікавым зместам, узняў новыя тэмы і праблемы. На жаль, пры жыцці А. Абуховіча байкі не друкаваліся і да нашага часу дайшлі толькі некаторыя (”Ваўкалак”, “Старшына”, “Суд”, “Воўк і лісіца”). Вострасацыяльныя па накіраванасці, яны выкрываюць хцівасць, хлусню, асуджаюць несправядлівасць. Асобае месца ў творчасці пісьменніка займаюць мемуары (1894), якія вызначаюцца цікавым зместам, каларытнасцю замалёвак, народнай мовай, свабоднай формай апавядання, выяўляюць глыбокую сувязь з народнай культурай. Яны з’яўляюцца каштоўнай гістарычнай крыніцай, дзе адлюстраваны многія бакі тагачаснага жыцця (дваранскі побыт, становішча сялян, антыпамешчыцкі рух). Фрагменты мемуараў былі надрукаваны ў 1916 г. у віленскай газеце “Гоман”. Пра неардынарнасць і супярэчлівасць гістарычных поглядаў паэта сведчыць яго верш “Дума а Каралю XII”, які пабудаваны на кантрасным паказе постацей шведскага караля Карла XII, Мазепы і Пятра I. Дзякуючы глыбокаму веданню замежнай культуры і літаратуры А. Абуховіч стаў сапраўдным майстрам мастацкага перакладу. Ён перакладаў на беларускую мову творы І. В. Гётэ, Ф. Шылера, В. Гюго, Дж. Байрана, А. Дантэ, А. Пушкіна, М. Лермантава, А. Міцкевіча, У. Сыракомлі, М. Канапніцкай і іншых (распаўсюджваліся ў рукапісах).
Вялікую работу па вывучэнні жыцця А. Абуховіча і пошуках яго спадчыны правёў краязнавец Р. Родчанка. На думку даследчыка, пасля смерці пісьменніка яго рукапісы, шматлікія кнігі з бібліятэкі і архіў або спалілі, або здалі ў макулатуру. Па некаторых звестках, частка матэрыялаў трапіла ў Польшчу (іх спрабаваў адшукаць А. Мальдзіс, але безвынікова). Асобныя рукапісы-аўтографы знаходзяцца ў Цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі навук Літвы і Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы ў Варшаве.