Дата нараджэння:
1530-я ці пач. 1540-х г. Цяпіна, в., Чашніцкі раён, Віцебская вобласць
Дата смерці:
1599 ці 1600
Кароткая даведка:
гуманіст-асветнік, пісьменнік, кнігавыдавец, прадаўжальнік гуманістычных і культурна-асветніцкіх традыцый Ф. Скарыны
Варыянты імя:
Амельяновіч Васіль Мікалаевіч
Імёны на іншых мовах:
Омельянович Василий Николаевич (руская); Омельянович-Тяпинский Василий Николаевич (руская); Тяпинский Василий Николаевич (руская);
3599 сімвалаў
Даведка
Сярод дзеячаў эпохі Адраджэння і Рэфармацыі ў Беларусі асоба Васіля Мікалаевіча Цяпінскага займае адно з ганаровых месцаў у айчыннай гісторыі культуры і адукацыі. На жаль, многае з жыцця славутага гуманіста застаецца нявысветленым да нашага часу. Дакладна невядомы гады нараджэння і смерці пісьменніка. Ёсць меркаванні, што В. Цяпінскі (сапраўднае прозвішча Амельяновіч) нарадзіўся ў маёнтку Цяпіна на Полаччыне (цяпер Чашніцкі раён Віцебскай вобласці) у сям’і дробнага гаспадарскага баярына. Упершыню яго імя сустракаецца ў дакументах 1560-х гг. Васіль Цяпінскі атрымаў выдатную адукацыю, але назва навучальнай установы і яе месцазнаходжанне невядомы. Служыў малодшым афіцэрам коннай роты аршанскага старосты Ф. Кміты-Чарнабыльскага, у падканцлера Вялікага Княства Літоўскага А. Валовіча, троцкага ваяводы С. Збаражскага, прымаў удзел у Лівонскай вайне (1558–1583).
Як рэфарматар-гуманіст В. Цяпінскі актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю. Яго хвалявалі пытанні сацыяльнага і палітычнага жыцця тагачаснай Беларусі, паланізацыі беларускага народа, развіцця культуры і навукі, адукацыі простых людзей. Асветнік часткова падзяляў грамадска-палітычныя і рэлігійныя погляды С. Буднага, удзельнічаў у антытрынітарскіх сінодах 1570-х гг., дыспутаваў з прадстаўнікамі радыкальнай Рэфармацыі. Даследчыкі мяркуюць, што ў 1562 г. ён надрукаваў у Нясвіжы два творы С. Буднага: “Катэхізіс” і “Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам”. Кнігавыдавецкая дзейнасць В. Цяпінскага мела ярка выражаны патрыятычны характар, па сваёй сутнасці з’яўлялася працягам закладзеных Ф. Скарынам культурных, асветніцкіх і адукацыйных традыцый. У 1570-я гг. асветнік заснаваў друкарню, па меркаваннях даследчыкаў, у радавым маёнтку Цяпіне, дзе выпусціў перакладзенае ім на беларускую мову Евангелле (каля 1580). У выданне ўвайшлі Евангеллі ад Матфея, Марка і часткова ад Лукі. Твор надрукаваны паралельна на царкоўнаславянскай і беларускай мовах, забяспечаны 210 глосамі (тлумачэннямі незразумелых ці малазразумелых слоў), спасылкамі на літаратурныя крыніцы. Евангелле стылізавана пад віленскія выданні Ф. Скарыны: упрыгожана арнаментам, разнастайнымі ініцыяламі і шрыфтамі. Гэта было першае ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе выданне на беларускай і царкоўнаславянскай мовах самай знакамітай часткі Новага Запавету. Евангелле лічыцца шэдэўрам айчыннага кнігадрукавання, з’яўляецца каштоўнай крыніцай для даследаванняў культуры славянскіх народаў. Да твора В. Цяпінскі напісаў узнёслую прадмову (захавалася ў рукапісе), якая стала адным з лепшых узораў беларускай патрыятычнай публіцыстыкі XVI ст. У ёй пісьменнік узняў такія актуальныя для таго часу пытанні, як адраджэнне роднай мовы і самабытнасці культуры, абуджэнне гістарычнай і нацыянальнай свядомасці беларускага народа, абгрунтаваў неабходнасць асветы грамадства, прадставіў цэласную праграму рэфармавання сістэмы школьнай адукацыі з мэтай зрабіць навучанне больш даступным простым людзям на зразумелай для іх мове – беларускай. Асноўную прычыну цяжкага становішча і заняпаду Радзімы мысліцель бачыў у афіцыйнай палітыцы паланізацыі і акаталічвання беларусаў, якую падтрымлівалі мясцовыя феадалы. Патрыятызм В. Цяпінскага не быў абмежаваны ідэямі нацыянальнай ці дзяржаўнай выключнасці. Ён з павагай ставіўся да народаў усіх краін, падкрэсліваў гістарычную, культурную і моўную роднасць славянскіх народаў. Дзейнасць асветніка садзейнічала зараджэнню, уздыму і кансалідацыі шырокага нацыянальна-культурнага і патрыятычнага руху ў Беларусі ў канцы XVI – пачатку XVII ст., развіццю айчыннага кнігадрукавання і школьнай справы.