Ісай Паўлавіч (Пінхусовіч) Казінец нарадзіўся ў 1910 г. у г. Генічаск Херсонскай вобласці (Украіна) у сям’і рабочага. Бацька Ісая загінуў на Грамадзянскай вайне ў 1918 г. Праз чатыры гады сям’я пераехала ў г. Батумі (Грузія). Пасля вучобы (нафтавая сфера) служыў у Чырвонай арміі (1936–1937). З 1938 г. стаў членам ВКП(б), працаваў на прамысловых прадпрыемствах Калініна (цяпер г. Цвер), Горкага (цяпер г. Ніжні Ноўгарад). У 1939 г. пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР быў накіраваны ў г. Беласток на пасаду галоўнага інжынера абласной канторы нафтасбыту.
Пачатак Вялікай Айчыннай вайны Ісай Казінец заспеў у Беластоку. Жонку і дзяцей адправіў у эвакуацыю, а сам накіраваўся ў Мінск. Летам 1941 г. Ісай Казінец разам з начальнікам К.Д. Грыгор’евым (кіраўнік Галоўнафтасбыту) стварылі адну з першых падпольных груп у Мінску (групу «нафтавікоў»). Для канспірацыі Ісай Паўлавіч узяў сабе імя свайго загінулага сябра Вячаслава Юрыгіна, пасля чаго таварышы па падполлі сталі называць яго «Слаўка».
У лістападзе 1941 г. І. Казінец быў абраны сакратаром Мінскага падпольнага гарадскога камітэта КП(б)Б. Падпольшчыкі ўстанавілі сувязь з некаторымі партызанскімі атрадамі, якія дзейнічалі ў ваколіцах Мінска. Пад кіраўніцтвам І. Казінца праведзена больш за 100 дыверсійных акцый на Мінскім чыгуначным вузле і іншых аб’ектах акупантаў. Ісай Паўлавіч займаўся адпраўкай партызанам зброі, боепрыпасаў, медыкаментаў, папаўненнем асабістага складу, з’яўляўся адным з арганізатараў падпольнай друкарні, у якой быў наладжаны выпуск і распаўсюджванне лістовак, друкавалася падпольнае выданне «Веснік Радзімы». Падпольная дзейнасць І. Казінца была звязана з Мінскім гета, у якім таксама дзейнічала сетка падпольных груп. Дзякуючы яго намаганням быў арганізаваны выхад яўрэяў за межы горада.
У сакавіку 1942 года немцамі былі арыштаваныя многія кіраўнікі падполля, захоплены спісы і дакументы арганізацыі. Адзін з падпольшчыкаў выдаў І. Казінца. 26 сакавіка 1942 г. яго разам з астатнімі членамі падпольнага камітэта арыштавалі. Адстрэльваючыся пры арышце, Ісай Казінец забіў і параніў некалькі супрацоўнікаў гестапа. Падпольшчыкі падвергліся страшным катаванням у фашысцкіх засценках. 7 мая 1942 г. Ісай Паўлавіч Казінец і яшчэ 28 удзельнікаў падполля былі павешаны ў гарадскім скверы.
У гонар Героя-падпольшчыка названы вуліца і плошча г. Мінска. На доме № 1 па вул. Казінца ўстаноўлена мемарыяльная дошка. У 1979 г. у памяць усіх падпольшчыкаў, якія загінулі за гады акупацыі Беларусі, на месцы гібелі І. Казінца, у Аляксандраўскім скверы, усталяваны памятны знак.
Писатель Иван Новиков посвятил Исаю Казинцу и его товарищам первую часть трилогии «Минский фронт» – «Руины стреляют в упор». По этой книге режиссером Виталием Четвериковым был снят 6-тисерийный фильм «Руины стреляют...» (киностудия «Беларусьфильм», 1970–1972).
Пісьменнік Іван Новікаў прысвяціў Ісаю Казінцу і яго таварышам першую частку трылогіі “Минский фронт” – “Руины стреляют в упор”. Па гэтай кнізе рэжысёрам Віталем Чацверыковым быў зняты 6-цісерыйны фільм “Руіны страляюць...” (кінастудыя “Беларусьфільм”, 1970–1972).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.