Дата нараджэння:
22.05.1900 Ізабалёва, в., Пухавіцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
26.12.1937
Кароткая даведка:
краязнавец, лексікограф, мастацтвазнавец, літаратуразнавец, этнограф, укладальнік першага беларускага дапаможніка па тэорыі літаратуры "Узоры для літаратурных гурткоў пры "Маладняку" і гурткоў селькораў" (1927)
Псеўданімы:
Волмар М.; Смалярскі М.; Стаход А.
Імёны на іншых мовах:
Касперович Николай Иванович (руская);
Крыптанімы:
К-ч; К.М.; М.І.; М.І.К.; М.К-ч; М.К.
5555 сімвалаў
Даведка
Выдатны беларускі навуковец Мікалай Іванавіч Каспяровіч пакінуў значны след у гісторыі культуры Беларусі. Ён належаў да вучоных шырокага творчага дыяпазону, яго цікавіла літаратура, мова, архітэктура, жывапіс.
Нарадзіўся М. Каспяровіч у маёнтку Ізабалёва Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) у сям’і арандатара. У 1912 г. скончыў Багушэвіцкую царкоўнапрыходскую школу, у 1917 г. – Ігуменскае вышэйшае пачатковае вучылішча, працаваў настаўнікам і вучыўся на літаратурна-мастацкім аддзяленні Мінскага педагагічнага інстытута, пасля заканчэння якога ў 1921 г. быў прызначаны інструктарам Наркамасветы БССР. З 1922 г. – інспектар Слуцкага, а затым Віцебскага акруговых аддзелаў народнай асветы. У Віцебску М. Каспяровіч выступіў ініцыятарам стварэння Віцебскай філіі Усебеларускага літаратурнага аб’яднання “Маладняк” і Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства і да пераезду ў Мінск быў старшынёй першай арганізацыі і вучоным сакратаром другой. Гэтыя аб’яднанні вялі разнастайную культурна-асветніцкую, творчую і навуковую работу. За кароткі час Віцебская філія “Маладняка” выдала два зборнікі твораў – “Пачатак” (1926) і “Світанне” (1927), а Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства – некалькі манаграфій і два зборнікі навуковых прац пад агульнай назвай “Віцебшчына”, у чым немалая заслуга М. Каспяровіча. Асабліва многа, нягледзячы на занятасць школьнымі і арганізацыйнымі справамі, пісаў ён сам.
У 1926 г. М. Каспяровіч быў адкліканы ў Мінск і прызначаны навуковым сакратаром Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце і сакратаром краязнаўчага часопіса “Наш край”. Кола яго службовых абавязкаў яшчэ больш пашырылася: гэта непасрэднае кіраўніцтва краязнаўчым рухам ва ўсёй Беларусі, рэдагаванне прысланых з месцаў краязнаўчых матэрыялаў, удзел у шматлікіх раённых, акруговых, рэспубліканскіх і ўсесаюзных краязнаўчых нарадах і з’ездах, частыя камандзіроўкі ў розныя рэспублікі і нават за мяжу для азнаямлення з пастаноўкай там краязнаўчай работы, навуковыя экспедыцыі па зборы матэрыялаў па планавых навуковых тэмах. У 1930 г. М. Каспяровіч быў арыштаваны і высланы на 5 гадоў за межы Беларусі. Пасля адбыцця пакарання працаваў у Новасібірску выкладчыкам рускай мовы і літаратуры. У 1937 г. арыштаваны зноў і асуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны па першым прыгаворы ў 1960 г. Вярхоўным судом БССР, па другім – у 1958 г. Ваенным трыбуналам Сібірскай ваеннай акругі.
Навуковая дзейнасць М. Каспяровіча працягвалася фактычна ўсяго восем гадоў, але была вельмі плённай. За гэты невялікі перыяд ён апублікаваў больш за 230 прац – манаграфій, артыкулаў, рэцэнзій, навуковых паведамленняў. Значны ўклад вучоны зрабіў у беларускае мовазнаўства. Ён аўтар некалькіх лінгвістычных артыкулаў і слоўнікаў – “Беларуска-расійскага слоўнічка” (1925), “Віцебскага краёвага слоўніка”, “Слоўнічка ўласных найменняў” (абодва 1927). Даследаваў М. Каспяровіч гісторыю беларускага выяўленчага мастацтва, архітэктуру, сучасную графіку: артыкулы “Беларускае малярства ў Польшчы” (1925), “Асноўныя моманты гісторыі беларускага дойлідства”, “Мінск у графіцы А. М. Тычыны” (абодва 1927) і інш. Ён таксама аўтар наступных нарысаў па гісторыі тэатра, навукі: “Беларуская навука да Кастрычніка і пасля яго” (1927), “Беларуская культура: да дзесяцігоддзя абвяшчэння БССР” (1928), “Уладзіслаў Галубок” (1929). М. Каспяровіч праявіў цікавасць да праблемы станаўлення нацыянальнай беларускай літаратуры. З’явіліся артыкулы “Матывы барацьбы ў творчасці М. Багдановіча” (1927), “Беларуская літаратура ў Латвіі” (1928). У 1927 г. выйшаў з друку першы беларускі дапаможнік па тэорыі літаратуры «Узоры для літаратурных гурткоў пры “Маладняку” і гурткоў селькораў» (1927), укладальнікам якога быў М. Каспяровіч. Асобным жанрам у спадчыне вучонага сталі нарысы пра вандроўкі па розных мясцінах Беларусі, у якіх адчуваецца любоў да роднага краю, заклапочанасць яго лёсам. Самай значнай працай, якой займаўся навуковец на працягу цэлага дзесяцігоддзя, стала кніга “Краязнаўства” (1929). Яна не страціла сваёй каштоўнасці і да сённяшняга часу, зрабіўшыся вынікам усёй вельмі бурнай, але непрацяглай дзейнасці М. Каспяровіча па вывучэнні роднага краю. Тут змешчаны не толькі падрабязная гісторыя беларускага краязнаўства, але і адзнака яго сучаснага (на момант выдання) стану, метадычныя парады па яго арганізацыі.
Вучонаму належыць значнае месца ў станаўленні краязнаўчай бібліяграфіі ў Беларусі. Ён абагульніў і выклаў асноўныя моманты тэорыі і методыкі бібліяграфавання краязнаўчай літаратуры. На старонках часопіса “Наш край”, “Асвета” і іншых друкаваліся бібліяграфічныя спісы, рэфератыўныя агляды. Некаторыя навукова-даследчыя і метадычныя працы М. Каспяровіча суправаджаліся спісамі літаратуры. Ён склаў таксама бібліяграфію твораў К. Каганца, бібліяграфічны слоўнік у дзвюх частках, “Бібліяграфію Віцебшчыны” (разам з М. Багародскім) і інш.
Не ўсе завершаныя і падрыхтаваныя М. Каспяровічам да друку навуковыя працы пабачылі свет. Некаторыя з іх не былі своечасова апублікаваны і потым згубіліся. З друкаваных і іншых крыніц вядомы такія: манаграфія пра беларускі арнамент; манаграфія пра краязнаўчы рух, асвету і культуру Фінляндыі і ў прыбалтыйскіх краінах; зборнік нарысаў “На мастацкім шляху”; зборнік крытычных артыкулаў “Іскры”; зборнік звыш 500 беларускіх народных казак і легенд уласнага запісу; манаграфія па гісторыі вугальных распрацовак у Сібіры. Аднак і тое, што М. Каспяровічам створана і апублікавана, не страціла сваёй навуковай каштоўнасці па сённяшні дзень.