Дата нараджэння:
каля 1550 Пяньчын, в., Навагрудскае ваяводства (цяпер в. Пянчын, Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць)
Дата смерці:
пасля 1599
Кароткая даведка:
паэт, заснавальнік панегірычнай паэзіі ў старажытнай беларускай літаратуры
Імёны на іншых мовах:
Рымша Андрей (руская);
4252 сімвалы
Даведка
Адным з заснавальнікаў жанру панегірычный паэзіі старажытнай беларускай літаратуры другой паловы XVI ст. стаў Андрэй Рымша.
Нарадзіўся ён у маёнтку Пенчын Навагрудскага ваяводства (цяпер Баранавіцкі раён) у шляхецкай сям’і. З біяграфічных звестак пра паэта вядома, што адукацыю, магчыма, атрымаў у Астрожскай школе на Валыні. З 1572 г. знаходзіўся на ваеннай службе ў гетмана Вялікага Княства Літоўскага Крыштофа Радзівіла Перуна. Разам ca сваім мецэнатам А. Рымша прымаў удзел у ваенных паходах. З 1589 г. па 1599 г. выконваў абавязкі падстарасты Біржаў – радавога ўладання Радзівілаў.
Маючы неблагія задаткі ў літаратуры, А. Рымша пачаў спасцігаць таямніцы вершаскладання панегірычнай паэзіі эпохі Адраджэння і барока. Ён добра валодаў яўрэйскай, лацінскай, беларускай і рускай мовамі. У 1581 г. выдаў сваю першую вершаваную “Храналогію” календарнага тыпу, дзе сцісла выкладзены біблейскія падзеі, што адбыліся ў пэўным месяцы года. Назвы месяцаў у творы даюцца на трох мовах – беларускай літаратурнай мове XVI ст., старажытнаяўрэйскай i простанароднай, блізкай да мовы тагачасных канцылярскіх папер. Да нас дайшоў толькі адзін экзэмпляр гэтага ўнікальнага твора, што захоўваецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу. У 1583 г. напісаў значную па памерах паэму на польскай мове, якая ў 1585 г. выдадзена ў Вільні пад загалоўкам “Decretewi acroama, або Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы… Крыштофа Радзівіла…”. Яна стала адным з найбольш удалых эпічных твораў пра ваенную кампанію 1572–1582 гг. у час Лівонскай вайны 1558–1583 гг. Андрэй Рымша стварыў вершаваную хроніку подзвігаў Крыштофа Радзівіла на працягу дзесяці гадоў, прасачыў удзел князя ў ваенных аперацыях. За пачатак аповеда выбраны 1572 г. таму, што ў гэтым годзе Крыштоф Радзівіл стаў польным гетманам літоўскім і з гэтага часу ў яго акружэнні з’яўляецца сам аўтар. Паэт апісаў цяжкасці ваенных паходаў, умовы жыцця ў лагерах, даў дэталёвае апісанне асобных батальных сцэн, што сведчыць пра здольнасць А. Рымшы да стварэння буйнамаштабных i складаных па кампазіцыі твораў. Мастацкай асновай “Дзесяцігадовай аповесці...” з’яўляецца прынцып гістарычнай дакладнасці. Даты многіх апісаных у паэме падзей падаюцца ў тэксце або на палях. Творчай удачай паэта з’яўляецца вобраз Крыштофа Радзівіла, створаны не прыдворным панегірыстам, а воінам-паплечнікам. Андрэй Рымша сцвярджае, што сапраўдны гераізм заключаецца не толькі ў незвычайных подзвігах, але і ў знешне непрыкметным штодзённым служэнні Айчыне. У паэме згадваюцца многія ўдзельнікі Лівонскай вайны, паплечнікі польнага гетмана літоўскага: Міхаіл Гарабурда, Гальяш Пельгрымоўскі, Кашпар Бекеш, Філон Кміта-Чарнабыльскі, але іх вобразы зусім неакрэсленыя, неразвітыя ў параўнанні з вобразам Крыштофа Радзівіла. Апавядаючы пра ваенныя аперацыі князя, А. Рымша робіць экскурсы ў старажытную гісторыю, згадвае тактыку Ганібала, Гая Сульпіцыя. Паэт ахвотна параўноўвае Радзівіла з легендарнымі героямі Грэцыі і Рыма, прычым ставіць польнага гетмана літоўскага вышэй за старажытных герояў. Побач з уласнымі назіраннямі і сведчаннямі аўтара вялікае месца ў “Дзесяцігадовай аповесці...” займаюць гістарычныя звесткі, а таксама малюнкі і сцэнкі, створаныя выключна з дапамогай паэтычнага вымыслу. У паэме згадваюцца і дзейнічаюць міфалагічныя істоты. Заканчваецца “Дзесяцігадовая аповесць...” апісаннем доўгачаканага міру.
Літаратурна-творчыя здольнасці А. Рымшы больш яскрава выявіліся ў “эпікграмах” – панегірычных творах на гербы А. Валовіча (1585), Л. Сапегі (1588), Ф. Скуміна (1591), выдадзеныя ў Віленскай друкарні Мамонічаў. У ідэйна-эстэтычным плане цікавы змест “эпікграмы” на герб Л. Сапегі, дзе паэт услаўляе гэтага магната як патрыёта i абаронца Вялікага Княства Літоўскага, якому пануючыя вярхі Рэчы Паспалітай, зыходзячы з актаў Люблінскай уніі 1569 г., адмаўлялі ў праве на дзяржаўную самастойнасць i адносную незалежнасць ад Польшчы.
Апошняя вядомая літаратурная праца А. Рымшы – пераклад з лацінскай на польскую мову твора А. Поляка “Хараграфія, або Тапаграфія... Святой зямлі…” (Вільня, 1595). Пяру паэта належаць і многія іншыя творы, што не дайшлі да нас. Вядомыя ж сёння – яскравае сведчанне яго шматграннага літаратурнага таленту.