Дата нараджэння: 17.04.1940 Мінск, г.
Дата смерці: 02.03.2011
Кароткая даведка: кінарэжысёр, педагог, сцэнарыст, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1978), заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі
Імёны на іншых мовах: Рубинчик Валерий Давидович (руская); Рубинчик Валерий Давыдович (руская);
Самы актыўны і плённы перыяд працы Валерыя Давыдавіча Рубінчыка звязаны з Нацыянальнай кінастудыяй “Беларусьфільм”. Мастацкая спадчына майстра – гэта цудоўныя кінафільмы, якія вызначаюцца сваёй разнажанравасцю, захапляльнай сюжэтнай лініяй, яркасцю вобразаў і глыбінёй пачуццяў. Яны займаюць дастойнае месца ў сучасным кінематографе і складаюць залаты фонд беларускага кінамастацтва.
Нарадзіўся В. Рубінчык у Мінску ў сям’і музычнага, тэатральнага дзеяча. Яшчэ падлеткам пачаў працаваць на кінастудыі “Беларусьфільм” – прымаў удзел у здымках кінастужак “Гадзіннік спыніўся апоўначы” М. Фігуроўскага, “Чырвонае лісце” У. Корш-Сабліна. У 1959 г. паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, які скончыў у 1961 г. Потым вучыўся на рэжысёрскім факультэце Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі (УДІК), дзе займаўся ў майстэрні Я. Сегеля. Яго дыпломнай працай стаў фільм “Шостае лета” (1968).
У 1969 г. В. Рубінчык вярнуўся ў Мінск на родную кінастудыю, дзе працаваў памочнікам рэжысёра, асістэнтам і другім рэжысёрам. У гэтым жа годзе зняў сваю першую самастойную стужку – тэлевізійны кароткаметражны фільм “Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў” па матывах апавядання У. Іванова, які стаў прыкметным дэбютам у беларускім кіно. Пасля гэтай карціны В. Рубінчык звярнуўся да маштабнай тэмы, складаных легендарна-гістарычных вобразаў у сваёй вялікай кінарабоце “Магіла льва” (1971) паводле Я. Купалы. Фільм запомніўся гледачам дасціпнасцю кадраў, узнаўленнем побыту славян XII–XIII стст., арыгінальнасцю задумы. У беларускім кіно стужка стала першапраходніцкай па засваенні новай тэмы і стылістыкі. Яна адкрыла маладому рэжысёру шлях у вялікі кінематограф, але В. Рубінчыку хацелася выпрабаваць свае сілы ў тэлевізійным ігравым кіно. Адным з першых беларускіх тэлесерыялаў прыгодніцка-дэтэктыўнага жанру стаў трохсерыйны фільм “Апошняе лета дзяцінства” (1974) пра падзеі, што адбываліся ў час грамадзянскай вайны. Ён ствараўся як працяг фільмаў “Корцік” і “Бронзавая птушка” рэжысёра М. Калініна па аднайменных творах А. Рыбакова. Знойдзеныя ў тэлефільме стылявыя прыёмы і выразныя сродкі былі выкарыстаны і ў наступных кінастужках. У 1975 г. быў зняты фільм “Гамлет Шчыгроўскага павета” паводле “Запісак паляўнічага” І. Тургенева. Пастаноўшчыку дакладна ўдалося паказаць дваранскі побыт, у якім быццам матэрыялізаваўся сам час. У фільме “Вянок санетаў” (1976), паводле аповесці В. Муратава “Мы ўцякалі на фронт” дасягнута пэўная ступень мастацкага самаўяўлення аўтара і гарманічнасці кінематаграфічных сродкаў. Рэжысёр пабудаваў ваенны фільм, у якім гучаць вершы Б. Ахмадулінай, як вянок санетаў, дзе канец аднаго верша ёсць пачатак наступнага. Асаблівы поспех выпаў на долю кінастужкі “Дзікае паляванне караля Стаха” (1979) паводле аднайменнай аповесці У. Караткевіча, твора незвычайнага па рамантычнай узнёсласці, асаблівай экспрэсіі, бурлівай дынаміцы сюжэта. Карціна трапляла з аднаго кінафестывалю на другі, атрымлівала замежныя Гран-пры і дыпломы ў самых розных жанрах. Пошукі новага матэрыялу для сцвярджэння сваёй тэмы, свайго героя, сваіх мастацкіх поглядаў увасобіліся ў наступных фільмах: “Культпаход у тэатр” (1982), “Камічны палюбоўнік, або Любоўныя штукарствы сэра Джона Фальстафа” (1984), “Адступнік” (1987), “Камедыя пра Лісістрату” (1989), “Нялюбасць” (1991), “Пейзаж з трыма купальшчыцамі” (1995), “Мастак Барыс Забораў” (дакументальны, 1995) і інш. На працягу ўсёй творчасці В. Рубінчыка тэлевізійная і кінематаграфічная плыні суіснавалі амаль раўнаважна і ўплывалі адна на адну. Асаблівасцямі яго стылю з’яўляюцца насычаная паэтычнымі падрабязнасцямі і багатай прадметнай фактурай эпохі жывапіснасць кадра, арыгінальны гукапластычны кантрапункт. Галоўным адрозненнем усіх фільмаў В. Рубінчыка было ўменне шукаць і знаходзіць неардынарныя рашэнні для тых ці іншых сцэн і эпізодаў, такія вобразы і дэталі, якія напаўнялі стужкі сапраўдным, поўным жыццём. Тэлефільмы адметныя мастацкай вытанчанасцю, метафарычнасцю, музычнай пластыкай кінакадра, спалучэннем лірыкі і іроніі. Гэты выдатны майстар здолеў аб’яднаць у сваіх стужках вострасюжэтнасць, глыбіннае аўтарскае бачанне і філасофскія расповеды аб навакольным свеце. Паспрабаваў свае сілы і як акцёр. Ён зняўся ў фільмах “Прыгоды Тома Соера і Гекльберы Фіна” (1981), “Летнія ўражанні аб планеце Z” (1986), “Афіцыянт з залатым падносам” (1992).
З 1992 г. В. Рубінчык жыў і працаваў у Маскве. У апошняе дзесяцігоддзе зняў фільмы “Кіно пра кіно” (2002), “Нанкінскі пейзаж” (2006), “Мядзведжае паляванне” (2007), “Мутны мацярык” (2010). Паралельна з рэжысёрскай дзейнасцю займаўся выкладчыцкай. Быў кіраўніком аб’яднанай рэжысёрска-акцёрскай майстэрні УДІКа. Ён таксама выкладаў ва Усерасійскім інстытуце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі работнікаў кінематаграфіі, на Вышэйшых курсах сцэнарыстаў і рэжысёраў, з 1999 г. узначальваў майстэрню рэжысуры кіно і тэлебачання ў Інстытуце сучаснага мастацтва, а з 2004 г. стаў дэканам факультэта рэжысуры кіно і тэлебачання ў гэтай навучальнай установе.
Многія фільмы заслужанага дзеяча мастацтваў Расійскай Федэрацыі (1998), лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1978) адзначаны прызамі на шматлікіх міжнародных і айчынных кінафестывалях. Багатая палітра выяўленчых сродкаў, яркае эмацыянальнае напаўненне яго фільмаў, патрыятызм і жыццесцвярджальная сіла творчасці дазволілі В. Рубінчыку заняць ганаровае месца ў шэрагу знакамітых майстроў экрана, атрымаць заслужанае прызнанне кінагледачоў як у Беларусі, так і за яе межамі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.