Дата нараджэння:
06.05.1940 Шоўкавічы, в., Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць
Кароткая даведка:
пісьменнік, заслужаны дзеяч культуры Беларусі (2017), выдатнік адукацыі (2012), лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Маўра (1993), Літаратурнай прэміі імя В. Віткі (1997), Міжнароднай прэміі А. Швейцара (1998), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя К. Каліноўскага (2000), прэміі Дзіцячага фонду міжнароднай асацыяцыі Дзіцячых фондаў (2005), Літаратурнай прэміі імя А. Грына (2008, Расія), кавалер ордэна св. Дзімітрыя (Расія), Ф. Скарыны (2007)
Псеўданімы:
Радзюкевіч У.
Імёны на іншых мовах:
Липский Владимир Степанович (руская);
5955 сімвалаў
Даведка
Годна працягвае і ўзбагачае гуманістычныя традыцыі беларускай літаратуры выдатны пісьменнік і публіцыст, аўтар кніг для дзяцей і дарослых Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі.
Нарадзіўся будучы пісьменнік у сялянскай сям’і ў вёсцы Шоўкавічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці, якая ў час Вялікай Айчыннай вайны была спалена гітлераўцамі датла, але дзякуючы своечасоваму папярэджанню партызан большасць яе жыхароў выратавалася. Скончыў Мінскі тэхнікум харчовай прамысловасці і чатыры гады адпрацаваў на Гарадзейскім цукровым заводзе. Ужо тады юнак сур’ёзна захапіўся журналістыкай. Супрацоўнічаў у нясвіжскай раённай газеце “Чырвоны сцяг” і адначасова вучыўся на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, які закончыў у 1966 г. Некаторы час быў на камсамольскай рабоце. Два гады (1976–1978) працаваў адказным сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1978 г. У. Ліпскага прызначылі галоўным рэдактарам часопіса “Вясёлка”, які больш чым за 30 гадоў яго кіравання выйшаў на ўзровень лепшых дзіцячых часопісаў Еўропы. Амаль дваццаць гадоў з’яўляецца У. Ліпскі нязменным старшынёй праўлення Беларускага дзіцячага фонду і віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў (лаўрэат прэміі гэтай асацыяцыі 2005 г.). Ён член Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці з дня яе заснавання. За высакародныя справы міласэрнасці на карысць дзяцей, заложнікаў чарнобыльскай трагедыі адзначаны прэстыжнай Міжнароднай прэміяй Альберта Швейцара (1998), ордэнам Святога царэвіча Дзімітрыя (1997).
У рэспубліканскім друку У. Ліпскі дэбютаваў у 1964 г., а ў 1971 г. выйшла яго першая кніга публіцыстыкі “Райкомаўскія будні”, у тым жа жанры былі напісаны яго наступныя кнігі “Дзень за днём” (1973), “Знайдзі сябе” (1974), “Якое яно, шчасце?” (1977). Ёсць у пісьменніка кнігі нарысаў “Прыдзвінскі цуд” (1975), “Высокія зоркі” (1981). На дакументальным матэрыяле напісаны яго кнігі “Раны” (1987), “Люби меня при всякой доле” (1989, сумесна з Б. Чалым) і інш. Большасць з іх – дакументальныя біяграфіі людзей, здольных пераадольваць цяжкасці, самааддана служыць Радзіме, навуцы, мастацтву. Герою Савецкага Саюза З. Тусналобавай-Марчанка прысвяціў пісьменнік кнігу “Крутыя вёрсты” (1980), беларускаму вучонаму, акадэміку В. Ф. Купрэвічу – кнігу “Урокі Купрэвіча” (1987). Будзённы подзвіг кіраўніка Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, дэпутата парламента А. І. Нятылькіна, які ў 11 гадоў страціў зрок, але з годнасцю прайшоў складаны шлях жыцця, У. Ліпскі адлюстраваў у кнізе “Сын дня” (2002), а ў кнігах “Басанож па зорках” (2000) і “Игорь Лученок: мелодия души” (2008) прасачыў за ўзнясеннем на арбіту сусветнага прызнання нашага славутага кампазітара І. Лучанка.
