Генрык Міхайлавіч Дмахоўскі адносіцца да тых выхадцаў з Беларусі, каго лёс вымусіў шмат вандраваць па свеце і здзіўляць яго сваім яскравым талентам і незвычайнай працаздольнасцю.
Дакладных звестак пра месца нараджэння Г. Дмахоўскага няма. Некаторыя даследчыкі лічаць, што ён нарадзіўся ў маёнтку Забалацце Міёрскага раёна Віцебскай вобласці. Па іншых звестках, месцам нараджэння лічыцца Вільня, дзе ў той час працаваў яго бацька. Асяроддзе, у якім рос хлопчык, – маляўнічыя мясціны Міёршчыны, дэмакратычныя і асветніцкія традыцыі, што панавалі ў сям’і Дмахоўскіх, – абудзіла ў яго душы любоў да мастацтва і прагу да свабоды. Бацька рабіў усё, каб Генрык рос сумленным чалавекам, і шмат увагі надаваў адукацыі сына: спачатку былі хатнія настаўнікі, потым вучоба ў Віленскім універсітэце, дзе Г. Дмахоўскі вывучаў права і жывапіс. Менавіта на гэты перыяд прыходзяцца і першыя спробы маладога чалавека авалодаць скульптурным майстэрствам: ёсць звесткі, што ён браў урокі ў віленскага скульптара К. Ельскага.
Скончыўшы Віленскі універсітэт (1828) са званнем доктара права, Г. Дмахоўскі актыўна ўключыўся ў рэвалюцыйны рух: удзельнічаў у паўстанні 1830–1831 гг., падрыхтоўцы новага ўзброенага выступлення (так званай экспедыцыі Ю. Заліўскага) у 1832–1833 гг. За рэвалюцыйную дзейнасць у Галіцыі быў асуджаны аўстрыйскімі ўладамі і пяць гадоў правёў у зняволенні. Прымаў удзел у падрыхтоўцы паўстання 1863–1864 гг.
Складаны лёс не зламаў Г. Дмахоўскага і, тым больш, не змог загубіць душу мастака. Таму, пасля вызвалення з турмы ў 1841 г. ён адправіўся ў Францыю, каб удасканаліць сваё майстэрства. Вучыўся ў мастацкай школе, наведваў майстэрні вядомых скульптараў, засвойваў іх тэхніку. Генрык Міхайлавіч дасягнуў значнага поспеху, аб чым сведчыць тое, што ў 1846–1847 гг. ён дапамагаў знакамітаму французскаму скульптару Рудэа ў стварэнні саркафага Напалеона І. Шмат працаваў Г. Дмахоўскі ў сваёй майстэрні, разец у яго ўмелых, таленавітых руках не ведаў спакою: ён стварыў барэльефы некаторых сваіх парыжскіх сяброў, з асаблівым стараннем і любоўю працаваў над барэльефам бацькі, зрабіў помнік В. Пяткевічу.
У 1852 г. Г. Дмахоўскі адправіўся ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Праз год ён пасяліўся ў Філадэльфіі, дзе жыў і працаваў пад псеўданімам Генры Д. Сандэрс. Гэта быў час, калі здзейсніліся спадзяванні аб лепшым жыцці: у Амерыцы Г. Дмахоўскі пазнаў кароткае сямейнае шчасце, і менавіта гэты перыяд быў самым плённым і паспяховым у яго творчай дзейнасці. Тут Г. Дмахоўскі меў сваю майстэрню, а ў 1856 г. арганізаваў уласную школу скульптараў. У сваіх творах ён, як і раней, распрацоўваў гераічную рэвалюцыйную тэматыку. Стварыў бюсты выдатных амерыканскіх дзеячаў Дж. Вашынгтона, Т. Джэферсана, Б. Франкліна, выканаў шмат медальёнаў з партрэтамі саноўных асоб. Да іншых работ эміграцыйнага перыяду адносяцца бюсты Т. Касцюшкі, К. Пуласкага, Т. Дзялынскага, скульптурная група “Гарыбальдзі з воінамі”, медаль “Апафеоз Т. Касцюшкі”. Шчасце, на жаль, было нядоўгім: у Філадэльфіі Г. Дмахоўскі пахаваў сваю жонку і дзяцей, на магіле якіх паставіў выдатны помнік з белага мармуру.
У 1861 г. скульптар вярнуўся на Радзіму. У Забалацці ён займаўся публіцыстыкай: перапісваўся з вядомым беларускім археолагам, этнографам і пісьменнікам А. Кіркорам, працаваў над перакладам навейшых замежных кніг па сельскай гаспадарцы і прамысловасці. У 1862 г. Г. Дмахоўскі адкрыў у Вільні майстэрню, дзе і былі створаны яго апошнія працы: бюсты паэта У. Сыракомлі і гісторыка М. Балінскага, статуя св. Уладзіслава, мадэль помніка Б. Радзівіл.
Імя Г. Дмахоўскага – таленавітага скульптара, чалавека, які пражыў насычанае падзеямі жыццё, – увайшло ў гісторыю не толькі беларускай, але і сусветнай культуры.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2010 г.