Імя Кандрата Лейкі да нядаўняга часу шырокаму колу чытачоў было невядома. Лёс не шкадаваў яго пры жыцці, а пасля смерці надышлі доўгія гады забыцця. Але апошнія звесткі пра жыццё і дзейнасць Кандрата Тодаравіча сведчаць пра яго яскравы талент і даюць магчымасць вярнуць беларускай літаратуры цікавага пісьменніка. Кажучы словамі Алега Лойкі, Кандрат Лейка – гэта “першы беларускі дзіцячы паэт, заснавальнік рэпертуару беларускага нацыянальнага тэатра для дзяцей, арыгінальны паэт і празаік, які сваёй шматжанравай творчасцю пачынаў і значна ўзбагаціў новую беларускую літаратуру другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст.”*.
Нарадзіўся будучы пісьменнік у мнагадзетнай сялянскай сям’і ў вёсцы Збочне на Слонімшчыне. Бацька цяжка хварэў, таму ўсю працу па гаспадарцы выконвала маці. Яна вельмі любіла дзяцей, была добрай і ласкавай, і да яе вобраза К. Лейка не раз звяртаўся ў сваіх творах. Спачатку К. Лейка вучыўся ў Азярніцкім народным вучылішчы, пасля заканчэння якога яго як лепшага вучня накіравалі ў 1876 г. у Свіслацкую настаўніцкую семінарыю. У 1879 г. будучы пісьменнік скончыў гэту навучальную ўстанову і пяць гадоў працаваў настаўнікам у мястэчку Косаве. Тут ён пачаў пісаць вершы для дзяцей на беларускай мове. Да сённяшніх дзён захаваліся яго вершы “Сарока”, “Песня ластаўкі”, “Бусел” і іншыя, датаваныя 1883 г., у якіх аўтар выкарыстаў прыёмы фальклорнай паэтыкі і сімволікі, народныя павер’і і варажбу.
У 1884 г. у сувязі з абвастрэннем хваробы (рэўматызм) па парадзе ўрачоў К. Лейка вырашыў пераехаць на Харкаўшчыну, дзе клімат больш сухі і цёплы. Тут ён працаваў настаўнікам у Лініўскім і Аснавянскім народных вучылішчах. Знаходзячыся далёка ад Радзімы, пісьменнік не забываў пра родную мову. Менавіта ў гэты час з’явіліся паэтычныя творы, напісаныя па-беларуску і прысвечаныя птушкам, свойскім жывёлам (“Журавель”, “Птушкі”), а таксама сатырычныя вершы (“Рабко” і інш.). У 1896 г. К. Лейка вытрымаў экзамен на званне настаўніка павятовага вучылішча і быў прызначаны інспектарам Харкаўскага вучылішча сляпых дзяцей. На гэтай пасадзе зарэкамендаваў сябе як вопытны педагог і выдатны спецыяліст. Ён уважліва вывучаў псіхалогію сляпых дзяцей, распрацаваў сваю методыку навучання. Шмат увагі надаваў фізічнаму выхаванню, бо лічыў, што з дапамогай гімнастычных практыкаванняў можна пазбавіцца дэфектаў каардынацыі. Праводзіў для дзяцей экскурсіі ў поле, лес, арганізоўваў паездкі ў Палтаву і Кіеў. Найбольш таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак на свой страх і рызыку пачаў навучаць музыцы. У час працы ў вучылішчы К. Лейка слухаў лекцыі ў Харкаўскім універсітэце, скончыў спецыяльныя курсы ў Пецярбургу. У гэты ж час пісьменнік друкаваўся ў часопісе “Слепец”, газетах “Школа и жизнь” (Пецярбург), “Харьковские губернские ведомости” і “Южный край” (Харкаў). У 1893 г. выдаў падручнік “Руская азбука”. На сённяшні дзень захаваліся яго педагагічныя артыкулы “Экскурсия воспитанников и воспитанниц Харьковского училища слепых в Киев”, “Подвижник народной школы”, “Основа”, “Письмо в редакцию”, “О правовом положении слепых в России”. Ёсць