Найбольшае месца ў творчасці пісьменніка адводзіцца дзецям. Грамадскія пасады далі магчымасць У. Ліпскаму глыбей зазірнуць у выключна актуальныя і вельмі балючыя праблемы дзяцінства. Пісьменніка хвалюе лёс сям’і ў сучасным грамадстве, дзяцей-сірот, асабліва пры жывых бацьках, дзяцей-інвалідаў, чарнобыльцаў. Усё гэта знайшло адлюстраванне ў яго кнігах “Падкідыш” (1992), “Бацькі і дзеці” (1995), “Мама. Малітва сына” (1999), “Бацька. Пісьмы сына” (2004). У іх аўтар выклікае на споведзь бацькоў і маці, выступае супраць бяздушнасці, абыякавасці ў дачыненні да дзяцей, прыводзіць прыклады мацярынскай і бацькоўскай самаадданасці, успамінае ўласнае дзяцінства, бацьку і маці. Пра карані сваёй сям’і, сваіх прадзедаў і прапрадзедаў расказвае пісьменнік у кнізе “Я: праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод” (1998). У ёй ён прасачыў радавод роду Ліпскіх на працягу сямі стагоддзяў. У якасці эпіграфа да кнігі выкарыстаў народнае выслоўе: “Калі не ведаеш, адкуль прыйшоў, то не ведаеш куды пойдзеш”, якое раскрывае ідэйны змест твора.
Асобным напрамкам літаратурнай дзейнасці У. Ліпскага стала яго творчасць як дзіцячага пісьменніка. У розны час ім былі напісаны казкі, аповесці і цыклы апавяданняў, загадкі, жарты. Сярод іх – “Клякса-Вакса і Янка з Дзіўнагорска” (1982), “Рыгоркавы прыгоды” (1974), “Марынчына казка” (1977), “Вясёлая азбука” (1992), “Пра Андрэйку Добрыка і чорціка Дуроніка” (1993), “Антонік-Понік” (1998), “Каралева белых прынцэс” (2000), “Прыгоды Нуліка” (2007). Пісьменнік пісаў іх для ўласных дзяцей і ўнукаў, для маленькіх жыхароў Беларусі, з якімі ўжо шмат гадоў вядзе гаворку на старонках часопіса “Вясёлка”. Усе гэтыя творы займальныя, дынамічныя са шматлікімі прыгодамі і неверагоднымі здарэннямі. Для дзяцей У. Ліпскі зрабіў пераказ біблейскіх гісторый “Як Бог стварыў свет” (1993), расказаў пра іх радзіму Беларусь і яе асобныя рэгіёны ў кнігах “Я тут жыву” (2008) і “Свіцязянская русалка” (2009); пра народнага паэта Беларусі Янку Купалу – “Янкаў вянок” (2009). За выданні для дзяцей “Пралескі ў небе” і “Каралева белых прынцэс”, а таксама за кнігі “Мама. Малітва сына” і “Я: праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод” У. Ліпскаму была прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь імя К. Каліноўскага 2000 г., за кнігі “Вясёлая азбука” і “Падкідыш” – Літаратурная прэмія імя Я. Маўра 1993 г., за аповесць “Загадкавы чалавечак” – Літаратурная прэмія імя В. Віткі 1997 г. Ён таксама лаўрэат Расійскай літаратурнай прэміі імя Аляксандра Грына (2008 г.). У 2007 г. Уладзімір Сцяпанавіч быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.
Цікавай старонкай творчасці пісьменніка стала выдадзеная ім у 1995 г. кніга “Аўцюкоўцы”, якую склалі жарты, анекдоты, прыпеўкі, дражнілкі, вясёлыя, а часам і сумныя гісторыі, запісаныя з вуснаў жыхароў вёсак Малыя і Вялікія Аўцюкі (Калінкавіцкі раён). Пасля яна дапаўнялася і неаднаразова перавыдавалася. Дзякуючы гэтай кнізе Аўцюкі сталі вядомым на ўвесь свет цэнтрам беларускага народнага гумару, як, напрыклад, Габрава ў Балгарыі. Па ініціятыве У. Ліпскага ў Аўцюках пачынаючы з 1995 г. праводзяцца ўсебеларускія фестывалі народнага гумару (прайшло ўжо шэсць фестываляў), пастаянным старшынёй журы якіх з’яўляецца У. Ліпскі, ганаровы грамадзянін Калінкавіцкага раёна.