Дата нараджэння:
28.01.1940 Змітраўка, в., Клічаўскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерці:
21.08.2019
Кароткая даведка:
пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя К. Каліноўскага (1990) і Літаратурнай прэміі імя І. Мележа (1988)
Імёны на іншых мовах:
Дайнека Леонид Мартынович (руская); Дайнеко Леонид Мартынович (руская);
5134 сімвалы
Даведка
Леанід Мартынавіч Дайнека вядомы ў айчыннай літаратуры як майстар беларускага гістарычнага рамана. Нарадзіўся будучы пісьменнік у вёсцы Змітраўка 2-я Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння школы ў 1956 г. юнак працаваў на будоўлях Калінінграда і Свярдлоўскай вобласці. Скончыўшы тэхнічнае вучылішча ў Ніжнім Тагіле (1959), Л. Дайнека ўладкаваўся на працу на металургічны камбінат. У пачатку 1960-х гг. ён вярнуўся ў Беларусь і паступіў на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Пасля вучобы працаваў старшым рэдактарам на Віцебскай студыі тэлебачання, пераехаўшы ў Мінск – на Беларускім тэлебачанні, пазней – адказным сакратаром часопіса “Маладосць”, загадчыкам рэдакцыі паэзіі выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
Пачынаў свой шлях у літаратуры Л. Дайнека як паэт. Упершыню апублікаваўся ў 1961 г. Гэта быў верш, змешчаны на старонках газеты Уральскай ваеннай акругі “Красный боец”. У 1969 г. выйшаў яго першы паэтычны зборнік “Галасы”. Пасля былі іншыя кнігі паэзіі: “Бераг чакання” (1972), “Начныя тэлеграмы” (1974), “Мая вясна саракавая” (1979), “Вечнае імгненне” (1985). Своеасаблівым падвядзеннем вынікаў папярэдняга паэтычнага шляху стаў зборнік “Сняжынкі над агнём” (1989), куды ўвайшлі выбраныя вершы і паэмы. У сваіх зборніках аўтар паэтызуе гісторыю Бацькаўшчыны, захапляецца яе мінулым. Напачатку гістарычная тэматыка ў паэзіі Л. Дайнекі гучыць толькі няясным успамінам, ледзь чутным рэхам, але паступова аўтар звяртаецца да канкрэтных гістарычных асоб. Так, у паэме “Песня белага снегу”, што ўвайшла ў зборнік “Начныя тэлеграмы”, лірычны герой атаясамлівае сябе з Беларуссю, прапускае гісторыю Радзімы праз сябе, сваю душу. Паэт паказвае непарыўнасць сувязі мінулых стагоддзяў з сённяшнім днём. У зборніку “Вечнае імгненне” Л. Дайнека прысвяціў гістарычнай тэме цэлую нізку вершаў “Постаці гісторыі айчыннай”, у аснове якой ляжыць паэтызацыя вобразаў вядомых людзей беларускай мінуўшчыны, пра што самі за сябе гавораць назвы твораў “Вячка. 1224 год”, “Лышчынскі. 1689 год”, “Вецер. 1744 год”, “Грынявіцкі. 1881 год”, “У Полацку над Палатаю…”. Пазней многія матывы, што гучалі ў гэтых вершах, знойдуць свой працяг у гістарычных раманах пісьменніка.
У першай палове 1970-х гг. Л. Дайнека таксама піша празаічныя творы. Сваю першую кнігу апавяданняў ён назваў “Бацькава крыніца” (1976), якая дала выток магутнай празаічнай плыні. З-пад пяра майстра слова адзін за адным з’явіліся рэалістычныя раманы. Раманная дылогія “Людзі і маланкі” (1977) і “Запомнім сябе маладымі” (1979) раскрывае складаныя падзеі рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, барацьбы з акупантамі. У 1987 г. з’явіўся наступны раман “Футбол на замініраваным полі”, дзе сучаснасць пераплялася з ваенным мінулым. Канец 1980-х гг. лічыцца перыядам творчай сталасці пісьменніка. Менавіта з імем Л. Дайнекі даследчыкі звязваюць узнікненне ў беларускай літаратуры гістарычнага раманнага цыкла. У 1987 г. выйшаў раман “Меч князя Вячкі”, у 1988 – “След ваўкалака”, а ў 1990 – “Жалезныя жалуды”. Твор “Меч князя Вячкі” пераносіць чытача ў пачатак XIII ст., калі на Полацкае княства абрынулася крыжацкая навала. Большасць герояў твора – гістарычныя асобы. Да іх ліку адносіцца і галоўны герой рамана – князь Вячка, – мужны абаронца Полацкай зямлі, непрымірымы вораг крыжакоў. Пісьменнік паказвае яго як патрыёта, багатую і свабодалюбівую натуру. У творы “След ваўкалака” дзеянне адбываецца ў XI ст. Л. Дайнека адлюстраваў самы трагічны перыяд жыцця славутага полацкага князя Усяслава Чарадзея. Пісьменнік імкнуўся не столькі паказаць гістарычны фон, колькі раскрыць унутраны свет галоўнага героя. Князь паўстае ў рамане мудрым палітыкам, смелым воінам, адукаваным чалавекам. У рамане “Жалезныя жалуды” расказваецца пра суровае XIII ст., Навагародак і Менск, кунігасаў Міндоўга і Войшалка, князёў Ізяслава Навагародскага і Глеба Ваўкавыскага, нашых мужных продкаў, якія стаялі ля вытокаў толькі што народжанай балцка-славянскай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. У гістарычных раманах Л. Дайнекі адно з цэнтральных месцаў займае праблема сутыкнення веравызнанняў. Язычніцтва і хрысціянства, праваслаўе і каталіцтва драматычна перакрыжаваліся ў нашай гісторыі, іх стасункі і імкнуўся асэнсаваць раманіст. Звяртаючыся да гістарычнай тэматыкі, пісьменнік закранае праблемы патрыятызму, паказвае асобу, якая імкнецца знайсці сябе ў служэнні Бацькаўшчыне. Вартасцю гэтых кніг з’яўляецца таксама тое, што напісаны яны займальна, з напружанай інтрыгай, якая актывізуе дзеянне твора, узмацняе яго эмацыянальны тон.
За раман “Меч князя Вячкі” аўтар у 1987 г. атрымаў Літаратурную прэмію імя І. Мележа, а ў 1990 г. гэты твор і раман “След ваўкалака” былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя К. Каліноўскага. У 1992 г. з’явіўся раман “Чалавек з брыльянтавым сэрцам”, напісаны ў жанры фантастычнай прозы. На старонках часопіса “Маладосць” друкаваўся раман “Назаві сына Канстанцінам” (2008).
Творы Л. Дайнекі перакладзены на рускую, украінскую, польскую, англійскую, эстонскую, латышскую, літоўскую, армянскую, грузінскую і іншыя мовы.