звесткі, што некаторы час працаваў выкладчыкам рускай мовы ў Елізаветградскім камерцыйным вучылішчы і прыватнай жаночай гімназіі. З 1911 г. К. Лейка – загадчык вучэбнага аддзела ў Валкаўскім павятовым земстве Харкаўскай губерні. Гэты час быў асабліва плённы для пісьменніка. Ён дасылаў свае матэрыялы ў розныя беларускія таварыствы і выдавецтвы, перапісваўся з Л. Дубейкаўскім, Г. Леўчыкам, Я. Купалам. У гэтым жа годзе ў “Нашай ніве” былі надрукаваны апавяданне пісьменніка “Успамін” і верш “Зязюлька”. Шэраг апублікаваных у газеце твораў (“Кульгавы дзядзька Раман”, “Таклюся-сухотніца”) з падзагалоўкамі “Беларускія тыпы” грунтуюцца на непасрэдным веданні вясковага побыту і маральных норм працоўнага сялянства, што ўсвядоміла сябе беларусамі і імкнулася да адукацыі на роднай мове, спалучала шчырую веру ў Бога з даўнімі традыцыямі народнай культуры. Творы К. Лейкі па-свойму філасофскія і псіхалагічныя, разнастайныя па жанры і тэматыцы. Некаторыя з іх, асабліва вершы, напісаны з гумарам, выкарыстаннем элементаў фальклору, маюць баечную мараль:
Бусел, бусел, галяндач,
Пайшоў жыта аглядаць.
Яшчэ жыта зеляно,
Буслу ногу адняло.
Скача бусел на кію,
Кляне долечку сваю.
Адметным творам, які паклаў пачатак беларускай нацыянальнай драматургіі для дзяцей, з’яўляецца п’еса К. Лейкі для лялечнага тэатра “Снатворны мак”, якая выйшла ў 1912 г. у Вільні асобным выданнем. У ёй аўтар выкарыстаў паэтыку народных казак пра жывёл і чарадзейных казак, міфапаэтычную традыцыю, паводле якой усе жывыя істоты маюць душу і свой характар, фальклорныя алегорыі і сімвалы. У 1914 г. па прапанове Я. Купалы К. Лейка рыхтаваў да друку зборнік сваіх твораў “Засеўкі”, выхаду якога перашкодзіла Першая сусветная вайна.
Творчае шчасце гэтага перыяду было азмрочана смерцю маладой жонкі (1916) і разлукай з адзіным сынам Віталем, якога на выхаванне забрала на Палтаўшчыну родная сястра жонкі. У 1918 г. К. Лейку паралізавала і яму давялося пераехаць на Валынь да свайго брата Івана. Пісьменнік моцна перажываў, што быў прыкаваны да ложка, але нават хворы ён не пераставаў пісаць. У 1921 г. К. Лейка падрыхтаваў 8 сшыткаў сваіх твораў – апавяданняў, вершаў, казак. Але асобным зборнікам яны так і не выйшлі, а многія з іх проста згубіліся. Усёй душой імкнуўся хворы пісьменнік на сваю Радзіму: “Падацца на Бацькаўшчыну, жыць там паміж сваіх братоў, умерці і легчы ў магілу на сваёй зямлі – о, якая б гэта была для мяне радасць, шчасце...”*. Але яго мара так і не збылася. Памёр К. Лейка ў мястэчку Здалбунаве на Украіне, дзе і быў пахаваны.
Проза пісьменніка вызначаецца паглыбленнем у сацыяльныя канфлікты, пытанні агульнакультурнага, нацыянальнага жыцця, паводзіны чалавека, яго ўнутраны свет. У творах К. Лейка выступае не толькі назіральным бытапісальнікам, але і лірыкам, гумарыстам, сатырыкам.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2010 г.
* Лойка, А. А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд : у 2 ч. / А. А. Лойка. 2-е выд., дапрац. і дап. Мінск, 1989. С. 409.
* Чыгрын, С. М. Пакліканыя на родны парог : гіст.-краязн. арт. / Сяргей Чыгрын. Мінск, 2005. С. 18.