Дата нараджэння:
1790 ці 1794, 1796 ці 16.12.1799 Мурагі, в., Расонскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерці:
12.03.1851
Кароткая даведка:
пісьменнік, фалькларыст, выдавец, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры
Імёны на іншых мовах:
Барщевский Ян (руская);
Крыптанімы:
J.B.; Jan B.
4162 сімвалы
Даведка
Ян Баршчэўскі, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, яркі прадстаўнік рамантычнай прозы першай паловы ХІХ ст., займае важнае месца ў гісторыі літаратуры, усёй мастацкай культуры беларускага народа.
Нарадзіўся ён у адной з самых загадкавых мясцін паўночнай Віцебшчыны, у вёсцы Мурагі Полацкага павета (цяпер Расонскі раён), у сям’і збяднелага шляхціца. Наконт яго даты нараджэння спрачаюцца і па сённяшні дзень. Першы біёграф Я. Баршчэўскага Р. Падбярэскі называе 1794 г., але “Беларуская энцыклапедыя” прыняла 1790 г. Гэта дата была адзначана ў вядомай тагачаснай энцыклапедыі Аргельбранда (1860). Вучыўся будучы пісьменнік у Полацкай езуіцкай калегіі, дзе і пачаў пісаць вершы. Недзе ў гэты час ён стварыў паэму “Пояс Венеры” (на польскай мове), тэкст якой, на жаль, да нас не дайшоў. У час вучобы ў калегіі Я. Баршчэўскі напісаў першыя беларускамоўныя творы “Дзеванька”, “Рабункі мужыкоў” і “Гарэліца”. Пасля заканчэння калегіі з-за матэрыяльных нястач не здолеў прадоўжыць вучобу і нейкі час працаваў хатнім настаўнікам у шляхецкіх дамах на Віцебшчыне. У 1817 г. Я. Баршчэўскі пераехаў у Пецярбург. У Паўночнай сталіцы Расійскай Імперыі ён займаўся гувернёрствам і быў на службе ў Марскім ведамстве. Пазнаёміўся з А. Міцкевічам і Т. Шаўчэнкам. У 1839 г. стаў выдаўцом-рэдактарам альманаха “Незабудка”. У яго першым выпуску былі надрукаваны творы ўраджэнцаў Віцебшчыны, але пераважалі польскамоўныя творы самога Я. Баршчэўскага. Сярод іх – санеты “Кветкі”, “Пакута”, “Ноч”, “Дзень”, “Развітанне”, а таксама заснаваныя на беларускіх паданнях балады “Дзве бярозы”, “Курганы”, “Рыбак”, “Роспач”, “Зарослае возера” і інш. Ян Баршчэўскі задумаў расказаць пра Беларусь, абудзіць у сэрцах землякоў пачуццё любві да роднага краю. Цыкл апавяданняў-прытчаў склаў зборнік “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” (1844–1846). Якіх толькі гісторый не перадаў у ім аўтар! І пра чарнакніжніка, што завітаў у ваколіцы Полацка, і пра цмока, які вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем, і пра багацея Карпа, што прадаў чорту душу. Падобнае сам не прыдумаеш. Калі і можа такое нарадзіць фантазія, дык толькі фантазія народа. Шмат сцяжынак Бацькаўшчыны прайшоў пісьменнік. Нічога не прамінаў, ні пра што не забываўся, бо ведаў, што за ўсім гэтым – нацыянальная гісторыя, сам дух народны. Ян Баршчэўскі запісваў паданні, як і чуў, па-беларуску, аднак у невялічкім, у некалькі радкоў, уступе да першага апавядання агаварыўся: “Не кожны чытач зразумее беларускую мову, дык гэтыя народныя апавяданні, якія пачуў я з вуснаў простага люду, вырашыў (наколькі змагу) у даслоўным перакладзе напісаць па-польску”*. Паводле слоў Р. Падбярэскага, гэты твор “не датычыць прама ні гісторыі, ні літаратуры, ні мовы Беларусі, але рэчы больш важнай, а менавіта духу і паэзіі народа...”**.
Па невядомых прычынах выйшлі толькі чатыры тамы “Шляхціца Завальні...”. Пяты і шосты, ужо падрыхтаваныя аўтарам, так і не пабачылі свету. Пасля выдання чацвёртай кнігі Я. Баршчэўскі пакінуў Пецярбург і пераехаў на Украіну. Апавяданні-прытчы, не выкарыстаныя ў “Шляхціцы Завальні...”, склалі яго аповесць “Драўляны дзядок і кабета Інсекта” (1844–1847). На Украіне пісьменнік жыў у маёнтку Чуднава графаў Жавускіх на Валыні. Тут ён шмат вандраваў па наваколлі, вынікам чаго стала аповесць “Душа не ў сваім целе” (1848). Крыху раней была напісана драматычная паэма “Жыццё сіраты”, у якой, як і ў “Шляхціцы Завальні...”, выразна бачны алегарычны вобраз Беларусі. Гэтыя творы разам з баладамі склалі выдадзеную ў 1849 г. першую частку кнігі “Проза і вершы”. Другая частка так і не была надрукавана. У канцы саракавых гадоў пісьменнік захварэў на сухоты і памёр. Пахаваны ў Чуднаве на парафіяльных могілках.
Ян Баршчэўскі пакінуў пасля сябе багатую літаратурную спадчыну і адыграў адметную ролю ў станаўленні беларускага літаратурна-грамадскага руху ў 40-я гг. ХІХ ст.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2000 г., актуалізаваны ў 2010 г.
* Баршчэўскі Я. Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях / Ян Баршчэўскі. Мінск, 2009. С. 18.
** Пачынальнікі : з гіст.-літ. матэрыялаў ХІХ ст. / уклад. Г. В. Кісялёў. 2-е выд. Мінск, 2003. С. 68.